У Гродне гулянне расцягнулася на цэлую вуліцу
Гродзенцы не пайшлі за турнікет слухаць канцэрт, а рушылі шэсцем ад плошчы Савецкай да Леніна.
Нагадаем, сёння на Савецкай плошчы арганізавалі кірмаш беларускіх вытворцаў і канцэрт. Уся тэрыторыя плошчы ад раніцы была абнесена турнікетам. Побач, за домам быту, стаяў аўтазак. Металічную агароджу паставілі таксама і на плошчы Леніна.
А 19.00 гадзіне на ходніках паміж плошчай Савецкай і аднайменнай вуліцай сабралася блізу 300 чалавек. У гэты час з-за турнікетаў выйшлі людзі рознага ўзросту ў чырвоных і зялёных кепках і групкамі разышліся ў натоўпе. Праз паўгадзіны пачуліся першыя апладысменты. Плясканне і свіст імгненна падхапілі людзі па-за турнікетам. Адна група ў чырвона-зялёных кепках стала энэргічна размахваць сваімі галаўнымі ўборамі.
Праз некалькі хвілін, не спыняючы плясканне і свіст, гродзенцы рушылі па вуліцы Савецкай у бок плошчы Леніна. Шэсце выглядала вельмі відовішчна: канца калоны не было бачна.
Разышліся дэманстранты на перакрыжаванні Савецкай і Сацыялістычнай.