У ізалятары Алесь Пушкін намаляваў эскіз помніка Лапіцкаму
Мастак сёння выйшаў на волю пасля 10-сутачнага арышту ў Смаргоні.
Алесь Пушкін адбываў пакаранне за перфоманс на Дзень народзінаў Расціслава Лапіцкага – дзеяча антыкамуністычнага паваеннага падполля. Пушкіна сустрэлі мясцовыя актывісты ды паплечнікі з Мінска, апранутыя ў народныя строі. Падчас зняволення ён часу не губляў, а намаляваў цэлы альбом эскізаў, у тым ліку эскіз помніка Расціславу Лапіцкаму. Да ад’езда са Смаргоні мастак збіраецца наведаць мясцовую адміністрацыю і даведацца планы чыноўнікаў па ўшанаванні памяці Лапіцкага.
Нагадаем, у гадавіну народзінаў Расціслава Лапіцкага некалькі мастакоў прайшліся па вуліцах Смаргоні з партрэтамі змагара, што было расцэнена судом як несанкцыянаваная акцыя. Лапіцкі быў кіраўніком Смаргонска-Вілейскага незалежніцкага антыкамуністычнага падполля. Камуністы растралялі яго ў 1950 годзе.