Прысуд па справе кіроўцы, які збіў школьніка, абвесцяць у пятніцу

15.48. Забабура выступіў з апошнім словам. Ён сказаў, што прызнае толькі сваю маральную віну ў тым, што здарылася. Папрасіў у маці хлопчыка, у яго родных, прабачэння. Ён заявіў, што будзе аказваць ім усю магчымую дапамогу, незалежна ад рашэння суда.

Прысуд будзе абвешчаны ў пятніцу, 15 лютага,  а 15-й гадзіне.

15.37. Адвакат просіць апраўдаць Забабуру. Гаворыць, што калі суд палічыць вінаватым яго падабароннага, то тады варта ўлічыць асобу Забабуры. Тое, што ў яго двое дзяцей. Нагадвае, што Андрэй Забабура добры сем'янін, даў працу 50 чалавекам. І яго нельга пакараць такім жа чынам, "як нейкага п'яніцу".

Адвакат таксама заявіў, што Забабуру трэба пакінуць правы кіроўцы, бо "ад гэтага залежыць яго праца".

15.29. Адвакат Забабуры пачаў прамову з таго, што абвінавачаны мае дваіх малых дзяцей, што ён шмат дапамагае дзецям па сваёй працы.

“Усе сведкі чулі страшны крык кіроўцы. Гэта сведчыць аб моцных перажываннях, ім перажытых… Ён быў вымушаны звярнуцца да псіхолага пасля трагедыі. Не мог працаваць… Мой падабаронны пералічыў вялікія сродкі ў якасці кампенсацыі. Нехта можа сказаць, што паспрабаваў адкупіцца. Але гэта не так. Проста не існуе іншай формы капенсацыі…”, — гаворыць адвакат Забабуры.

На думку адваката абвінавачанага, пасля трагедыі не былі зробленыя неабходныя высновы. Сітуацыя каля школ не палепшылася. Ён таксама паведаміў пра ўскосную віну супрацоўнікаў школы №23, якія, на думку адваката Забабуры, не сачылі належным чынам за бяспекай дзяцей у той вечар.

Абаронца нагадаў, што Забабура не перавысіў хуткасць (паводле афіцыйнай экспертызы хуткасць аўтамабіля складала 18 кіламетраў у гадзіну пры дазволеных 20).

“Мы бачым выпадак, калі няма ні віны дзіцяці, бо гэта дзіцёнак, ні віны кіроўцы… Забабура лічыў, што дзеянне знака аб забароне на рух не датычыць яго. Ён прывёз свайго сына да школы… ”, — гаворыць адвакат.

Ён таксама паўтарыў свае сумневы адносна дакладнасці экспертызы, праведзенай следствам. Крытычна выказаўся аб яе выніках. Нават назваў іх “галаслоўнымі”.

14.55. Пацярпелыя выступаць у судзе адмовіліся, перадаўшы права выказаць іх пазіцыю адвакату. Яна адзначыла, што разгляд справы насамрэч суправаджала шмат эмоцый. Адвакат таксама акцэнтавала ўвагу на відавочнасці віны абвінавачанага.

“Знак аб забароне руху там быў, абвінавачаны пагаджаўся з тым, што бачыў яго”, — гаворыць адвакат. Яна просіць суд пры вынясенні выраку не прымаць да ўвагі экспертызу, праведзеную адвакатам абвінавачанага. Матывуе гэта зацікаўленасцю эксперта, прыцягнутага ім.

“Пасля гэтага выпадку большасць жанчын, якія выпраўляюць сваіх дзяцей у школы, не ўпэўненыя, што ўбачаць іх зноў”, — гаворыць адвакат.

Яна просіць суд пры вынясенні рашэння кіравацца законам. Форму пакарання пацярпелыя пакінулі на выбар суда.

14.45. Выступае пракурор. Падчас свайго выступу яна нагадала суду, што Андрэй Забабура сваю віну не прызнаў. Коратка апісала абставіны трагічнага здарэння, якія раней агучваліся на працэсе. Нагадала таксама пра некаторыя разыходжанні ў паказаннях абвінавачанага, дадзеных падчас следства і агучаных на паседжаннях суда. Акцэнтавала ўвагу на тым, што абвінавачаны не дэманструе раскаяння.

На думку дзяржаўнага абвінаваўцы, усё гэта, а таксама матэрыялы следства, сведчаць аб вінаватасці Забабуры. Пракурор просіць суд пакараць абвінавачанага пазбаўленнем волі на 4 гады зняволення з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення.

14.17. Пачаліся спрэчкі бакоў. Зараз выступае пракурор.

12.55 Суддзя не задаволіла хадайніцтва адваката і пакінула Забабуру пад вартай.

У судзе абвешчаны перапынак да 14.15. Пасля яго пачнуцца судовыя спрэчкі бакоў: выступяць абвінаваўца, адвакат і пацярпелыя.

Да 12.50 абвешчаны перапынак. Потым суддзя абвесціць рашэнне па хадайніцтве.

11.15 З прамовай выступае адвакат Забабуры. Ён хадайнічае вызваліць Забабуру з-пад варты, змяніўшы яму такім чынам меру стрымання. Сам Забабура папрасіў задаволіць хадайніцтва альбо вызваліць яго пад заклад. Суму закладу пакінуў на рашэнне суда.

11.05 Допыт сведкі скончаны. Зараз адвакат абвінавачанага размаўляе са сваім падабаронным, задае яму ўдакладняючыя пытанні. Яны збольшага датычаць правілаў дарожнага руху і дзеяння дарожных знакаў.

Абвінавачаны Забабура ў размове з адвакатам паведаміў, што не лічыў неабходным падпарадкавацца знаку “Рух забаронены”. Прычынай гэтага назваў тое, што яго сын займаецца каратэ ў будынку школы №23. Адпаведна, бацька мае права ігнараваць патрабаванне знака

10.50 Сведка Валасевіч у размове з суддзёй удакладніў, што стаянка ля школы была вольная на дзве траціны. Абвінавачаны Забабура пасля гэтага ўступае ў дыскусію са сведкам, патрабуе адказаць, ці было там вольнае месца для яго вялікага аўтамабіля “Поршэ Каен”. Прамога адказу на гэтае пытанне сведка не дае. Гаворыць, што бачыў вольныя месцы, але сам на стаянку заехаць не мог, таму падрабязна не ўзіраўся ў тое, што адбывалася на стаянцы і якія менавіта вольныя месцы там былі.

10.38 Сведка Валасевіч паведаміў, што за праезд пад забаронны знак у той вечар яго ніхто не пакараў. “Я сварыўся з жонкай. Яна не хацела спазняцца і таму я палічыў, што лепш парушыць правілы, чым пасварыцца з ёй”, — гаворыць ён.

Адвакат Забабуры пасля доўгай размовы са сведкам запатрабаваў праверыць з дапамогай аператараў мабільнай сувязі, ці насамрэч Валасевіч знаходзіўся ў той вечар ля школы. На яго думку, Валасевіч дае непраўдзівыя паказанні.
Суддзя адмовіла ў задавальненні гэтага хадайніцтва.

10.18 Выступае сведка Алег Валасевіч. Яго заявіла адвакатка пацярпелых. Валасевіч у вечар трагедыі таксама заязджаў на тэрыторыю школы №23 на ўласным аўтамабілі. Яго сын аднакласнік загінулага Груддзева.

Валасевіч: “У той дзень я рамантаваў свой аўтамабіль. Потым паехалі з жонкай на бацькоўскі сход на яе аўтамабілі. Ён невялікі — “Пежо”. Мы спазняліся і таму крыху сварыліся. За рулём быў я… Мы ехалі па кальцавой, потым павярнулі на вуліцу Панчанкі і адтуль ужо ехалі да школы. Там яшчэ стаянка ёсць. Але на невялікай машыне жонкі я не рызыкнуў ехаць на стаянку — там ёсць бардзюр і ямы. Заехаць цяжка. Таму мы паехалі да самой школы… Калі мы спыніліся, то пабачылі дзяцей: яны бегалі вакол лаваў і крычалі.
Я выйшаў з машыны і пайшоў па свайго сына, які таксама бегаў… За маім аўтамабілем стаялі чатыры машыны. Быў адзін джып таксама, вялікі. Ён мне перашкаджаў развярнуцца. Калі я ўсё ж аб'ехаў яго, то пабачыў, што гэта “Поршэ Каен”. За рулём быў мужчына”.

Сведка таксама расказаў, што на аўтамабільнай стаянцы ля школы былі вольныя месцы. Валасевіч таксама бачыў знак, які забараняе заезд на прылеглую да школы тэрыторыю.

10.05 Адвакат Забабуры хадайнічаў пра змену меры стрымання і вызваленне падабароннага з-пад варты. Суддзя адмовіла.


Таксама суддзя адмовіла і ў прызначэнні дадатковай экспертызы, на якой настойваў адвакат абвінавачанага.

***

Нагадаем, што Андрэя Забабуру судзяць за забойства 9-гадовага Уладзіка Грудзьева. Трагедыя адбылася ў лістападзе ў мінскім мікрараёне Сухарава. Кіроўца "Поршэ Каен" не заўважыў школьніка і збіў яго насмерць.

На судовым паседжанні ў аўторак эксперты з боку абвінавачання заявілі, што Забабура меў час на тое, каб заўважыць дзіця і спыніцца. Тым часам эксперт з боку абароны абверг гэтае меркаванне. Адвакат папрасіў правесці новую экспертызу.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі