У Польшчы не хочуць здаваць кватэры беларусам

130322_eurafokus.mp3

Польскі Інстытут грамадскіх спраў высвятляў, ці маюць замежнікі шансы зняць кватэру ў Варшаве, Любліне, Беластоку альбо Прушкаве. 400 беларусаў і чачэнцаў тэлефанавалі па аб’явах. У адказ ім 113 разоў кідалі слухаўку альбо казалі, што прапанова “не актуальная”. У той час як з палякамі ветліва размаўлялі.

“Не верым замежнікам, кіруемся забабонамі. Еўрапеец з Захаду альбо амерыканец не меў бы такіх праблемаў”, — кажа Аляксандра Хжаноўска з Аб’яднання юрыдычнага ўмяшання.

Зразумела, гэта не адзіная складанасць, з якой сутыкаюцца эмігранты. Але колькасць жадаючых “зваліць” з Беларусі не памяншаецца. Галоўныя матывы тых, хто з’язджае, пералічвае эксперт BISS Андрэй Елісееў:

“Асноўная прычына з гадамі не мяняецца 80% хоча з'ехаць, бо гэта, на іх погляд, палепшыць матэрыяльны стан. Таксама даволі шмат людзей тлумачаць ад’езд магчымасцю павысіць кваліфікацыю і займець кар'ерны рост. А яшчэ выказваюць упэўненасць, што за мяжой будзе больш сацыяльных гарантый і лепшае сацыяльнае забеспячэнне”.


Калі паглядзець на статыстыку, у 2011 годзе 116 тысяч беларусаў валодалі правам стала жыць у ЕС. Больш за палову з іх, амаль 62 тысячы, атрымалі гэта права ў Польшчы.

Юрась з Беларусі ў Польшчу прыехаў па студэнцкай візе. Цяпер жа спрабуе замацавацца на мясцовым працоўным рынку.

Юрась: “Калі параўноўваць з жыццём у нашай краіне, у Беларусі, то тут узровень жыцця ўжо крыху іншы. Іншыя магчымасці вандровак, адукацыі, працы гэта прываблівала больш за ўсё. Сюды прыехаў, было шмат абяцанняў, што будзеш шмат зарабляць. У пэўнай ступені гэтыя абяцанні спраўджваюцца”.


Хлопец кажа, што ў сваіх “польскіх” чаканнях не расчараваўся. Але ў працэсе размовы нечакана ўзгадвае негатыўныя моманты, якія тут сустрэў. І выказвае захапленне… Швецыяй.

Юрась: “Калі параўнаць з Швецыяй, то розніца з Польшчай вельмі вялікая. Пабыў там месяц, ужо гэта нібыта ўвабралася ў мяне”.

Адной з найбольш пажаданых краінаў для эміграцыі сярод беларусаў з’яўляецца Германія. Тут дазвол на сталае пражыванне атрымалі амаль 17 тысяч беларусаў. Ці складана ім уліцца ў мясцовае грамадства? Наша суайчынніца Вольга, якая ўжо некалькі гадоў жыве ў Берліне, кажа, што можна і мовай без акцэнта авалодаць, і нядрэнную пасаду заняць — усё залежыць ад чалавека.

Вольга: “У мяне ёсць шмат сяброў, якія займаюць нядрэнныя пасады, а ёсць такія, якія па 7 гадоў працуюць афіцыянтамі. Але гэта не значыць, што немцы не працуюць афіцыянтамі па 10 гадоў. Усё залежыць ад тваёй кваліфікацыі, старання і жадання”.

У той жа час Андрэй Елісееў лічыць, што інтэграцыя ў новае грамадства залежыць ад рэгіёна і ад асабістых характарыстык імігранта. Зразумела, адаптавацца ў мегаполісе, дзе ўсе прызвычаіліся да новых культур, будзе прасцей. Тым больш калі ты маеш вышэйшую адукацыю і ведаеш замежныя мовы.

Фота: polskalokalna.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі