У Польшчы засумняваліся ў карысці ад энергіі ветракоў

У Польшчы хутка пабудуюць два самыя высокія ветракі ў Еўропе. Канструкцыі вышынёй 210 метраў паўстануць ў 70 кіламетрах ад заходняга горада Познань.

У лістападзе мінулага года кіраўнік фірмы Istra Гжэгаж Бартол распавёў, што будоўля абышлася ў 45 мільёнаў злотых (каля 14,3 мільёна долараў). Сродкі вернуцца за 6-7 гадоў, а далей фірма будзе атрымоўваць амаль 2 мільёны долараў штогод, пры “добрых вятрах”. Але пашыраць прыбытковы бізнес Гжэгаж Бартол не збіраецца. Яго словы прыводзіць польская газета Metro:

“Будоўлю скончу, бо шмат інвеставаў, але не ўваходзіў бы ў гэты бізнес яшчэ раз. Не ведаю, што будзе з гэтым далей”.

Прычыны? Крах на рынку так званых зялёных сертыфікатаў, якімі дзяржава стымулюе развіццё аднаўляльнай энергіі.

Чым больш аднаўляльнай энергіі вырабляе гаспадар ветрака, тым больш сертыфікатаў атрымоўвае. І калі ён зарабляе 200 злотых (каля 64 долараў) за кожную прададзеную мегават-гадзіну, то яшчэ 280 злотых (каля 90 долараў) яму даплачвае дзяржава за сертыфікат. Але кошты сертыфікатаў пачалі рэзка зніжацца. Магчыма, па віне вялікіх вугальных электрастанцый, якія атрымоўваюць палову зялёных сертыфікатаў, а ў мінулым месяцы выставілі на продаж іх рэкордную колькасць.

“Без змены законаў кошты сертыфікатаў на біржы будуць падаць амаль да нуля. Развіццё зялёнай энергетыкі з ветру будзе стрымлівацца. Пра банкруцтва яшчэ казаць рана, але некаторыя фірмы ўжо думаюць над тым, каб выйсці з гэтага рынку”,— кажа кіраўнік Інстытута аднаўляльнай энергетыкі Гжэгаж Вішнеўскі.

А што ў Беларусі? Пра ветракі часта ўзгадваюць як пра альтэрнатыву АЭС, што будуецца ў Астравецкім раёне. Згодна са словамі выканаўчага дырэктара асацыяцыі “Аднаўляльная энергетыка” Уладзіміра Нісцюка, на сёння ў краіне працуе больш за 20 ветрагенератараў рознай магутнасці. Але перспектывы большыя, чым у кантынентальнай Германіі.

Уладзімір Нісцюк: “Беларусь, у адрозненне ад Польшчы, знаходзіцца на ўзвышшы ў цэнтры Еўропы. У нас каля 300 тысяч кропак, дзе можна ставіць ветраагрэгаты для аўтаномнага выкарыстання рознымі структурамі, аграсядзібамі і гэтак далей”.

Паводле словаў Уладзіміра Нісцюка, у Беларусі 1840 разведаных кропак для пабудовы ветрапаркаў. Магчыма, адзін з іх з’явіцца ў Горацкім раёне, дзе адпаведную разведку вядзе кампанія “Трайпл” Юрыя Чыжа.

Тым не менш сярод прычынаў, якія перашкаджаюць укараненню аднаўляльнай энергіі ў Беларусі ,Уладзімір Нісцюк адзначае фінансавы фактар. Бо вялікіх грошай на ўкараненне ветраагрэгатаў не маюць ні дзяржава, ні фірмы. А па-другое, праз танны газ у Беларусі няма такога стымулу для развіцця аднаўляльнай энергіі, як у той жа Украіны.

Уладзімір Нісцюк: “Там толькі ад сонечнай энергіі атрымоўваюць больш за 200 мегават, ад ветру – 200 мегават. У Беларусі сёння пакуль афіцыйна зарэгістравана 3,5 мегавата ветраагрэгатаў”.

Таксама варта дадаць, што пару гадоў таму нямецкая фірма Enertrag збіралася пабудаваць у Дзяржынскім раёне ветрапарк на 160 МВт, і нават інвеставала ў праект 300 тысяч еўра. Але Мінабароны заявіла, што ветракі могуць перашкодзіць працы радараў, усталяваных ля Дзяржынска, і фірма адмовілася ад ідэі развіваць бізнес у Беларусі.

Фота: Damian Kramski / Agencja Gazeta

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі