У Слуцку з “маўчунамі” змагалася палівальная машына?
На сайце выдання “Інфа-кур’ер” выставілі тэксты смс, якія дасылаюць у рэдакцыю чытачы.
Нехта Ясь Гарадавы паведамляе пра “шалёнага кіроўцу”, што ездзіў па вуліцы 14-ці Партызан на “машыне-палівалцы” 3 ліпеня бліжэй да вечара. Са словаў чытача “Інфа-кур’ера”, кіроўца рухаўся на добрай хуткасці ды яшчэ паліваў не толькі дарогу, але і ходнікі. Гэта пасля таго, як у горадзе толькі што прайшоў дождж.
“Так, сігналіў, але на такой хуткасці, як ён ехаў, уцякаць з ходнікаў не было калі і не было куды. Майму знаёмаму давялося скакаць на плот”, — піша абураны Ясь Гарадавы.
Слуцк быў адным з гарадоў, якія далучыліся да акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. 3 ліпеня ўвечары арганізатары акцыі заклікалі людзей збірацца на плошчах гарадоў. Магчыма, “палівалку” выгналі ў прафілактычных мэтах.