Удзельнікі “Вольнага паветра”: Якая забарона калі ёсць інтэрнэт?
На што гурт Комба Бакх прамяняў партрэт Лукашэнкі і за што б забіў Ягор Забелаў беларускія гурты чытайце тут.
Тэрмін "новае этна" на фестывалі "Вольнае паветра" ў дачыненні да яго ўдзельнікаў ужыць было складана. Арганізатары ў выніку выкруціліся і ахрысцілі стылістычную скіраванасць форума world-music. Музыкі ж, адказваючы на пытанні журналістаў, так ці інакш знаходзілі ў сваёй творчасці этна-пачатак. Прадстаўляем думкі ўдзельнікаў “Вольнага паветра”: Бадьян Сауна Систем (ён жа Вадзім Кулікоў, Украіна), гуртоў Комба Бакх (Расія) і Гурзуф (Беларусь).
***
Бадьян Сауна Систем пацешыла “Вольнае паветра” “вяселлем” з індыйскімі матывамі.
Вадзім Кулікоў: Самае галоўнае, што гэта не мая творчасць. Я – збіральнік. Я – музычны журналіст, рэдактар і аглядальнік, які ў Кіеве піша для часопісаў і газет. Я 10 гадоў таму яшчэ працаваў для радыё, збіраў трэкі ненармальных гуртоў. У выніку зразумеў, што гэта ніша вольная. Што людзям патрэбнае вяселле, і што гэта вельмі папулярна, даходліва. А калі гэта пакруціць з розных бакоў, то можна знайсці штосьці такое, што чалавека захопіць. Я збіраю музыку, якую я магу характарызаваць як вяселле – балаган, буфанада, але трохі з азіяцкім ухілам і прысмакам. Я яе не пішу, я яе збіраю… Схема ў тым, што глабальна музыка змяняецца, таму што ёсць інтэрнэт, і гэта спрыяе, каб развіваліся такія кірункі, як новае этна, напрыклад. Гэта значыць, гэта ўжо не этна, гэта ўжо вельмі моцна перайначаная структура, мутант. Але ён будзе вельмі жывучым, я думаю. І яшчэ справа ў тым, што электронная музыка памерла, на жаль, яна не развіваецца, таму што новых музычных інсрументаў не вынаходзяць ні Moog, ні Yamaha, ні Roland. Таму сутнасць у тым, што этнас, мелас, карані – вельмі пажыўныя. Гэта значыць любы дыджэй, які прысмокчацца да гэтай базы, да гэтых каранёў, ён вынесе велізарную колькасць пазітыва для сябе, і гэта як кола. Гэта як інь і янь: як толькі ты пачнеш цікавіцца этнічнай музыкай, ты адкрыеш для сябе сутнасць таго, з чаго ўсё жыццё сучасныя музыкі і сілкаваліся.
У чым заключаецца ваша праца?
Вадзім Кулікоў: У калекцыянаванні. Я думаў адразу, што гэта крыху авантурны праект. Сёлета я выступаў на Артполі разам з двума інструменталістамі. Я думаю, гэты праект будзе развівацца. Я не музыка, што самае цікавае. Разумееце, я – чалавек, які слухае і разумее, што гэта можна данесці, і пад гэта можна адарвацца. Тут супярэчлівая штука. Вяселле яно ж усярэдзіне нас: нам жа хочацца весяліцца.
Так усё ж, вы што робіце: знаходзіце музыку ў інтэрнэце і ставіце яе людзям?
Вадзім Кулікоў: Груба кажучы, так. Але каб гэта рабіць, у маім выпадку, трэба было 12 гадоў слухаць розную музыку і напісаць дзве тысячы рэцэнзій, зразумець, абсарбаваць і прапусціць праз сябе.
Ці ёсць у вашай калекцыі што-небудзь беларускае? (У беларускай музыцы, аказалася, спадар Кулікоў, не арыентуецца зусім)
Вадзім Кулікоў: У мяне ёсць і "Палац", і яшчэ нейкая колькасць дыскаў, назвы якіх магу не ўспомніць, таму што яны запісаныя, я так разумею, для калекцыянераў. Але я іх маю, таму што кантактаваў на пачатку 2000-х з Кулінковічам, Віталікам Артыстам і яшчэ нейкімі людзьмі, якіх ва Ўкраіне, на жаль, не ведаюць. Я думаю, у вас гэта ўжо нейкая поп-музыка, але там вялікі прабел у плане беларускай музыкі. Яна не даходзіць. Яна на мяжы затрымліваецца і ўсё. Мая задача ў той час была знайсці і пракруціць нейкую колькасць добрай беларускай музыкі па радыё.
Цяпер такая сітуацыя, што не ўся беларуская музыка даходзіць да беларускага слухача. Магчыма, вы чулі пра т.зв. "чорныя спісы" беларускіх музычных дзеячаў? Што вы думаеце пра забарону музыкі?
Вадзім Кулікоў: Ну, цяпер я не ведаю, ці мае сэнс казаць пра забарону, таму што ёсць інтэрнэт. Калі ў вас ён працуе хоць нейкім чынам, то можна, вядома, выкладваць. Іншая справа, што за апошнія 10 гадоў беларускія музыкі трохі перасталі жадаць здзіўляць. Гэта значыць, спрабуюць сябе развіваць на адным месцы, а тым часам у свеце даб-стэп ужо не модны! У Брытаніі чакаюць новай з'явы! Ну я не ведаю, ці ёсць даб-стэп-артысты ў Беларусі… Але інтэрнэт нам дапаможа! І мы разам. Мы ж таксама павінны дапамагаць адзін аднаму.
***
Гурт з Кастрамы Комба Бакх грае цікавы рок. Сучасны. У рэпертуары гурта ёсць беларускія народныя песні. Але перад журналістамі каманда чамусьці паўстала ў сумным выглядзе.
Вы так здалёку да нас ехалі? Ці апраўдаліся вашы надзеі? Як гэта было для вас?
Комба Бакх: Было трохі моташна, калі мы сюды прыехалі ў дзве гадзіны. Нейкае было тармажэнне, штосьці блукалі. Тут паляжалі, там паляжалі, вельмі нас добра накармілі, размаўллі адзін з адным…
Вы выступілі, але нейкія вы занадта пахмурныя. Ці ёсць нейкія эмоцыі? Дзе ж яны?
Комба Бакх: Эмоцыі ўсё ўсярэдзіне. Тут ужо не эмоцыі, а думкі.
А эмоцыі былі якія?
Комба Бакх: Вядома, станоўчыя. Такая прырода вакол! Столькі людзей, усе вясёлыя, шчаслівыя: талерачку кідаюць, мячык штурхаюць, скачуць, вяселяцца! Вядома, гэта цудоўна!
Вольнае паветра – фестываль новага этна. Вы сваю музыку можаце аднесці да гэтага стылю?
Комба Бакх (слова ўзяў бадзёры вакаліст): Так, можам! Мы – этна! Мы прадстаўляем сваю народнасць. Наша музыка, вядома, не народная, але і не іншародная. Нам падабаецца калгаснае этна. Паслухайце Высоцкага, Сектор Газа і Боба Марлі!
Адкуль у вашай творчасці беларуская мова і тэматыка?
Комба Бакх: Мне падарылі партрэт Лукашэнкі прыгожы. Там жа ў гасцях я заўважыў кніжачку тоўстую "Анталогія беларускай народнай песні". І вымяняў гэту кніжачку на партрэт Лукашэнкі. Цяпер у мяне няма партрэта, але ёсць кніга, якую я ўсю пералапаціў. Галоўным чынам, адтуль я браў песні савецкага перыяду пра калгасы, пра партызанаў. Калгасная тэматыка – наіўная, магчыма, гэтыя песні пісаліся на замову. Мне яны здаліся вельмі ўтульнымі.
З кім з беларускіх гуртоў вы б жадалі сыграць разам? (У адрозненні ад украінскага госця, расіяне аказаліся ў тэме)
Комба Бакх: З "Троіцай" і "Камератай". "Камерата" добра спявае, "Троіца" - каранёвыя. Але яны нас бы не ўзялі – ні тыя, ні іншыя. Гэта наша жаданне, а не іх.
****
Гурт Гурзуф знаходзіцца ў выдатнай форме. Пра гэта сведчыць яго цудоўны сэт на фестывалі. На пытанні журналістаў адказаў баяніст Ягор Забелаў.
Што вас цяпер натхняе?
Ягор Забелаў: Я, насамрэч, папаўняю страты, якія былі ў мяне ў кансерваторыі. Гэта значыць, я мала слухаў музыкі і наогул дрэнна вучыўся, толькі граў, граў, граў… Цяпер мяне цікавіць пачатак XX стагоддзя, а таксама Шнітке. Я прапусціў наогул усё! Я цяпер слухаю, пачынаючы ад Шэнберга, ад дадэкафоніі. Я хачу развівацца як кампазітар, і мне ўсё гэта вельмі цікава.
Ці не збіраецеся вы выкарыстоўваць у сваіх кампазіцыях серыйную тэхніку?
Ягор Забелаў: Я лічу, што цяпер няма сэнсу складаць у гэтай сістэме. Таму што тады гэта проста было трэба, гэта быў нейкі этап. А цяпер мне хацелася б рабіць украпленні. У наступнай кампазіцыі, якую мы сыграем, новую, яна цяпер робіцца, у адным месцы я выкарыстоўваў серыю. Вельмі незвычайна: ідзе цвёрды біт і раптам фрагмент серыі.
Вольнае паветра – фестываль новага этна. Ці блізкая вам этна-стылістыка?
Ягор Забелаў: Я магу лёгка аднесці творчасць нашага гурта да любога стылю, да любога фестывалю. Ну, хочаце, мы заўтра сыграем на метал-фэсце і будзем у тэму зусім? Я лічу, што на сённяшнім канцэрце этна было дастаткова ў нашай музыцы.
Пра стан беларускай музыкі
Ягор Забелаў: Добры стан: усё выдатна рухаецца, з'яўляецца маса цікавых гуртоў і ў тым ліку маса зусім нецікавых гуртоў, якія хочацца проста забіць. Вось я адзін раз быў на Амбасовішчы ў амерыканскім пасольстве. Блін, ну гэта жудасна!
А хто вам падабаецца?
Ягор Забелаў: Мне вельмі падабаецца Morfe Akustic Band. Наогул. Я проста шалею. Гэта раз. Port Mone – гэта два. Ёсць яшчэ гурты цікавыя, але гэта не мая музыка.
А забіць каго хочацца?
Ягор Забелаў: Забіць? Ды я і назваў іх не ведаю. У твар усіх памятаю… Я лічу, што проста вазьмі адзін акорд і фігач яго да страты пульса. Але знайдзі ў ім штосьці сваё. А не бяры тры акорды, якія сыграе любы. Ну, гэта значыць, я ўзяў гітару і першымі акордамі я сыграю тыя тры, на якіх пабудаваная палова песень беларускіх гуртоў.
Гурзуф знайшоў свой акорд ці гэта сталы пошук?
Ягор Забелаў: Гурзуф знайшоў штосьці. Але сталы пошук – гэта ідэал музыкі. Мы ў пошуку ўсяго. Гэта добра. Мы развіваемся.
*****