Уладзімір Мацкевіч: рана ўпадаць у эйфарыю
Вядомы палітычны аглядальнік, філосаф цвердзіць: сённяшнія пратэсты - гэта яшчэ не хваля. Але ў беларусаў з'явіўся рэальны шанец захаваць краіну.
Уладзімір Мацкевіч бачыць магчымасць зліцця апазіцыі з "народнымі бунтамі". Разам грамадства можа атрымаць шанец на захаванне краіны, дэмакратызацыю і нармалізацыю дзяржавы і эканомікі. Але для гэтага патрэбныя некалькі ўмоваў. Слухайце гутарку на прайгравальніку справа.
Еўрарадыё: У сераду будзе адбывацца чарговая акцыя “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, нядаўна былі страйкі на памежжы і гэтыя акцыі, пратэсты арганізоўваліся не апазіцыяй. Чаму зараз не чутно апазіцыі?
Мацкевіч: “Ідэалагічная "вертыкаль" уладная і апазіцыйныя палітыкі апынуліся ў аднолькавым становішчы. І тыя, і другія сёння заклапочаныя тым, што ім няма чаго сказаць людзям. І, як не дзіўна, гэта праяўляецца ў амаль аднолькавых паводзінах і ўчынках тых і другіх.
На нарадах, якія праводзяць "вертыкальшчыкі", яны мабілізуюць ідэалагічных работнікаў, каб яны ішлі і прадухілялі сацыяльныя хваляванні людзей, а яны пытаюцца: што яны могуць сказаць? Сказаць няма чаго і гэта ўсе разумеюць.
Тое ж зараз думаюць апазіцыйныя ідэолагі, ім таксама няма чаго сказаць, бо ўсе высілкі мінулага поўгоддзя пайшлі на тое, каб адхіліць, знішчыць усе канструктыўныя прапановы, якія высоўваліся да апазіцыі з боку грамадзянскай супольнасці і на сённяшні дзень не засталося нічога такога, што былыя лідары апазіцыі маглі б сказаць людзям падчас страйку, спантанных выбухаў незадаволенасці”.
Еўрарадыё: Ці ёсць верагоднасць таго, што апазіцыя і грамадзянская супольнасць аб’яднаюцца?
Мацкевіч: “Сёння ў нас зашмат людзей, якія маглі б стаць прэзідэнтамі. Тое, што Лукашэнка вінаваты ў гэтым крызісным становішчы, гэта разумеюць усе. Хто мог бы стаць на чале дзяржавы? Ды любы з апазіцыйных палітыкаў, ды яшчэ шмат знойдзецца людзей. Сёння бракуе таго, хто можа ўзяць на сябе асабістую адказнасць за тыя рашучыя рэформы, у якіх велізарная патрэба ў краіне. І такога чалавека, такой групы сёння няма. Нічога выдумляць, ствараць наноў ровар не трэба, патрэбна палітычная воля і прывабнасць гэтых людзей для грамадства. У мяне ёсць спадзяванне, што такое магчыма”.
Еўрарадыё: Ці можа нехта з палітычных лідэраў стаць на чале гэтых людзей, якія арганізуюць сацыяльныя акцыі — “Стоп-бензін”, страйкі на мытні?
Мацкевіч: “Пакуль тут трэба без эўфарыі. Тыя першыя акцыі — “Стоп-бензін”, у Брузгах, на Варшаўскім мосце, маўклівыя акцыі, якія праходзяць шмат дзе, — гэта пакуль што не хваля. Гэта пакуль не той працэс, які патрабуе, каб яго нехта ўзначаліў. Але самі па сабе выбухі народнага гневу, яны не плённыя. Рэжым здольныя будуць зваліць менавіта хваля народнага пратэсту — з аднаго боку, і наяўнасць рашучай і працоўнай каманды рэфарматараў. А такую каманду ёсць з каго фармаваць”.
Еўрарадыё: Ці вы можаце назваць каго менавіта вы маеце на ўвазе, хто здольны арганізаваць такую каманду?
Мацкевіч: “Яшчэ ёсць у апазіцыі прывабныя фігуры. На дадзены момант дастаткова траіх. Калі б мы маглі забяспечыць дамоўленасць паміж Някляевым, Мілінкевічам і Калякіным — гэта была б ужо досыць добрая, моцная кааліцыя, якая магла б распачаць працэс кансалідацыі астатніх і якая мела б шанец звярнуцца да шырокай грамадскасці па дапамогу”.