Уладзімір Пугач: Планую запісаць дыск народных песень на палескім дыялекце

111209 JMors 1.mp3

J:Морс амаль скончылі агульнабеларускі тур “Электрификацыя всей страны” у падтрымку свайго апошняга альбома “Электричество”. 19 снежня ў Палацы спорту гурт адыграе вялікі сольны канцэрт, які стане адным з апошніх у туры. З гэтай нагоды мы запрасілі лідара J:Морс Уладзіміра Пугача ў студыю, каб паразмаўляць пра тое, як прайшлі канцэрты ў беларускіх глыбінках, што чакаць ад гурта ў наступным годзе ды чаму Уладзімір вырашыў заняцца муай-тай.

Еўрарадыё: Пачнём з банальнага, але актуальнага. Вы толькі што электрыфікавалі ўсю краіну...


Уладзімір Пугач: Так! Амаль усю. Тур, мусіць, 17 канцэртаў, мы адыгралі 14, засталіся тры.


Еўрарадыё: А паўсюль былі людзі, ці ўсё ж даводзілася выступаць перад амаль пустымі заламі?

Уладзімір Пугач: Гэта, напэўна, чацверты ці пяты тур за гісторыю гурта. У вялікіх гарадах заўсёды ходзяць добра, а ў маленькіх па-рознаму, бывае што і дзве траціны залы прыходзіць. Але гэтым разам ці то з-за таго, што альбом спадабаўся, ці то з-за крызісу, ці то яшчэ па нейкай прычыне, але ў нас у 100 адсоткаў залаў – былі біткі, гэта прыкольна. Мы самі гэтага не чакалі, бо звычайна такога не бывае.


Еўрарадыё: А дзе быў самы яскравы выступ?


Уладзімір Пугач: У віцебскім клубе “Энергія”, там цудоўная сітуацыя адбылася. Як праходзяць канцэрты: мы дасылаем тэхнічны райдар, яны ставяць апаратуру, мы прыязджаем адладжваем гук і выступаем, але гэта тэорыя. У Віцебску ж мы прыехалі на адладку гука і нам паведамілі, што пракатчык гадзіну таму звёз усю апаратуру са сцэны, не паведамляючы пра прычыны. Яны тое, што паспелі знайсці замест гэтага, тое і знайшлі. Такі падыход. І мы ў экстраных умовах на “тым, што паспелі” адладзілі як маглі гук. Але якасна гэта зрабіць было складана, і мы проста расслабіліся. То бок нам было ўжо ўсё адно. Што здолеем, то і зробім. І толькі мы расслабіліся… карацей, па энергетыцы гэта быў, напэўна, самы лепшы канцэрт за ўвесь тур. Акрамя таго, у Віцебску, у клубе “Энергія” на канцэрце “Электрификацыя всей страны” пасярод канцэрту вырубілася святло. Я некалькі песень проста пад гітару спяваў, пакуль змотвалі ізастужкай драты, ездзілі ў Гарсвятло, ці яшчэ куды – не ведаю, што яны рабілі. Карацей, з прыгодамі, але менавіта таму ён нам больш за ўсё і запомніўся.


Еўрарадыё: Калі параўноўваць публіку мінскую ды іншых гарадоў, то ёсць розніца?


Уладзімір Пугач: Я скажу, што публіка ў прынцыпе адрозніваецца па ўсіх гарадах. Горад – гэта культурны мікрасвет са сваімі традыцыямі ды звычкамі, са сваім узроўнем ды характарам сацыяльнай актыўнасці. Дзесьці прывыклі хадзіць на канцэрты ды ў тэатры, дзесьці – не. Калі ідуць, то ўсёй вёскай, калі не, то не ідзе ніхто. Напрыклад, мой родны горад Пінск у свой час быў вядомы такімі рэчамі: гарадскі Дом культуры, канцэрт якога-небудзь артыста, квіткі не прадаюцца ўвогуле, можа 10-15 чалавек набылі. Прыязджае артыст, гэтыя 20 чалавек заходзяць у залу, а перад залай вялікі натоўп людзей, якія кажуць: “Дык усё роўна ж ніхто не прыйшоў, пусціце нас!” Вось такія рэчы ў нас адбываліся. Дарэчы ў Пінску таксама добра ў нас канцэрт прайшоў, вельмі душэўна. Прыйшлі мае бацькі. Іх пасадзілі на першы шэраг, падумалі, відаць, гэта правільна для рок-канцэрта. Я вельмі прасіў іх перасесці ў цэнтр залы, але яны адмовіліся. У выніку, я хлопцаў папрасіў неяк цішэй граць (смяецца), ну так атрымалася.


Еўрарадыё: А ўвогуле, бацькі слухаюць тое што ты робіш? Як яны гэта характарызуюць?


Уладзімір Пугач: Яны слухаюць, бо я іх сын, і кажуць, што ім падабаецца, бо я іх сын. Я не магу сказаць наколькі… Адзінае, што мой бацька часам канструктыўна кажа, маўляў, на гэтым альбоме такая ды такая песня мне спадабалася, а такія ды такія – малайчына, што запісаў. А маме падабаецца ўсё, так што мама нерэпрэзентатыўная, як слухач.


111209 JMors 2.mp3
Еўрарадыё: У Беларусі ў вас шмат выступаў, вы збіраеце вялікія залы, вы тут, безумоўна, папулярныя, але чамусьці вас не клічуць выступаць за межы.


Уладзімір Пугач: Ну, гэта проста. Справа ў тым, што мы займаем тут сваю культурную нішу, якая ёсць у кожнай краіне. То бок мы не экспартуем беларускую культуру, мы не характэрныя, па нас нельга зразумець беларускую культуру. Вось па Івану Кірчуку ды гурту Троіца можна, а па нас – не. Поп-рок і тое, што мы робім, ёсць у кожнай краіне сваё. У Беларусі ёсць J:Морс, у Расіі - “Би-2” (гэта я першае, што ў галаву прыходзіць называю), у Латвіі – Brainstorm і гэтак далей. А за мяжой карыстаюцца папулярнасцю калектывы кшталту “Троіцы”, тыя якія займаюцца этна-музыкай, характэрнай для краіны.


Еўрарадыё: А жаданне ездзіць ёсць?


Уладзімір Пугач: Няма большага шчасця ў жыцці, чым знаёмства з новымі гарадамі ды людзьмі! Подпіс: Чынгісхан. Вядома, ёсць!


Еўрарадыё: Дык можа варта што-небудзь змяніць?


Уладзімір Пугач: Гледзячы, якую перад сабой мэту ставіць. Калі мэта – ўражваць музычных крытыкаў ці арганізатараў фэстаў, то гэта адно, а калі ты атрымліваеш задавальненне ад таго, што ты робіш, ад працэсу, то бок жывеш тым, што робіш… Калі я адчую, што мне надакучыць тое, што я раблю, то я займуся чым-небудзь іншым. І не для таго, каб трапіць на фэсты, а менавіта таму, што я так пажадаў. Час чалавека ж абмежаваны. Адзін з нешматлікіх рэсурсаў чалавека, які не аднаўляецца, – гэта час. І з гэтым нічога не зробіш. Мне б хацелася выкарыстоўваць гэты час на тое, што падабаецца мне.

111209 JMors 3.mp3
Еўрарадыё: Апошнім часам вас стала значна менш на тэлебачанні на радыё, але стала больш у інтэрнэце. Гэта наступствы скандалу з АНТ ды спробы адмяніць ваш канцэрт, ці вашае ўласнае жаданне?

Уладзімір Пугач: На АНТ мяне няма, думаю менавіта з гэтай нагоды, але на іншыя тэлеканалы я хаджу. Проста я хаджу рэдка, толькі калі мне цікава. Я стаў дазваляць сабе такія рэчы. Што тычыцца радыё, то не ведаю, але гледзячы па статыстыцы, там нашы песні раціруюцца. Інтэрнэт? Ну, так! Інтэрнэт – гэта значна больш эфектыўны сродак кантактавання з людзьмі, чым усе вышэй пералічаныя. За ім будучыня, чаму б і не! Мы зараз праект запусцілі з “Камсамолкай” – відэаблог. Мне задаюць пытанні, потым я ўрубаю камеру і на іх адказваю.


Еўрарадыё: У цябе ёсць яшчэ адзін блог, дзе ты выказваеш свае думкі наконт таго, што адбываецца навокал. Часта гэта вельмі моцныя ды крытычныя выказванні. З гэтай нагоды, ці варта працягваць лічыць J:Морс апалітычным гуртом?


Уладзімір Пугач: J:Морс – гэта музычны калектыў. Гэта нават не адзін чалавек, гэта група людзей, у кожнага з якіх свой светапогляд. Кожны з іх можа завесці свой блог і выказваць сваё меркаванне наконт любых падзей. І гэтае меркаванне можа абсалютна не супадаць з маім. Таму я не бачу ніякай сувязі паміж J:Морс і сваім меркаваннем наконт нейкіх пытанняў. Я завёў гэты блог, каб раздзяліць J:Морс і сябе, як грамадзяніна ды проста чалавека. Я ж заўсёды кажу, што не люблю, калі пераносяць на гурт, на творчасць сацыяльную пазіцыю.


Еўрарадыё: Але складана асобна ўспрымаць Уладзіміра Пугача і J:Морс, бо тыя ж самыя інтэрв’ю, датычныя гурта, ты даеш адзін. Ты фронтмэн, ты чалавек, які выказвае пазіцыю гурта.


Уладзімір Пугач: Ну, я размаўляю, так! У мяне ў адзінага няма музычнай адукацыі. Усе астатнія вельмі добра граюць на музычных інструментах, таму мне даводзіцца размаўляць за ўсіх.


Еўрарадыё: Тады пытанне да Уладзіміра Пугача! Мне стала вядома, што ты ўжо паўгода займаешся муай-тай…


Уладзімір Пугач: Я паўгода таму пазнаёміўся з Сяргеем Івановічам. Гэта такі знакаміты спартсмен, чатырохразовы чэмпіён свету. І ніякага дачынення да муай-тай гэта не мела. Мы проста згулялі пару разоў у шахматы. Адзін раз я выйграў, а адзін – прайграў, і мяне гэта вельмі закранула. Я увогуле, дзякуючы яму, перагледзеў сваё стаўленне да спартоўцаў, разбурыў стэрэатыпы, што спартоўцы – гэта такія мазгаломы бяздумныя. Там вельмі шмат тонкіх, цікавых людзей. Я не жадаў, упіраўся, але ён мяне зацягнуў у залу і зараз дапамагае мне гартаваць дух.


Еўрарадыё: То бок гэта не новая мода сярод беларускіх рокераў, якую пачаў Міхалок?


Уладзімір Пугач: Я не ведаў, што Міхалок займаецца муай-тай…


Еўрарадыё: Часам для цябе гэта не спроба пазбавіцца ад унутранай агрэсіі?


Уладзімір Пугач: Я пайшоў з-за цікавасці. У мяне як раз музыка ды тое, што я песні пішу, такі сродак выплеску назапашаных эмоцый. Тыя, хто больш тэмпераментны, ім, магчыма, трэба менавіта праз муай-тай выплёскваць. Але я там значна больш іншага для сябе знаходжу. То бок гэта не мірнае ўжыванне пэўнай негатыўнай энергіі, мяне захапляе сам працэс.


Еўрарадыё: А ўвогуле часта чым-небудзь захапляешся, займаешся, потым кідаеш і знаходзіш што-небудзь новае?


Уладзімір Пугач: Апошнім часам менш. Зноў жа, час, глядзі вышэй, мне часу шкада. Зараз стараюся, калі штосьці робіш, то рабіць, не кідаць.

111209 JMors 4.mp3
Еўрарадыё: Калі выпадае, калі хапае часу, то што ты слухаеш, чытаеш?

Уладзімір Пугач: Ды рознае! Апошнім часам я стаў менш чытаць мастацкай літаратуры, затое зараз чытаю геапалітыка Сэмюэля Ханцінгтана. 20 гадоў таму ён напісаў кнігу “Сутыкненне цывілізацый”. За апошнія 100 гадоў гэта, напэўна, адна з найбуйнейшых прац на гэтую тэму пасля Шпэнглера “Скон Еўропы”. Ён 20 гадоў таму разумеў і, натуральна, ведаў што будзе адбывацца ў наш час. Як будзе адбывацца пераарыентацыя культурных, эканамічных ды палітычных даменаў у свеце. З захаду на ўсход і гэтак далей. Карацей, ведаў і маўчаў, гад (смяецца). Вельмі цікава чытаць. А з мастацкага… я не ведаю. Усё больш перачытваю нейкія рэчы. Нядаўна Брэдберы “Віно з дзьмухаўцоў” перачытаў. З рускіх мне падабаецца такі дзядзечка Дзмітрый Ліпскераў – прыкольны. А вось Пялевіна абсалютна не люблю, у прынцыпе, як клас. Магчыма, мне не пашанцавала, я проста прачытаў яго адразу пасля Булгакава і яны ў мяне пайшлі ў параўнанні і неяк не на карысць Пялевіна.


Еўрарадыё: А музыка?


Уладзімір Пугач: Палітра шырокая, таму зразумела, што ўсё на свеце. Вельмі люблю слухаць старыя запісы Пітэра Гэбрыэла. Зараз выйшаў новы альбом Пола Саймана, мне падабаецца. Ёсць такі канадскі гурт Kings of Leon, у іх у 2010-м годзе вельмі прыкольны альбом выйшаў. Браян Фэры запісаў нядаўна афігенную пласцінку, напэўна, лепшае з таго, што я чуў. Карацей, слухаю ўсё!

Еўрарадыё: А маладых беларускіх музыкаў адсочваеш?


Уладзімір Пугач: Каб адсочваць, то не, але нешта трапляецца на вочы. Напрыклад, мне гурт Akute спадабаўся, вельмі бадзёрыя хлопцы. Мне нават іх запіс трапіўся, але ён быў не вельмі добра зроблены, няякасна. Але я іх нажыва паслухаў, класныя пацаны.


Еўрарадыё: Працягваючы тэму літаратуры. Я даведаўся, што ты таксама збіраешся напісаць кнігу, што гэта будзе?


Уладзімір Пугач: Ну, не тое, каб збіраюся! Я б хацеў, але ў мяне на гэта асабліва не хапае цярплівасці. Але гэта не мастацкая кніга. У нейкай форме, пра сябе, бо трансляваць я магу толькі ўласны жыццёвы досвед. Вось яго і буду трансляваць на базе нейкіх рэальных гісторый, можа, крыху схаваных. Не ведаю, можа, знайду магчымасці, бо мне б гэта было вельмі цікава, шчыра.


Еўрарадыё: Днямі з’явілася інфармацыя, што вы збіраецеся перавыдаць усе свае альбомы на флэшцы. Ці будзе што-небудзь новае на гэтай складанцы.


Уладзімір Пугач: Апошняе, што мы выдалі, гэта альбом “Электричество”, ён там натуральна будзе. Заманух, хутка запісаных, каб там была новая песня, не будзе. Мы грунтоўна падыдзем да запісу новай музыкі і зоймемся гэтым пасля Новага года.


Еўрарадыё: А за час тура шмат новага матэрыялу напісалася?

Уладзімір Пугач: У мяне ёсць пэўная колькасць матэрыялу. Ведаеш, як яно бывае? Назапашваецца нейкая колькасць урыўкаў, накідаў, але песнямі гэта не назавеш. Потым ты ўжо сядаеш, калі вобразна, то раскладаеш гэта ўсё перад сабой на стале, і пачынаеш з гэтага нешта ляпіць. Гэты працэс у мяне яшчэ наперадзе.

Еўрарадыё: Але новы дыск ужо плануецца?


Уладзімір Пугач: Я не думаю альбомамі. Падазраю, што ўжо і не трэба так думаць. То бок, я збіраюся запісаць некалькі новых песень і проста іх паказаць. Пакуль я не ведаю, як гэта будзе… будзе гэта альбом ці проста набор сінглаў.

111209 JMors 5.mp3

Еўрарадыё: Альбом “Электричество” быў такой спробай эксперыментаваць, а на новых песнях таксама будзеце спрабаваць нешта новае?

Уладзімір Пугач: “Электричество” проста быў запісаны крыху не так, як мы раней працавалі. У нас не было стрыжнявога аранжыроўшчыка, які адсочваў агульную канцэпцыю. Мы рабілі ўсё ў старым, класічным ключы, калі ўсе музыкі збіраліся ў студыі і важдаліся з песнямі, прапаноўвалі нешта, думалі. Пласцінка атрымалася самай калектыўнай па паходжанні. Кожны з музыкаў нешта ўнёс, таму яна сапраўды агульная атрымалася. Напэўна, і новыя песні так будуць пісацца. Паспрабуем зрабіць так, каб было не сумна. Я па жыцці эгаіст, таму галоўнае – каб мне было не сумна гэтым займацца.


Еўрарадыё: З гурта часова сышоў клавішнік і асноўны аранжыроўшчык Дзяніс Варанцоў, ва ўсялякім выпадку, так казалі раней, а Косця Гарачы займае яго месца часова…


Уладзімір Пугач: Так, Варанцоў зараз у Маскве. А Косця – музыка маштабны, і ён фрылансер паводле сваёй жыццёвай філасофіі. Яго можна запрашаць да бясконцасці, і ў нас з ім вельмі добра атрымліваецца працаваць. Я вам адкрыю таямніцу, што дзве траціны альбома “Электричество” запісаныя менавіта Косцем, а не Дзянісам. Ён у тэме, яму зразумела, як з намі працаваць. Не ведаю, як будзе складацца гэтая гісторыя ў наступным годзе, але магчыма, што Дзяніс застанецца ў Маскве. Тады цалкам магчыма, што наступную працу, якую мы будзем рабіць, мы будзем рабіць з Косцем. Я яму пакуль афіцыйна гэтага не прапаноўваў, але, напэўна, так яно і атрымаецца.


Еўрарадыё: Ці не збіраецеся выдаваць яшчэ адзін цалкам беларускамоўны дыск?


Уладзімір Пугач: “Адлегласць” быў спецпраект, бо песні на яго адбіраліся менавіта па моўным крытэрыі. Але не таму, што мы ў гэтым годзе напісалі гэтыя песні і так выпадкова атрымалася, што яны ўсе на беларускай мове. Гэта не так, бо ў мяне не атрымліваецца пісаць адну за адной песні на беларускай мове. Я магу напісаць дзве-тры, а астатнія – на рускай. У мяне так. Таму, ці чакаць, пакуль назбіраецца песень на альбом, ці зрабіць яшчэ адзін спецпраект. Ну, не ведаю, паспрабую, напэўна. У мяне ўвогуле даўно спее ідэя, запісаць пласцінку народных песень на палескім дыялекце, бо я сам з паўднёвага Палесся. Але на гэта патрэбны час. Магчыма, пасля Новага года гэтым займуся. Мне б цікава было.


Еўрарадыё: І напрыканцы некалькі слоў пра канцэрт, які будзе ў Мінску!


Уладзімір Пугач: У нас прэзентацыя альбома “Электричество” ў Мінску ўжо была, у тым жа Палацы спорту. Тады мы сабралі рэкордную для нас колькасць людзей, і гэта як наркотык падсаджвае і хочацца яшчэ. Разумеючы, што ў гэтым годзе мы паказваем тую ж праграму, што ўжо паказвалі, мы яе спрабуем змяніць. То бок будзе новы матэрыял, будзе тое, што мы даўно не выконвалі, будзе адноўлены асацыятыўны відэашэраг, святло, будуць запрошаныя музыкі… Ну, і я таксама выступлю ў цікавым амплуа ў межах канцэрту. Але падрабязна казаць не буду, навошта, ніхто ж тады не прыйдзе. Карацей, будзем старацца.


Нагадаем, вялікі канцэрт J:Морс “Электрификация всей страны” пройдзе ў Палацы Спорту 19-га снежня. Пачатак а 19-й гадзіне.

Квіткі каштуюць 35000-80000, танцпол – 50000 рублёў.

Даведкі і замова квіткоў +375 17 2032733.

Загалоўнае фота з партала forum.lida.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі