Управу БНФ вартавала партыйнае кіраўніцтва
З сённяшняга дня, у чаканні сілавога высялення, зноў пачаліся вахты на ўправе Партыі БНФ.
Нагадаем, калегія Мінскага гаспадарчага суда ўчора пакінула без змены ранейшае рашэнне пра высяленне Партыі БНФ з Сядзібы. Рашэнне пачало дзейнічаць з моманту абвяшчэння. Цяпер камунальнікі маюць законнае права ў любы момант выселіць партыю.
Па словах намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, для тэрміновага вырашэння сітуацыі збіралася ўправа партыі — учора ўвечары і сёння раніцай.
"Мы робім усё, каб захаваць рэгістрацыю Партыі БНФ", — кажа Кастусёў. Яшчэ застаецца некалькі варыянтаў офісаў (дарэчы, не самых зручных), у сталіцы і ў іншых гарадах, куды б маглі пераехаць фронтаўцы. Кастусёў спадзяецца, што "ўлады не будуць пярэчыць уладальнікам гэтых офісаў".
Аднак сыходзіць з управы Партыя БНФ не збіраецца. Зноў адноўленае дзяжурства, сёння раніцай у ім брала ўдзел усё партыйнае кіраўніцтва.