Vinsent: Хачу канкурэнцыі!
Самы шматабяцальны беларускі рэпер распавёў пра асаблівасці будучага альбома і паставіў дыягназ айчыннай рэп-плыні.
Пра "жывы" склад і новы альбом
Еўрарадыё: Твой выступ падчас акустычнага “Тузіна” выклікаў шквал пазітыўных водгукаў. Рэпер Vincent быў адкрыты наноў як выдатны “жывы” выканаўца. Ці збіраешся ты і надалей працаваць у “жывым” фармаце?
Vinsent: Так, канешне, нездарма ж я збіраў “жывы” склад! І мы будзем альбом запісваць у такім складзе. Спадзяюся, яго хутка падрыхтуем і ўвосень прыступім да запісу.
Еўрарадыё: Чаму ты звязаўся менавіта з гэтымі музыкамі?
Vinsent: Складана сказаць, чаму дакладна. Напэўна, першы паказчык тое, што яны прафесіяналы. Гэта самае галоўнае. Так, магчыма, супала нешта, і мы з імі пазнаёміліся, менавіта з гэтымі музыкамі. Але яны мяне задавальняюць па сваім прафесійным складніку, у нас усё атрымліваецца, гледачу падабаецца. Пакуль што будзем працаваць у гэтым складзе і нікога не будзем выганяць, хаця, магчыма, каго-небудзь за правіны якія-небудзь і пагонім.
Еўрарадыё: У вас так усё сур’ёзна?
Vinsent: Так. Калі карма вырастае ў нейкага чалавека да пэўнага паказчыка, то мы яго выганяем. Бывае, скідваем са скалы.
Vinsent падчас вялікага жывога канцэрта ў Рэактары ў красавіку
Еўрарадыё: Распавядзі пра будучы альбом. Такім чынам, увосень вы засядзеце за яго запіс.
Vinsent: Я спадзяюся, што восенню — не факт, што атрымаецца. Таму што, як звычайна гэта бывае ў нас, — плануеш на восень, а выйдзе ён восенню праз год.
Еўрарадыё: Апроч таго, што гэта будзе “жывы” альбом, чым яшчэ ён будзе адрознівацца ад тваіх папярэдніх прац?
Vinsent: Ён будзе адрознівацца ў першую чаргу гучаннем, ну і тэкстава, я думаю, ён стане цікавейшым. Тэксты будуць правераныя, будуць выбудаваныя пэўныя канструкцыі, то бок, будзе адбор. Я ўвогуле планую запісаць песень 20, напрыклад, і ў альбом уключыць 12-13 кампазіцый. То бок, будзе адбор і музычны, і тэкставы. Што да аранжыровак, я не ведаю, якімі яны атрымаюцца, таму што гэта творчы працэс, і многія песні яшчэ нават не напісаныя – ёсць тэксты, а аранжыровак пакуль няма. Але я думаю, што ў кожным разе альбом будзе цікавым, бо няякасны альбом мы выдаваць не будзем. Не будзем спяшацца, канешне: трэба, каб гэта было ўсё неяк своечасова, у эпоху. Я пакуль што не ведаю: магчыма, мы будзем выкідваць некаторыя песні да альбома, кшталту сінглаў, а, магчыма, увесь альбом адразу, то бок, маўчаць, маўчаць, маўчаць, а потым — НА альбом!
Еўрарадыё: Ён будзе выкладзены ў інтэрнэце?
Vinsent: Канешне! Я не лічу, што зараз трэба выдаваць альбом на дысках і абмяжоўваць людзей. Гэта абсалютна бессэнсоўна, таму што наклады дыскавыя маленькія, па-першае. Па-другое, навошта гэта рабіць — абмяжоўваць — ён будзе ў інтэрнэце ў любым выпадку: выдасі ты яго на дысках, а праз гадзіну пасля рэлізу ён будзе ўжо на торэнтах вісець. Дык лепей адразу заліць яго, каб людзі пампавалі і атрымлівалі асалоду. Я таксама так раблю. Магчыма, нам трэба ісці да нейкай аплаты за інтэрнет-рэлізы, як тое прынята на Захадзе. Я зараз, напрыклад, бясплатна альбомы сам спампоўваю. Мне трошкі сорамна, але няма сістэмы нейкай. Можа й ёсць, але ў нас не распаўсюджана. Я б музыкам аддзякаваў нечым. Хаця зноў жа, электронныя грошы, ісці ў банк, класці — то бок, не тое што шкада, клапотна.
Пра беларускі рэп
Еўрарадыё: Што цікавага зараз адбываецца ў беларускай рэп-плыні? Ці рухаецца яна ў нейкі бок?
Vinsent: Я лічу, што гэта мёртвы кірунак зараз, ён амаль што не развіваецца чамусьці. Няма сур’ёзных артыстаў. Увогуле я ўсё гэта магу назваць дзіцячым садком. Я лічу, што стан кепскі, блізкі да клінічнай смерці. Але ёсць светлыя плямы, асабліва рэлізы беларускамоўных выканаўцаў. Нешта з’яўляецца, але вельмі мала. Хацелася б больш, канешне, і больш канцэртаў. І хочацца, каб гэтая плыня развіртуальвалася, бо яна ў асноўным у інтэрнэце. Хочацца, каб яна выходзіла да людзей, а яны сядзяць там паміж сабою: “Зацані мой фул, оё-оё”, — міжсабойчыкі ладзяць і ўсё. Там за інтэрнэтам таксама людзі! У сэнсе, яны толькі там і ёсць — за віртуальным сецівам гэтым. Трэба вылазіць і ісці да людзей. Трэба граць канцэрты. Трэба мець кантакт з публікай. Лічаныя адзінкі ў рэп-плыні могуць сказаць, што ў іх ёсць нармальныя канцэрты, што ў іх ёсць публіка. Жанр, канешне, у глыбокім застоі.
Еўрарадыё: А ці варта варушыць гэтую плыню?
Vinsent: А я не ведаю…
Еўрарадыё: Ці, можа, кірунак не надта блізкі па духу беларусам, ну і фіг з ім?
Vinsent: Ну, рок таксама афрыканцы стварылі… І што, нам усім рухаць “Стары Ольса” і “Троіцу” толькі? Нейкія іншыя кірункі ж павінны быць! Няхай музыкі думаюць, ці варта рухаць. Я кажу, што ёсць на дадзены момант. На дадзены момант гэта дрыгва нейкая. Хацелася б, каб была пяцёрка такіх сур’ёзных артыстаў, каторыя б выдавалі рэлізы , у каторых была б свая публіка, канцэрты і г.д. Гэта б стымулявала, гэта б матывавала працаваць і нешта рабіць. Таму што я гэтым займаюся вельмі сур’ёзна, я хачу, каб гэта было маёй прафесіяй. Фактычна, зараз так гэта і ёсць — амаль што цалкам гэта і ёсць мой асноўны занятак. Але мне не хапае канкурэнцыі! Я лічу, што кірунак варты, каб яго рухаць і развіваць. А яны хай вырашаюць, ці будуць яны гэта рабіць. Я раблю проста песні, я пішу песні, а як яны ўплываюць на культуру, развіваюць яны яе ці не, я не магу сказаць. Ну, напэўна, развіваюць. Не ведаю. Для мяне гэта не самамэта.
Еўрарадыё: А якая твая самамэта?
Vinsent: Мая самамэта — выказваць свае думкі праз свае песні.А тое, на што яны ўплываюць далей у глыбокім сэнсе, — развіваюць яны хіп-хоп культуру, не развіваюць — я не клапачуся пра гэта. Я не лічу, што артыст павінен быць увогуле прывязаны да нейкіх ярлыкоў кшталту “ты развівай рэп, а я развіваю фольк”. Рабі проста сваю музыку! Чамусьці ёсць такія катэгарычныя людзі, якія кажуць, што “я — металіст, а ты — няверны”. Я метал сам слухаю, напрыклад, час ад часу. Мне цікава паслухаць нейкую метал-песню і зразумець, чаму аўтар менавіта так напісаў, адкуль вось гэтая дзесьці агрэсія, дзесьці больш лайтовыя моманты. Я гэтую музыку не разумею, але агульныя флюіды адчуваю. Мне цікава паслухаць. Я не крычу, што я — рэпер, я лічу, што гэта — кіданне ў скрайнасці. Навошта? Проста рабі сваю музыку, а ўжо слухач, журналіст вызначыць, што гэта за стыль, на што ты ўплываеш і г.д.
Vinsent падчас акустычнага "Тузіну" у Графіці
Еўрарадыё: А што ты ўвогуле слухаеш?
Vinsent: Я вельмі розную музыку слухаю. Апошнім часам індзі-рок, напрыклад. Arctic Monkeys я люблю з заходняга. Ну, рэп я слухаю, канешне. Рэп — гэта жанр, у якім вельмі важна разумець тэкст. На жаль, я па-англійску не вельмі добра разумею, гаворка ідзе пра разуменне нават з акцэнтамі ўсімі ўсе тэксты даслоўна, амерыканскія ці заходнія англамоўныя. Праўда, я не скажу, што слухаю многа рэпу, але нешта для сябе падкрэсліваю ўвогуле ў гучанні і т.д. Адтуль, з Захаду, па-першае, трэба браць гучанне. А сэнс у нас ёсць абсалютна свой. Зараз на Захадзе сэнсавы складнік губляе моц у рэпе, і ва ўсім. Ужо колькі гадоў чытаюць пра адно і тое ж, толькі трошкі нешта мяняюць. У прынцыпе, там публіцы гэта цікава, хаця тэксты могуць быць абсалютна неглыбокімі па зместу. У нас чамусьці лічыцца, што тэкст трэба пісаць глыбокім, ён мусіць быць прадуманым, павінна быць выбудаваная структура. Там гэта прасцей. Я лічу, што наш прыклад лепшы. У гэтым сэнсе нашая музыка тэкстава больш авангардная. Там гэта больш масава, больш разлічана на масавага слухача. Таму ў іх трэба браць гучанне — вось чаму трэба вучыцца нашым саўндпрадзюсарам, і слухаць, і чэрпаць нешта для сябе музыкам. А тэкстава, я думаю, мы самі зробім не горш, прынамсі.
Еўрарадыё: У інтэрнэце з’явіліся чуткі, што поп-спявак Аляксандр Патліс збіраецца запісаць з табой сумесную песню…
І пра Патліса
Vinsent: Я ведаю Аляксандра Патліса. І была такая размова, каб ці зрабіць нешта сумеснае з ім, ці, напрыклад, каб я яму зрабіў пераклад якой-небудзь песні. Таму што я час ад часу пішу пераклады на беларускую мову розным гуртам. Многія сутыкаюцца з такой штукай, што калі яны едуць у Еўропу, напрыклад, выступаць, там не цікава англійская, руская мовы. У іх пытаюцца: “Хлопцы, а вы адкуль? З Беларусі? А што вы спяваеце? Нам не цікава. Тут кожны дзень гурты на такіх мовах спяваюць. Давайце на сваёй!” Дык вось. Я перакладаў час ад часу, ну і мы з Патлісам гутарылі: ці перакласці, ці зрабіць сумесную песню. Пакуль што гэтая справа плёну не мае. Не ведаю, што будзе. Магчыма, і нічога не будзе.
Фота: www.ultra-music.com, www.generation.by