Вольга Бандарэнка: Зміцер радуецца ўсім, хто выходзіць на свабоду
Жонка палітвязня Змітра Бандарэнкі кажа, што Зміцер прасіць памілавання не будзе, але не асуджае тых, хто гэта зрабіў.
Еўрарадыё: Ваш муж можа быць у спісе тых, каго памілаваў Лукашэнка?
Вольга Бандарэнка: Калі ён памілаваў толькі тых, хто пісаў прашэнне, то майго мужа там не будзе, бо на гэтую тэму мы размаўлялі на спатканнях некалькі разоў.
Еўрарадыё: А калі вы апошні раз бачыліся са Змітром?
В. Бандарэнка: Пазаўчора, у сераду, у мяне было спатканне з ім. І мы закранулі гэтую тэму. Зміцер сказаў, што ён, вядома, нічога пісаць не будзе. Тым не менш, я зараз чытаю каментарыі аб тым, што самыя стойкія лідары супраць таго, што нехта піша прашэнне аб памілаванні. Але гэта не так. Прынамсі мой муж, ён радуецца за ўсіх, хто выходзіць на свабоду, і калі чалавеку для гэтага трэба пісаць ліст, то гэта іх справа, сам ён не будзе, але ён нікога не асуджае. Мы толькі рады за іх.
Еўрарадыё: Кажуць, што такія лісты аб памілаванні могуць пісаць сваякі палітвязняў, у вас была думка напісаць такі ліст?
В. Бандарэнка: Была. Перад аперацыяй я сядзела, я была пасля апошняга спаткання з ім, у мяне было пачуццё безвыходнасці — і без аперацыі кепска,і пасля аперацыі кепска, ехаць на зону... Я нават пачала складаць ліст, але на фазе звароту я застапарылася, я не ведала, як звяртацца, і на гэтым усё скончылася.
Еўрарадыё: Вы Змітру пра гэта распавядалі, як ён адрэагаваў на?
В. Бандарэнка: Так. Ён пасмяяўся, што на фазе звароту ліст скончыўся.
Еўрарадыё: Але не забараняў так рабіць?
В. Бандарэнка: Не, проста выслухаў, заўсміхаўся.
Еўрарадыё: Вы спадзеяцеся, што Змітра могуць вызваліць і без памілавання?
В. Бандарэнка: Я калі ўчора пачула, у мяне прынамсі невялікая надзея з’явілася. Я падумала, што столькі з ім валтузні і столькі каля яго шуму, што ім было б выгадна. Тым больш, у яго літаральна праз некалькі дзён, 20-га чысла, будзе траціна тэрміна, і ён можа напісаць заяву на змяненне рэжыму.
Еўрарадыё: Ён будзе пісаць гэтую заяву?
В. Бандарэнка: Вядома. На змяненне рэжыму, так, ён будзе пісаць, бо гэта па законе належыць. Справа ў тым, што ўжо пісалі наконт Дзімы, і БАЖ пісаў, і шматлікія людзі пісалі на імя Лукашэнкі, каб яго памілавалі. Калі ён захоча, то ён памілуе. Але, паколькі там цвёрда сказана, што людзі павінны пакаяцца, усвядоміць сваю віну, то, не ведаю, думаю, Дзіма сваю віну "не ўсвядоміў”.
Еўрарадыё: Як сябе адчувае Зміцер? Як атмасфера ў яго палаце, там і далей знаходзяцца тры чалавекі, якія яго ахоўваюць?
В. Бандарэнка: Так, тры чалавекі. І ён казаў, што менавіта гэта вельмі складана, бо няма ніякіх зносінаў увогуле. Я так разумею, што з аховай яму размовы забароненыя. Ён казаў, што вельмі цяжка без размоваў, і вельмі цяжка, калі ўвесь час за табой назіраюць, можа, цяпер крыху прызвычаіўся, але спачатку было вельмі цяжка... Са здароўем незразумела, бо гэта вельмі доўгі працэс. Гэта месяцы, пакуль гэта ўсё будзе аднаўляцца”.
Еўрарадыё: Але ён сябе адчувае лепш, горш яму не стала?
В. Бандарэнка: Горш, дакладна, не стала. Калі будзе аднаўленчы перыяд, то я спадзяюся на лепшае.
Еўрарадыё: Ці вядома, колькі часу ён будзе знаходзіцца ў лякарні?
В. Бандарэнка: Пакуль яму робяць лазерную тэрапію, дзесьці па тэрмінах, яна ідзе да аўторка-серады. Калі прызначаць нейкае яшчэ лячэнне, то, магчыма, яшчэ затрымаюць, а калі не, то, напэўна, яго забяруць. Я ўчора сустракалася з лекарам турэмнай бальніцы, яна зноў мне пацвердзіла, што яны нікога не забіраюць, што як аддадуць, то так і будзе. Насамрэч, у мяне ёсць інфармацыя, што яго ўвесь час спрабуюць адтуль выцягнуць.
Фота — bymedia.net