Ворсін: Мы рыхтуемся да чэмпіянату 2014 года. І правядзем яго
Пра ўнясенне ў парадак дня кангрэсу Міжнароднай федэрацыі хакея пытання аб пераносе чэмпіянату кіраўнік Беларускай хакейнай федэрацыі нічога не ведае.
Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) унесла ў парадак травеньскага пасяджэння пытанне пра перанос чэмпіянату свету 2014 года з Беларусі.
“Мы атрымалі інфармацыю, што Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) уключыла гэтае пытанне ў парадак дня травеньскага кангрэсу федэрацыі. Хачу нагадаць, што гэта адбываецца і дзякуючы акцыі еўрадэпутата Марэка Мігальскага, які пачаў збіраць подпісы пад петыцыяй аб адмене чэмпіянату ў Мінску, якія потым адсылаліся ў нацыянальныя федэрацыі хакея”, — паведамляе ў рассылцы памочніца дэпутата Еўрапарламента ад Польшчы Марэка Мігальскага Соня Нандзік.
Кіраўнік Беларускай федэрацыі хакея Яўген Ворсін пра ўнясенне “беларускага пытання” ў парадак пасяджэння IIHF нічога не ведае. Але адразу ж праводзіць прэс-канферэнцыю, на якой кажа, што чэмпіянат свету 2014 года, як і планавалася раней, адбудзецца ў Мінску.
Яўген Ворсін: “Я ўвогуле не каментую гэтыя заявы без спасылкі на крыніцу. Нічога мы не разглядаем. Патрэбна, каб былі нейкія афіцыйныя заявы. Акрамя дэкларацыі, якую прыняў Еўрапарламент, нічога няма. Мы кажам толькі адно: мы рыхтуемся да правядзення чэмпіянату. І ніякіх іншых каментарыяў не даем. І будзем ў 2014 годзе яго праводзіць”.
У адным з нядаўніх інтэрв’ю кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі ў Беларусі забяруць гэты турнір — гэта будзе сур’ёзным ударам па іміджы сусветнага спорту.
Але з ім не пагаджаецца вядомы ў мінулым хакеіст і цяперашні еўрадэпутат Петэр Шцясны. Раней у размове з Еўрарадыё ён выказваў меркаванне, што забарона спартовых мерапрыемстваў мае і станоўчыя вынікі.
Петэр Шцясны: “Некаторыя рэчы важнейшыя за спорт. Гэта маё асабістае меркаванне і проста здаровы сэнс. Не трэба ўзнагароджваць дыктатарскі рэжым, які так брутальна абыходзіцца са сваімі людзьмі. Федэрацыя павінна разумець, якія наступствы будзе мець правядзенне чэмпіянату ў такіх умовах”.
Петэр Шцясны заклікае адмяніць правядзенне чэмпіянату свету ў Мінску, пакуль Аляксандр Лукашэнка не вызваліць усіх палітвязняў і не ўвядзе мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі.
Статут Міжнароднай федэрацыі хакея прадугледжвае, што яе Рада можа ўзняць пытанне аб пазбаўленні права прымаць чэмпіянат. Але сярод прычын — у асноўным тэхнічныя:
1.Нацыянальная хакейная асацыяцыя не выканала матэрыяльныя перадумовы, на якіх атрымала права правядзення чэмпіянату;
2.Нацыянальная хакейная асацыяцыя не можа выканаць свае абвязкі па падпісаным кантракце;
3.Нацыянальная хакейная федэрацыя дапусціла значнае парушэнне падпісанага кантракта;
4. Ёсць прычына для занепакоенасці аб здароўі альбо вольным перамяшчэнні гульцоў, афіцыйных прадстаўнікоў, гледачоў і СМІ.
У цяперашнім складзе Рады IIHF — 13 прадстаўнікоў розных краін: па адным з ЗША, Канады, Чэхіі, Фінляндыі, Швецыі, Швейцарыі, Германіі, Славакіі, Славеніі, Люксембурга, Іспаніі, Японіі і Расіі.
Калі яны ўсё ж вырашаць вынесці пытанне па Беларусі на галасаванне хакейнага кангрэсу, то ўсё будзе залежаць ад нацыянальных федэрацый.
Для пераносу месца чэмпіянату патрэбная простая большасць галасоў. У Міжнароднай федэрацыі права голаса мае 51 хакейная краіна. З іх 26 дзяржаў — гэта сябры ЕС, а таксама ЗША і Канада, якія крытыкуюць беларускія ўлады.
Фота: photobelta.by
Міжнародную федэрацыю хакея заклікаюць адмяніць чэмпіянат у Беларусі. Гісторыя пытання
Хакейныя федэрацыі: Ці будзе чэмпіянат у Мінску, вырашаем не мы, а кангрэс
Петэр Шцясны: Забарона спартовых мерапрыемстваў у гісторыі мела вынікі