Вярхоўны суд не задаволіў скаргу БХК

Прысуд суддзі Вярхоўнага суда па скарзе Беларускага хельсінскага камітэта заняў 7 хвілін. Яго заключныя словы для беларускіх праваабаронцаў несуцяшальныя.

"Ацаніўшы прадстаўленыя доказы, Суд прыходзіць да высновы, што факт парушэння грамадскім аб'яданнем падатковага заканадаўства меў месца. Міністэрства юстыцыі абгрунтавана, у адпаведнасці з патрабаваннем закона вынесла пісьмовае папярэджанне. Довады прадстаўнікоў БХК не змяшчаюць законных падставаў для задаволення скаргі. Суд вырашыў у задавальненні скаргі БХК адмовіць. Рашэнне набывае законную сілу неадкладна пасля яго агалошання. Канстытуцыйнаму абскарджванню не падлягае".

Можна, аднак, падаць наглядную скаргу на імя старшыні Вярхоўнага Суда. Але намеснік старшыні БХК Гары Паганяйла лічыць, што ў гэтым выпадку "справядлівасць не пераможа".

Рашэнне Вярхоўнага суда праваабаронца лічыць незаконным  і палітычна матываваным. Па словах Гары Паганяйлы, падаткі з тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза арганізацыя плаціць не мусіць. Ён дадае, што бенефіцыярамі праграмы ТАЦІС у Беларусі былі каля 50 арганізацый, а падатковыя прэтэнзіі выстаўляюць толькі да БХК. Гаворка пра суму каля 200 млн рублёў.

Гары Паганяйла: "Пакуль з нас спагналі каля 255 тысяч рублёў. Мы не маем ані грашовых сродкаў, а ні маёмасці, мы не займаемся камерцыйнай дзейнасцю. Таму не маем магчымасці аплаціць такую запазычанасць".

Праваабаронца кажа, што цяпер Мінюст можа пайсці на ліквідацыю арганізацыі.

Гары Паганяйла: "Праз месяц, калі мы не зможам пагасіць запазычанасць, Міністэрства Юстыцыі можа звярнуцца ў Вярхоўны суд наконт прыпынення дзейнасці арганізацыі. Хутчэй за ўсё гэта і было спланавана".

Нават гэта дзейнасць праваабаронцаў у Беларусі не спыніць, запэўніў Гары Паганяйла.

Фота: "Радыё "Свабода".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі