Выплаты па крэдытах, “завязаных” на стаўку рэфінансавання, выраслі на 50%?
А пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах ужо складае 1,1 мільярда. З пачатку года яна павялічылася на 200 мільёнаў рублёў.
Людзей, якія бралі крэдыты, “завязаныя” на стаўцы рэфінансавання, “Беларусбанк” пачаў пераводзіць на фіксаваныя стаўкі. Зараз, калі СР рэгулярна расце, ужыванне плаваючых працэнтных ставак значна павялічвае рызыку ўзнікнення пратэрмінаванай запазычанасці, патлумачылі Еўрарадыё ў банку.
Прэс-сакратар "Беларусбанка" Ларыса Грынько: "Стаўка была 10,5%. А пасля яна павялічвалася, і цяпер — 20%. І вы ўяўляеце, калі крэдыт прывязаны да стаўкі, значыць, і працэнт па крэдыце будзе ўвесь час расці! А калі быў жорстка 25% або 17%, дык так і застанецца".
На запыт Еўрарадыё спецыялісты “Беларусбанка” паведамілі дзіўную лічбу: "...пры павелічэнні стаўкі рэфінансавання на 1 п.п. памер штомесячнага плацяжу па крэдыце павялічваецца ў сярэднім на 5%". Стаўка рэфінансавання з пачатку года вырасла на 9,5%. Калі верыць спецыялістам “Беларусбанка”, выплаты па крэдытах павінны былі павялічыцца ажно на 9,5*5 = 47,5%. У прэс-службе банка самі засумняваліся ў гэтай лічбе…
Ларыса Грынько: "Так не мусіць быць — гэта вельмі шмат. Ну яна, безумоўна, расце, але не на 5%. Таму і ўсталявалі фіксаваную".
Супрацоўніца банка, якая рыхтавала адказ на запыт Еўрарадыё, знаходзіцца ў камандзіроўцы. Па яе вяртанні мы высветлім, адкуль узялася такая дзіўная лічба.
Вяртаемся да пераводу людзей на фіксаваныя стаўкі. Паводле словаў прэс-сакратаркі “Беларусбанка”, у першую чаргу на іх пераафармляюць шматдзетныя сем'і:
Ларыса Грынько: "Там была стаўка + нейкі працэнт. Яны атрымоўвалі пад 17%. Гэта была стаўка + некалькі працэнтаў. Але банк прыняў рашэнне зафіксаваць на ўзроўні 14%... Таму стаўка будзе расці, а ім застанецца гэты паказчык. Людзі ведаюць, на якую суму яны могуць разлічваць, колькі яны заплацяць і ці здольныя яны вярнуць узяты ў банка крэдыт".
Згодна з інфармацыяй банка, доля крэдытаў, працэнтныя выплаты па якіх залежаць ад змены стаўкі рэфінансавання, у агульнай суме крэдытаў — нязначная. І не перавышае 1%.
"Беларусбанк": “Паколькі 99% крэдытнага партфелю фізічных асобаў складае запазычанасць з фіксаванымі працэнтнымі стаўкамі, павелічэнне стаўкі рэфінансавання не паўплывала негатыўна на паказчыкі дзейнасці банка і не прывяло да пагаршэння якасці актываў”.
Крэдытная ж запазычанасць насельніцтва "Беларусбанку" з пачатку года павялічылася на 20%. І сёння складае 19 трыльёнаў рублёў.
"Беларусбанк": “У той самы час пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах насельніцтва за шэсць месяцаў павялічылася на 200 мільёнаў рублёў і на 1 ліпеня гэтага года склала 1,1 мільярд рублёў”.
Што датычыцца крэдытаў, выплаты па якіх залежаць ад памеру стаўкі рэфінансавання, пратэрмінаваная запазычанасць па такіх крэдытах складае 26 мільёнаў рублёў (2% у агульным аб'ёме пратэрмінаваных крэдытаў насельніцтва).
Нагадаем, 13 ліпеня Нацбанк у шосты раз з пачатку года павысіў стаўку рэфінансавання. Агулам за апошнія 4 месяцы яна вырасла на 9,5% — з 10,5% да 20%. І, як паведамілі ў Нацбанку, працягне расці!