Як прайсці мяжу з Літвой за 23 хвіліны?
Калі кожны беларус, хто мае літоўскую візу, захоча з'ездзіць у Вільню хаця б раз на выхадныя, мяжу павінны перасякаць 2800 чалавек.
Да літоўскай сталіцы можна даехаць аўтобусам, цягніком ці на машыне. Еўрарадыё вырашыла паглядзець, які варыянт найбольш хуткі, зручны і ўвогуле магчымы.
"Квіткоў ні на 8:20, ні на 9:20 на гэтую суботу няма, на наступную засталося 8 квіткоў на 9:20", — "абломваюць" у аўтобусных касах, і раяць паспрабаваць патрапіць на калініградскі аўтобус а 6 раніцы.
Каб паехаць у Вільню аўтобусам, трэба паклапаціцца аб квітках мінімум за два тыдні. Каштуе дарога 120 тысяч рублёў у адзін бок.
Тады цягніком. Але на бліжэйшыя выхадныя з квіткамі таксама праблема. Справа ў тым, што калі вы хочаце паехаць у Вільню раніцай у суботу, то ўжо не атрымаецца ні на гэтым тыдні, ні на наступным. Бліжэйшыя квіткі на цягнік а 7:45 ёсць толькі на суботу 17 лістапада. На бліжэйшы ўікэнд ёсць квіткі на цягнік, які прыязджае ў Вільню амаль апоўначы.
З Мінска ў Вільню ходзяць два цягнікі. Адзін едзе з беларускай сталіцы а 7:45, а назад вяртаецца а 18:10. На яго квіткоў нуль. Зусім няма.
Другі з Мінска ў Вільню едзе а 18:50, а назад выязджае а 6:05. На гэтыя выхадныя па 100 (!) квіткоў у абодва бакі.
Едзе цягнік 3 гадзіны, каштуе 80 тысяч рублёў за агульны і сядзячы вагон, 180 тысяч рублёў — за купэйны.
Навошта ў Вільню ганяць напаўпусты цягнік у нязручны час, замест таго каб пусціць дадатковы ў зручны?
Жадаеце паспрабаваць на аўтамабілі? 180 кіламетраў ехаць гадзіны 2-3, плюс яшчэ ад адной да трынаццаці гадзін пастаяць на мяжы! Але вынаходлівыя беларусы знаходзяць спосаб, пра гэта далей.
"Прыехалі, кінулі машыну каля мяжы, а на тым баку нас сустрэлі. Калі праходзіш літоўскую мяжу, ёсць запраўка, і там заўсёды таксі, ці можна папрасіць, каб выклікалі на запраўку таксі. Шмат народу так праходзіць. Чарга была машын у 200, а мы праходзілі пешшу, і пасля нас ужо ўтварылася чарга з жадаючых прайсці пешшу. Прайшлі мяжу за 23 хвіліны", — блогер Яўген Ліпковіч дзеліцца сваім досведам паездак у Вільню.
На жаль, каля "Каменнага логу" стаянка не ахоўваецца.
"Было б ідэальна, каб літоўцы аўтобус запусцілі ад запраўкі да Вільні, а ў нас бы зрабілі платную стаянку, як у аэрапорце", — кажа Яўген Ліпковіч.
Не выключна, што гэта хутка з'явіцца. Бо лічбы выдадзеных літоўскіх віз уражваюць — 146 тысяч за 2011 год, на 40 тысяч віз больш, чым у 2010. Можна меркаваць, што сёлета будзе яшчэ больш.
Калі ўявіць, што кожны беларус, які мае літоўскую візу, захоча з'ездзіць у Вільню хаця б адзін раз на выхадныя, то кожны ўікэнд мяжу павінны перасякаць 2800 чалавек. Немаленькая чарга!
Фота і інфаграфіка — Еўрарадыё