Як трэба браць дазвол, каб сфатаграфавацца на вуліцы?

120814 Swiardlou Zakon1.mp3

Дэпутат Анатоль Глаз сцвярджае, што фатаграфаванне нельга лічыць пікетам, і за гэта немагчыма прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.

“Кожны грамадзянін мае права сфатаграфавацца нават са слупом. У законе ёсць трактоўка, што такое пікетаванне. Гэта дзеянне! Чалавек павінен з мэтай, якую ён пераследуе, з плакатам ці лозунгам стаяць, ці пляскаць, ці яшчэ што. Але фатаграфаванне ― гэта не пікетаванне”, ― на просьбу Еўрарадыё каментуе закон “Аб масавых мерапрыемствах” дэпутат Анатоль Глаз.

Менавіта Анатоль Ціханавіч у кастрычніку 2011 года прадстаўляў у Палаце прадстаўнікоў абноўлены закон “Аб масавых мерапрыемствах”.

Мінская міліцыя разумее гэты закон па-іншаму: 8 жніўня дзвюх журналістак затрымалі недалёка ад плошчы Перамогі, калі яны рабілі фотасесію з плюшавым мішкам. Дзяўчат абвінавацілі ў “пікетаванні шляхам фатаграфавання” без дазволу Мінгарвыканкама і прысудзілі да штрафаў.

Пра тое, як у Мінгарвыканкаме разумеюць словы “пікетаванне” і “флэш-моб”, пытаюся ў прэс-службе гэтай установы.

“Так, як у законе “Аб масавых мерапрыемствах” напісана, так і разумее”, ― адказвае кіраўнік аддзела па працы са СМІ Ілона Немава.

А паводле закона, пікетаваннем лічыцца нават галадоўка. Пад азначэнне пікета падпадае публічнае выяўленне любых інтарэсаў: “грамадска-палітычных, групавых, асабістых(!) і іншых(!)”. Назваць вулічнае дзеянне пікетам можна, нават калі ў ім удзельнічае толькі адзін чалавек. Пікет праводзіцца “з выкарыстаннем ці без выкарыстання плакатаў, транспарантаў і іншых сродкаў”. Так што ці трымае “пікетовец” у руках фотаапарат ці плюшавага мішку ― значэння не мае.

“Да пікетавання належыць сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку, пад адкрытым небам) у вызначаны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння, арганізаванага (у тым ліку, і праз Інтэрнэт ці іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выяўлення сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў ці пратэсту”.

І ўсё ж, фатаграфаванне на вуліцы ― нават з плюшавым мішкам ― “гэта не зусім пікетаванне ў тым разуменні гэтага паняцця, якое ёсць у законе, ― настойвае дэпутат Анатоль Глаз. ― Гэта маё меркаванне, але ж я не суддзя. Кожную справу, нават самую разумную, і самы разумны дакумент можна давесці да абсурду, калі тыя, хто яго выконвае, не разумеюць сутнасці дакумента”.

120814 Swiardlou Zakon2.mp3

Ці, можа, толькі ў Мінску закон “Аб масавых мерапрыемствах” трактуюць не так, як на гэта спадзяваліся дэпутаты? Тэлефаную ва ўпраўленне аховы правапарадку і прафілактыкі гродзенскай міліцыі:

― Ці трэба цяпер, каб пафатаграфавацца ў горадзе з плюшавым мядзведзікам, браць дазвол як на масавую акцыю?

Міліцыянт: “Думаю, вы ведаеце, што дазволы на правядзенне масавых акцый выдае гарвыканкам. А мы забяспечваем ахову грамадскага парадку і ўзгадняем пытанні. Калі вы хочаце правесці масавае мерапрыемства ― калі ласка, звяртайцеся да іх. Яны ваш запыт перанакіруюць нам, каб узгадніць пытанні аховы грамадскага парадку”.

― Тут не тое, што мерапрыемства. Мы хочам проста пафатаграфавацца на вуліцы. Чыноўнікаў з гарвыканкама там не будзе, затое могуць быць супрацоўнікі міліцыі. Ці будуць яны нас затрымліваць?

Міліцыянт: “Затрымліваць вас могуць толькі за парушэнне грамадскай бяспекі”.

― А парушэнне закона “Аб масавых мерапрыемствах” тут будзе?

Міліцыянт: “Вы ведаеце, тут мільён нюансаў. Таму даць адназначны адказ немагчыма, вы самі гэта разумееце”.

Адказу на пытанне, што гэта за нюансы, міліцыянт пазбягае. Не атрымліваецца высветліць гэта і ў аддзеле ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама, куды параіў звярнуцца міліцыянт.

Чыноўнік: “Вы проста чытайце закон. І калі ёсць нейкае пытанне ― вы да выдаўца гэтага закона, законатворцы звяртайцеся. Ім задавайце пытанні, тады не будзе такіх дзіўных тэлефанаванняў”.

― Зразумела. Яснасці няма.

Чыноўнік: “Усё вы разумееце. Толькі пытанні задаяце нейкія… Вельмі дзіўныя, і мне не зразумелыя. А, дакладней, занадта зразумелыя”.

Моладзевая грамадская арганізацыя “Авангард” штомесяц робіць у Мінску пару флэшмобаў. Яе старшыня Марат Абрамоўскі апошнім часам бярэ ў Мінгарвыканкаме дазволы на кожнае сваё мерапрыемства ― на ўсялякі выпадак.

Марат Абрамоўскі: “Мы проста пішам афіцыйны ліст на Мінгарвыканкам, і кідаем яго ў адмысловую скрыню, што стаіць на ўваходзе. Праз два тыдні яны адказваюць”.

У бліжэйшыя выходныя “Авангард” ладзіць у Парку Чалюскінцаў масавую прабежку, хвілінаў на сорак.

Марат Абрамоўскі: “Па вялікім рахунку, дазвол на гэта не патрабуецца. Раней мы неафіцыйна збіраліся, чалавек па 20-30. Гэта ж наша грамадзянскае права! Ну і, да таго ж, хто ведае, разам мы прыйшлі, ці не? Але гэтым разам вырашылі ўзяць дазвол ― падстрахавацца, бо хочам сабраць паболей людзей”.

Занесці заяву на флэшмоб у Мінгарвыканкам не так ужо і складана, кажа Марат Абрамоўскі. Але не будзеш жа гэтага рабіць кожны раз, калі выходзіш у горад з фотаапаратам?

Фота: bigpicture.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі