Як забаранялі беларускіх музыкаў у савецкія часы

У сувязі са з'яўленнем "чорных спісаў" дзеячаў культуры, Еўрарадыё вырашыла ўзгадаць як забаранялі беларускія гурты у савецкія часы. Першыя афіцыйныя спісы забароненых музыкаў з'явіліся ў БССР бліжэй да другой паловы 1980-х гадоў. На паперы тлумачылася, што гурты Sex Pistols, Iron Maiden, Kiss, AC/DC, PinkFloyd і іншыя, выконваюць кепскія для савецкай ідэалогіі песні. У той жа час з'явіліся спісы савецкіх рок-гуртоў, чыю дзейнасць таксама трэба было максімальна абмежаваць.

Пад уздзеяннем адной з такіх пастановаў быў расфармаваны і штатны рок-калектыў пры Філармоніі пад назвай "Сузор'е". Па словах бубнача Андрэя Філатава, гурт быў вымушаны адмовіцца ад назвы і акампанаваць іншым вакалістам.

Андрэй Філатаў: "Сузор'е" было створана пасля, як казалі, "алімпійскай адлігі". А калі гэты перыяд скончыўся ў 1983 годзе былі сфабрыкаваныя лісты працаўнікоў, што моладзь сябе непрыстойна паводзіць на нашых канцэртах. На падставе гэтых лістоў было рашэнне Міністэрства культуры аб расфармаванні гурта. Нас, як каштоўныя кадры, не сталі звальняць з філармоніі, проста перавялі ў акампануючы склад. І мы выступалі ўжо без сваёй назвы, проста як акампануючы калектыў спачатку Святлане Кульпе, а потым Надзеі Мікуліч".

Да гэтай пастановы гурт "Сузор'е" знаходзіўся амаль на вяршыні сваёй папулярнасці. Чэргі за квіткамі на іх канцэрты выстройваліся ад самай раніцы. Цалкам верагодна, што для філармоніі калектыў прыносіў больш грошай чым "Песняры" ды "Верасы". Магчыма, таму музыкам усё ж дазвалялі выконваць свае песні.

Андрэй Філатаў: "Мясцовыя адміністратары, каб неяк прыцягнуць народ на канцэрты, ад рукі падпісвалі на афішах Святланы Кульпы, што выступае гурт "Сузор'е". Ну і адно аддзяленне мы выконвалі сваё. Не было доступу да тэлебачання, але мы ўсё роўна працягвалі пісаць сваю музыку, працавалі над сваёй праграмай. Асновы нашай больш цяжкой праграмы былі закладзеныя менавіта ў гэтыя расфармаваныя гады. І наш першы альбом мы запісалі ўжо пасля расфармавання, так што ў прынцыпе творчасць працягвалася".

Цяпер бубнач Андрэй Філатаў зноў патрапіў у "чорныя спісы", толькі ўжо з гуртом "Крама".

Андрэй Філатаў: "Зараз усё значна больш сур'ёзна, бо зараз немагчыма арганізаваць канцэрт, ці жалезная завеса зваліцца, ці санстанцыя закрые клуб. Я памятаю ў савецкія часы адмянялі рух пятага тралейбуса ў бок Камвольнага камбіната, бо ў ПК Камвольнага праходзіў рок-фестываль. Даводзілася ісці пешшу. Але цяпер нават баяцца сказаць – чаму. Проста "мы не можам арганізаваць канцэрт" і ўсё, а чаму і так зразумела".

А вось гітарыст "Сузор'я" Андрэй Казлоўскі на сучасныя "чорныя спісы" глядзіць зусім інакш. Маўляў, сённяшняя кампанія занадта дробная, каб параўноўваць з савецкім супрацьстаяннем рок-н-ролу.

Андрэй Казлоўскі: "Раней была ідэалагічная барацьба за эфемерны камунізм, а зараз – за захаванне ўлады аднаго чалавека. Сіндром халуя, як быў, так і застаўся: яны ўсё роўна баяцца як бы чаго не атрымалася. Усё гэта дзіцячы лепет, у параўнанні з той сістэмай злому, якая была замяшаная на КДБ... яна і цяпер замяшаная, але зараз, прабачце, кадры тут зусім іншыя. Асабіста я лічу сучасную кампанію ідыятызмам. Тады была барацьба з ідэалогіяй Захаду, кампанія па знішчэнні рок-н-рола ў краіне. А зараз змагаюцца супраць канкрэтных асобаў".
Музычны крытык Зміцер Падбярэзскі, які бачыў забароны гуртоў і ў савецкія часы і сённяшнія адмены канцэртаў, лічыць, што цяпер усё больш складана і незразумела, бо няма агульнаагучаных правілаў гульні.

Зміцер Падбярэзскі: "Тады існавалі рэальныя дакументы, падпісаныя, якія ўсе маглі пабачыць. Сённяшнія спісы сапраўды нейкія самапальныя. І, калі параўноўваць сённяшні час з часамі Савецкага саюзу, то тады былі вядомыя правілы, па якіх усе гулялі. Сёння такіх правілаў не існуе, з-за чаго я расцэньваю сітуацыяю як значна больш горшую і значна больш абсурдную".

Зараз гітарыст Андрэй Казлоўскі нават называе шэраг прычынаў па якіх "Сузор'е" трапіла пад забарону. Адбылося гэта пасля вялікай колькасці канцэртаў, якія суправаджаліся вельмі гучным абмеркаваннем і каментарамі, чым, відаць, і прыцягнулі ўвагу ідэолагаў. Маўляў, трэба было быць крыху разумнейшымі, але ва ўмовах, калі усе ад каго ты залежыш, напрыклад, Саюз кампазітараў, партыйныя органы, тая ж філармонія патрабуюць ад музыкаў абсалютна розныя рэчы, напэўна, гэта было немагчыма.

Андрэй Казлоўскі: "У той час расфарміроўвалі па ўсім "саўку", пазбаўлялі гастрольных пасведчанняў... Гэта былі апошнія адрыжкі камуністычнага рэжыму па выратаванні ідэалогіі, бо яны зразумелі, што ад рок-н-рола для іх ідзе канкрэтная пагроза. Але ў выніку мы іх усё ж перамаглі, рана ці позна".

Нагадаем, што гурт "Сузор'е" спыніў сваё існаванне ў 1991 годзе, а за 4 гады да гэтага выдаў першы ў гісторыі беларускай рок-музыкі альбом на касеце. За сваю гісторыю калектыў адыграў больш за 1,5 тысячы канцэртаў у розных гарадах СССР. У канцы 2001-га "Сузор'е" часова адрадзілася і музыкі далі шэраг клубных канцэртаў у Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі