Хто паступае вучыцца на міліцыянераў?
Еўрарадыё разам з абітурыентамі занесла дакументы ў Акадэмію МУС. І даведалася, з якім сярэднім балам туды паступаюць.
9 ліпеня пачаўся прыём дакументаў у Акадэмію МУС Беларусі. Еўрарадыё вырашыла праверыць, што за людзі будуць хадзіць са зброяй па вуліцах і ахоўваць парадак…
На Факультэт міліцыі набор 177 чалавек. На 12 гадзінаў у панядзелак 11 ліпеня сюды падалі дакументы 142 чалавекі. З іх 40% (!) — 56 чалавек — маюць сярэдні бал ніжэй за 140!
Летась прахадны бал на Следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС склаў 103 балы. Будучыя следчыя здаюць тры іспыты: матэматыку, правазнаўства і мову. Плюс сюды ўлічваецца і сярэдні бал дыплома.
Атрымліваецца, што калі ты быў сярэднічком у школе (6*10=60), а пасля на трох тэстах набраў па 15-20 балаў — усё: ты следчы!
Магчыма, таму абітурыент, які сёлета набраў 223 балы, за свой лёс зусім не хвалюецца. Журналіст Еўрарадыё пагаварыла з высокім, здаровым хлопцам, які толькі што падаў дакументы і радасна выходзіў з Акадэміі.
Хлопец: Сума выйшла 223 балы.
Еўрарадыё: Гэта добра?
Хлопец: Для дадзенай установы гэтага дастаткова.
Мы пацікавіліся, чаму менавіта такі шлях выбраў для сябе абітурыент.
"Вырашыў загадзя, даўно, гады тры таму. У нас пераемнасць пакаленняў, ужо, напэўна, чацьвёртае пакаленне працуе ў органах, таму і я вырашыў пайсці па слядах бацькоў", — кажа хлопец.
Ля будынка міліцэйскай ВНУ — шмат бацькоў, усе яны чакаюць сваіх дзяцей. Сын звычайнага шафёра з Віцебску сёлета набраў усяго 157 балаў (паступае на Факультэт міліцыі). Але бацька кажа, што "спадзяванні паміраюць апошнімі":
"Мы сюды прыехалі з Віцебскай вобласці паступаць. Балаў набралі не вельмі шмат — 157. Але шанец ёсць, спадзяванні паміраюць апошнімі. Летась з такімі баламі праходзілі, а ў гэтым годзе — будзем глядзець, спадзявацца…"
Еўрарадыё: Чаму сын выбраў паступаць менавіта сюды?
Бацька: Гэта ягоны выбар, ён сам захацеў. Даўно думаў, можа з класа сёмага.
Даўно ў Акадэмію міліцыі марыў паступіць і іншы абітурыент з Віцебску. Яму пашчасціла трошку больш: ён набраў 196 балаў. Еўрарадыё пагутарыла з ягонай мамай, якая сядзела на лаўцы ля ўваходу ў Акадэмію, чакала сына...
"Калі параўноўваць з мінулым годам, то шанец, нібыта, у нас ёсць. А так — хто яго ведае…"
Еўрарадыё: А чаму вырашыў паступаць менавіта сюды?
Маці: "Я думаю, што ён па характары падыходзіць, ён такі занадта адказны, і заўсёды быў такім. Вось хлопчык, а заўсёды быў дарослы такі, як "старэнькі". Я думаю, што гэта — для яго. Ён быў заўжды дысцыплінаваны, заўсёды любіў ездзіць у лагер. Такі стыль жыцця яму пасуе, аскетычны. Ён спортам вельмі сур'ёзна займаўся. Лёгкай атлетыкай, бегам з бар'ерамі… Ёсць разрад, дыпломы, медалі…"
На 12 гадзінаў дня 11 ліпеня на Следча-экспертны факультэт падалі заяўкі 246 чалавек. Але усяго 7 (!) будучых следчых — з сертыфікатам больш за 300 балаў. І сярод іх увогуле няма ніводнага хлопца!
Што будуць рабіць абітурыенты, калі не пройдуць конкурс? Ці будуць перакідваць свае дакументы кудысьці ў іншае месца? Пра гэта Еўрарадыё запыталася і ў саміх юнакоў, і ў іх бацькоў.
"Нават і не думаў пра гэта. Няма ніякіх варыянтаў, ну, калі што — куды-небудзь на юрыста пайду".
Маці аднаго з абітурыентаў кажа, што выбар тут невялікі — або псіхолаг, або юрыст:
"Праблема ў тым, што на гэтыя спецыяльнасці няма яшчэ аднаго тэста. То бок ты здаеш тры тэсты — матэматыку, рускую, грамадазнаўства. І ўсё. Таму на нейкія тэхнічныя спецыяльнасці мы ўжо не можам пайсці. Таму што грамадазнаўства — гэта толькі юрыдычнае штосьці, або псіхолаг…".
Еўрарадыё пацікавілася таксама, ці не баяцца абітурыенты, што ў святле апошніх падзеяў працы ў іх стане больш, а людзі пачнуць горш да іх ставіцца. Але будучых міліцыянтаў такія праблемы не палохаюць.
"Не, не баюся, калі ўжо выбраў гэтую працу, то буду працаваць, прыстасоўвацца…".