“За апошнія 17 гадоў ў Мінску знікла тры чвэрці архітэктурных помнікаў”
Еўрарадыё разам з архітэктарам і гісторыкам паназірала, як і навошта ў Мінску аднаўляюць старыя будынкі (фота).
111109 Martin Rekonstrukcyja.mp3
“Мы не аднаўляем гісторыю, а хочам выкарыстаць пустуючыя тэрыторыі для новых праектаў. У людзей, якія прымаюць рашэнне, няма ўяўлення, як яно мусіць быць, як гэта было гістарычна”, – ацэньвае рэканструкцыю старой забудовы Мінска архітэктар Зміцер Савельеў.
Разам з ім накіроўваемся на Рэвалюцыйную вуліцу. Тут ідзе рэстаўрацыя. Першае, што кідаецца ў вочы – шчыліны дома 32. Каля яго ўбіваюць палі.
Рэвалюцыйная, 32
вуліца Рэвалюцыйная
“Жорстка… Жорстка тое, што будынак моцна сцягнуты, а каля яго робяць пальнае поле для новага будынка, – тлумачыць архітэктар. – Ён, натуральна, не мусіць разваліцца, але… Шкодна, што ў гістарычнай забудове робяцца новыя ўключэнні, якія не адпавядаюць старым будынкам”.
На Рэвалюцыйнай збочваем у арку, трапляем у двор.
“Заходзячы ў двор, мы бачым агромістыя гмахі, якія не маглі тут існаваць, – працягвае Зміцер. – Атрымліваем цалкам дысананснае асяроддзе. Шмат актывістаў і грамадскіх дзеячаў спрабавалі паўплываць на гэта, каб не будавалі такога. Але цяпер маем, што маем”.
У двары шыльда Інфармацыйна-турыстычны цэнтр "Мінск" . Відаць, спадзяюцца на прыток турыстаў у нанова адбудаваны гістарычны цэнтр.
“Вядома, калі будуць скончаныя рэстаўрацыйныя працы, будзе цікавасць да гістарычнага цэнтра, бо ён набудзе больш-менш першасны выгляд. На першых паверхах будзе размешчана шмат крамаў і рэстаранаў, як гэта робіцца ў еўрапейскіх гарадах”, – кажа дырэктар цэнтра Алена Пліс.
Заходжу ў дом па Рэвалюцыйнай, 15. Цяпер тут паўсюдна кіпіць праца. Будынак рыхтуюць для шведскай амбасады. На месцы і пасол Стэфан Эрыксан, які сочыць за рэстаўрацыяй. Прараб з гонарам заўважае, што ў гэтым будынку ўдалося захаваць старую падлогу.
Будучая шведская амбасада
“Кафлю захавалі, 1890 года. Ляжала па сёння. Сабралі яе. Каб зняць яе, патрэбны быў спецыяліст з рукамі”.
Акрамя кафлі ў будынку захаваўся пакой 1929 года, з кратамі. Прараб, паказваючы гэтыя краты прыжмурвае вочы і кажа пра катаванні сталінскіх часоў.
З Рэвалюцыйнай, выходзім да Верхняга горада. На Кірава, 5 каля Міхайлаўскага сквера рэстаўруюць будынак, дзе раней знаходзілася жаночая гімназія, а па некаторых звестках – нават бардэль.
“Гэта былая жаночая гімназія Райзмана, яўрэйская, – распавядае гісторык і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. – Там яшчэ 25 гадоў таму захоўваўся роспіс на фасадзе. Цяпер інвестар будзе зацікаўлены зрабіць там максімальныя плошчы, а не ўзнаўляць яго першапачатковы выгляд. Хоць і дапускаю, што працы тут могуць весціся больш ашчадна”.
Да цяперашняй рэканструкцыі гісторык ставіцца скептычна.
“Ліхаманкава шукаюць грошы. Таму любымі сродкамі імкнуцца прыцягнуць пакупнікоў. Адзінае, што ў іх ёсць у Мінску – гэта нерухомасць у цэнтры горада. А інвестары не абцяжараныя маральным абавязкам, клопатам пра нашу спадчыну. Яны будуюць, што хочуць”.
Па словах Сяргея Харэўскага, у канцы 1980-х гадоў у Мінску заставалася каля 240 помнікаў архітэктуры дасавецкага часу. За апошнія 17 гадоў тры чвэрці з іх знішчана.