За год прытулак у Беларусі папрасілі 106 чалавек

“Палова з іх, 58 чалавек, грамадзяне Афганістана. Яшчэ 14 сірыйцаў і 11 грамадзянаў Грузіі. Былі таксама грамадзяне Егіпта, па адным чалавеку з Эфіопіі, Эрытрэі. І мала грамадзян з СНД: Украіны ці Расіі, якія, у асноўным, не атрымоўвалі статус. 16 чалавек атрымалі статус уцекача і двое атрымалі дадатковую абарону”, — распавядаюць Еўрарадыё ва Упраўленні вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі (УВКБ ААН).

Беларусь пачала выдаваць статус уцекача ў 1997 годзе. З таго часу яго атрымалі 854 чалавекі. Колькасць ахвотнікаў атрымаць такі статус у Беларусі змяняецца з года на год. Так, у 2009 годзе па прытулак звярнулася 160 чалавек, у 2010 — 153, а ў крызісным 2011 — толькі 85 чалавек.

Згодна з пастановай Савета Міністраў кожны прэтэндэнт на прытулак атрымлівае разавую дапамогу памерам у 1 базавую велічыню (каля 12 долараў). Столькі ж грошай даюць і ў выпадку атрымання статусу ўцекача. Часам дзяржава вылучае сродкі на адзенне, абутак ды харчаванне (не больш за 5 базавых), а таксама кампенсуе выдаткі на жыллё (не больш за 10 базавых, пакуль разглядаецца хадайніцтва).

А колькі грошай даюць беларусам, якія хочуць атрымаць статус уцекача ў іншых краінах? Грамадскі актывіст Уладзімір Кумец, які атрымаў палітычны прытулак у Польшчы, распавёў Еўрарадыё, што грашовай дапамогі ад замежных краінаў на жыццё не хапае. Што праўда, яе памер у некалькі разоў большы, чым у Беларусі.

Уладзімір Кумец: “Дапамога пасля атрымання статусу складае каля 1000 злотых (каля 315 долараў) штомесяц на працягу года, часам — 1200 (каля 380 долараў). Усё залежыць ад матэрыяльнага становішча чалавека. Калі палічыць, што трэба плаціць за жыллё, гэтых грошай недастаткова для нармальнага жыцця”.

Палітычны актывіст прызнаецца, што больш “спрыяльнымі” для атрымання прытулку лічацца скандынаўскія краіны, а таксама Германія, Галандыя і Бельгія. Гэта пацвярджае і эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Андрэй Елісееў:

“Большасць заявак на прытулак беларусы падаюць у заможныя еўрапейскія краіны, а не ў суседнія “новыя” краіны ЕС, як Польшча, Літва ці Латвія. Калі мы возьмем колькасць заяваў на прытулак, пададзеных у міграцыйныя агенцтвы скандынаўскіх краін (Швецыя, Нарвегія, Данія) і Швейцарыю, то на гэтыя 4 краіны прыйшлося больш за палову заявак, пададзеных беларусамі ў еўрапейскія краіны”.

На думку Андрэя Елісеева, беларусы падыходзяць даволі меркантыльна да справы атрымання прытулку, выбіраючы краіны са шчодрымі сацыяльнымі праграмамі.

Паказальным з’яўляецца і той факт, што ў “крызісны” 2011 год колькасць беларусаў, якія жадалі атрымаць прытулак у еўрапейскіх краінах, узрасла ў паўтара разу ў параўнанні з 2010 годам і склала 1410 чалавек.

Фота: Reuters/Bensemra

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі