За манету коштам у 470 тысяч у краме не набудзеш і пачак запалак!

За апошнія дні 2011 года Нацбанк абвясціў пра выпуск 5 памятных манет, сярод якіх “Вожык”, “Вожыкі”, “Арабскі танец” з новай серыі “Магія танца”, “Ахалтэкінскі конь” з новай серыі “Коні”, а таксама “Полацк. Ганзейскі саюз”. Яшчэ адна: “Беларусь — Кітай. 20 гадоў дыпламатычных адносін” — з’явілася 3 студзеня.

— Чаму раптам “Ахалтэкінскі конь”? — Еўрарадыё задало намесніку начальніка Упраўлення інфармацыі Нацбанка Міхаілу Журавовічу пытанне, якое хвалявала нас усе навагоднія святы.

— Гэтая серыя… мабыць, з літары “А” пачынаецца, вось чаму. Але дакладна адказаць на гэтае пытанне не магу. З’явяцца ў серыі і іншыя коні, — адказаў Міхаіл Станіслававіч.

Тое, якія манеты будуць чаканіцца, вырашае адмысловая камісія, што працуе пры Нацбанку на грамадскіх пачатках. Туды ўваходзяць чыноўнікі і сябры нумізматычных таварыстваў.

“Кожны год, напрыклад, Міністэрства культуры ці іншыя структуры дасылаюць свае запыты. На пасяджэннях камісіі яны разглядаюцца, і некаторыя прымаюцца”, — удакладняе Міхаіл Журавовіч.

Праўда, палюбавацца на “Ахалтэкінскага каня” і паглядзець, чым займаюцца “Вожыкі”, пакуль можна толькі ў інтэрнэце. Беларусь не мае свайго манетнага двара, таму металічныя грошы ўводзяцца ў абарачэнне па меры чаканкі.

“Гэта сусветная практыка: пра ўвядзенне манеты ў абарачэнне абвяшчаецца прыкладна за два месяцы да гэтай падзеі. І яшчэ ёсць такая асаблівасць: наколькі аператыўна яны праходзяць праз мытню”, — тлумачыць высокую кучнасць выпадзення манет Міхаіл Журавовіч.

Не паспелі новыя манеты з’явіцца ў продажы, а калекцыянеры абураюцца іх коштамі:

“Вось зараз унцыя срэбра рэальна каштуе 29 долараў. А цяпер паглядзіце, колькі Нацыянальны банк хоча за свае манеты. У два разы даражэй! За што? Я, напрыклад, апошнія манеты ў сваю калекцыю не браў. Бо яны задарагія, я набыць іх не магу. Калі яны былі па 200-300 тысяч, яшчэ можна было набыць. Але зараз такія кошты, што проста нерэальна”, — скардзіцца Еўрарадыё адзін з мінскіх нумізматаў.

Адна унцыя важыць крыху больш за 31,1 грам. Чатыры з шасці апошніх манет, уведзеных у абарачэнне Нацбанкам, утрымліваюць якраз па адной унцыі срэбра. А каштуюць больш за 50 долараў кожная. Напрыклад, “Беларусь — Кітай. 20 гадоў дыпламатычных адносін” — 470 тысяч рублёў.

Але нават па гэтых коштах дастаць манеты вельмі складана.

“У той колькасці, у якой яны патрэбныя людзям, гэтыя манеты не прадаюцца. Дастаць іх вельмі цяжка”, — кажа нумізмат.

“Чым меншы наклад — тым больш каштоўнай манета лічыцца сярод калекцыянераў”, — тлумачыць Міхаіл Журавовіч. І дадае, што ўвесь наклад, акрамя дзвюх манет, якія застаюцца ў музеі Нацбанка, разыходзіцца па банкаўскіх аддзяленнях.

У крызісныя часы залатыя і срэбныя манеты шмат хто лічыць добрым сродкам захавання грошай. Але, прабачце за таўталогію, з манетызацыяй манет — цікавая сітуацыя: у адрозненне ад зліткаў, памятныя манеты Нацбанк назад не прымае.

Затое яны з’яўляюцца ў Беларусі законнымі плацежнымі сродкамі. Толькі вось бяруць іх крамы… па намінальным кошце!

Міхаіл Журавовіч: “Яна будзе адпавядаць таму кошту, які напісаны на манеце. Найбольш танныя манеты — напрыклад, медна-нікелевыя — адзначаюцца самым малым наміналам, які існуе ў цяперашнім банкнотным шэрагу. Калі там 1 рубель — значыць, будзе 1 рубель”.

Так што ў краме за “Ахалтэкінскага каня” не набудзеш і пачак запалак! Калекцыянеры абменьваюць і збываюць манеты праз спецыялізаваныя форумы і інтэрнэт-аўкцыёны — на другасным рынку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі