За трансляцыю матча "Вардар"— БАТЭ македонцы выставілі цэннік у мільён еўра
...бо беларусы не далі македонцам карцінку гульні з Барысава.
Звышважны матч БАТЭ супраць македонскага “Вардара”, а таксама гульня “Нафтана” супраць аднаго з лідараў сербскага футбола “Црвенай Звездай” застаюцца па-за эфірам.
“Спекуляцыі пачаліся з безадказнай заявы македонскіх тэлевізіёншчыкаў, якую распаўсюдзілі нашы сайты. Праваўладальнікамі на стадыі еўракваліфікацыі з’яўляюцца клубы. Да нас, у клуб, ніхто наконт трансляцыі не звяртаўся: ні пісьмова, ні вусна”, — распавядае Еўрарадыё старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі.
Кіраўнік македонскага тэлеканала МТВ Хары Вулгарыс з гэтым не пагаджаецца. Македонцы нібыта спрабавалі атрымаць трансляцыю спачатку ад Белтэлерадыёкампаніі, потым з дапамогай МЗС. Нават прадстаўнікі македонскага ўраду звязваліся са сваімі калегамі з Беларусі. Не дапамагло!
Хары Вулгарыс: “Звярталіся і ў Еўрапейскі вяшчальны саюз. Спрабавалі аказаць ціск з розных бакоў. Распрацоўваліся нават варыянты з аплатай, бо ў Македоніі была вялікая цікавасць. Мы спрабавалі паўплываць на сітуацыю праз клуб “Вардар”. Прадстаўнікі клуба тэлефанавалі ў БАТЭ наконт трансляцыі”.
Ажыятаж да матчу з удзелам беларускага чэмпіёна ў Македоніі, сапраўды вялікі. На думку Хары Вулгарыса, на стадыён ў Скоп’е прыйдзе каля 35 тысяч чалавек. Беларусы ж трансляцыю па тэлебачанні не пабачаць. Хаця македонцы былі гатовы прадставіць карцінку бясплатна, калі б тое ж самае зрабілі беларускія тэлевізіёншчыкі.
Хары Вулгарыс: “Нам не прадаставілі трансляцыю, і людзі былі вельмі расчараваныя. Таму мы ўсталявалі канчатковую цану на македонскі матч у мільён еўра за матч для Беларусі”.
Складваецца ўражанне, што ўсе беларускія тэлевізіёншчыкі з’ехалі ў Лондан. Таму сачыць за намаганнямі БАТЭ трапіць у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў беларусы будуць вымушаны праз інтэрнэт.
Кажуць, што квіткі на матч "Вардар" — БАТЭ ў Скоп’е разабралі за пяць гадзінаў. Прыгадваю, як у спартовай дырэкцыі Белтэлерадыёкампаніі год таму казалі, што матчы другога кваліфікацыйнага раўнда не выклікаюць цікавасці. І тэлефаную ў Беларускую федэрацыю футбола. Ці спрабавала яна згладзіць вострыя вуглы паміж тэлеканаламі і клубамі? Там Еўрарадыё кажуць, што федэрацыя ні пры чым.
Федэрацыя футбола: “Правы на трансляцыю належаць клубам. Таму ўсе пытанні да клубаў. Федэрацыя мае дачыненне толькі да зборных камандаў. Давайце не будзем змешваць паняцці. Можа вы крыху няправільна думаеце, што федэрацыя мусіць усім займацца, а клубы нічым. У першую чаргу, гэта правы клубаў — трансляваць ці прадаваць свае правы”.
Толькі цікава, чаму тады цэннік у мільён еўра беларусам выстаўляе не клуб, якому належаць правы на трансляцыю, а македонская тэлекампанія? І незразумела, чаму гульня “Нафтана” супраць аднаго з лідараў сербскага футбола “Црвенай Звездай” таксама застаецца па-за эфірам.
Фота: joma.by