Забаронены спектакль “Майткі” сёння пакажуць у інтэрнэце

Брэсцкія чыноўнікі забаранілі чарговую пастаноўку альтэрнатыўнага тэатра "Крылы халопа". У склад адмыслова створанай камісіі ўвайшлі мясцовыя чыноўнікі ад культуры і тэатральныя рэжысёры. Гэтыя эксперты палічылі, што пастаноўцы не хапае эстэтыкі з-за адсутнасці тэатральных касцюмаў і сцэнаграфіі. Хаця, ад пачатку твор "Майткі" быў заяўлены тэатрам як чытанне, а не як спектакль. Да таго ж, чыноўнікі наракалі на ненарматыўную лексіку ў п’есе і незразумеласць сюжэту.  Ад безвыходнасці акцёры вырашылі прэзентаваць сваю пастаноўку ў інтэрнэт-прасторы, кажа прадстаўнік тэатра Алег Гарбацюк:

"Казаць пра чорныя спісы рана, але тое, што нам не дапамагаюць, гэта дакладна. Хутчэй, перашкаджаюць. Паказаць не змаглі, але і здацца таксама не змаглі: так вырашылі паказаць спектакль он-лайн, хаця б на адлегласці і праз інтэрнэт. На гэты час у тых абставінах, што ў нас склаліся, гэта найлепшы варыянт".


Нават пасля забароны, тэатр шукаў іншыя пляцоўкі для выступу, але он-лайн-спектакль дазваляе максімальна пашырыць аўдыторыю гледачоў, кажа Алег Гарбацюк:

"Вядома, былі спробы: мы разглядалі розныя кавярні і нават прыватныя кватэры, але нам такія варыянты не спадабаліся. Вырашылі зрабіць он-лайн-спектакль менавіта для павелічэння глядацкай аўдыторыі. Каб нас ўбачылі не 20-30 чалавек, а многія людзі, нават тыя, хто знаходзіцца ў Германіі, Амерыцы, Польшчы ці яшчэ дзе-небудзь".


Пастаноўкі альтэрнатыўнага тэатра "Крылы халопа" забараняюць не ў першы раз. У Кобрыне іх вулічны спектакль па творах Данііла Хармса "ЗваніцьЛяцець" адмянілі літаральна за гадзіну да пачатку. Перфоманс брэсцкіх акцёраў тады супаў са святочнымі мерапрыемствамі да парламенцкіх выбараў 23 верасня 2012 года.

Чытанне п'есы беларускага драматурга Паўла Пражкі "Майткі" адбудзецца 28 лютага а 20-й гадзіне. Прагляд пройдзе на адмыслова створаным інтэрнэт-канале (http://www.ustream.tv/channel/kryly-halopa).

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі