Зелянбуд: Спыніць раварыста, які трапіў пад дрэва, спрабавалі 4 чалавекі
Карэспандэнт Еўрарадыё на сабе праверыў верагоднасць версіі супрацоўнікаў “Зелянбуда”.
Калі па веласіпеднай дарожцы ехаць ад стэлы ў бок Камсамольскага возера, то трэба падняцца ўгару побач з аўтобуснымі прыпынкамі, павярнуць двойчы, заязджаючы ў Парк перамогі, а затым праехаць яго па прамой, павольна спускаючыся. Дарожка тут роўная на працягу некалькіх соцень метраў, без паваротаў. Выдатна праглядаецца. Але менавіта ў гэтым месцы 19 чэрвеня на раварыста ўпала дрэва, якое павалілі рабочыя “Зелянбуда”. Мужчына трапіў у рэанімацыю з пераломам пазваночніка.
Месца, дзе адбылося здарэнне.
Дрэвы распілоўвалі проста ля веладарожкі.
Майстар “Зелянбуда” Сяргей Юрын расказвае Еўрарадыё, што ў такіх выпадках заведзена выстаўляць ачапленне, а спыніць раварыста спрабавалі ажно чатыры чалавекі.
“Стаяла па адным чалавеку з кожнага боку веладарожкі. А з таго боку, адкуль рухаўся веласіпедыст, стаялі яшчэ тры чалавекі – чатыры агулам. У дадатак, на супрацьлеглым баку адзін наш супрацоўнік спыніў 3-4 чалавек. І тут яшчэ пешаходы былі – каля 8 чалавек там знаходзілася”.
Як даведалася Еўрарадыё, у “Зелянбуда” ёсць агароджа, не заўважыць якую нашмат складаней. Аднак у гэтым выпадку яе не аказалася… выпадкова.
“Агароджы, стужкі. Не заўсёды ёсць магчымасць іх выставіць. І тут так атрымалася, выпадкова. Давялося выставіць людзей”.
Сяргей Юрын расказвае Еўрарадыё, што раварыста заўважылі позна – ён ехаў вельмі хутка і слухаў музыку. Пачуць крыкі проста не мог.
На другім плане, за раварыстамі, тая самая ліпа.
Веладарожка выдатна праглядаецца на сотню метраў ад месца выпадку.
Карэспандэнт Еўрарадыё выехаў на месца здарэння на ровары і пераканаўся, што не заўважыць групу з 4 чалавек на веладарожцы, якія б махалі рукамі, папярэджваючы аб небяспецы, там проста немагчыма. Нават на хуткасці 30-40 кіламетраў за гадзіну можна ўбачыць групу людзей і своечасова спыніцца.
Дрэвы, дарэчы, яшчэ не прыбралі – толькі папілавалі на кавалкі. А месца здарэння можна пазнаць па чорных палосах на асфальце і раскіданым паабапал дарожкі галлі.
Ды і навошта было валіць дрэва менавіта на веласпіедную дарожку? Вольнага ад людзей месца там хапае. У “Зелянбудзе” нам тлумачаць, што высахлая ліпа была нахіленая акурат у бок веладарожкі, таму і ўпала туды, калі яе пілавалі.
Міліцыя распачала праверку, калі высветліцца, што гэта не проста няшчасны выпадак – узбудзяць крымінальную справу.
“Матэрыялы праверкі знаходзяцца ў РУУС. У Цэнтральным. У іх зараз ёсць 10 дзён на праверку”.
Як стала вядома Еўрарадыё, пацярпелага раварыста з месца здарэння адвезлі ў Бальніцу хуткай дапамогі, аднак пазней перавялі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі. У мужчыны складаная траўма пазваночніка, яму ўжо зрабілі аперацыю.