ЖНЮВ: Бліжэйшыя гады два мы будзем здымаць мастацкі фільм

"Сучасны музыка не можа зразумець навошта варыць басовыя струны"


Каб распавесці пра 15-гадовае жыццё без паўнавартасных кружэлак, да нас у студыю прыйшлі гітарыст калектыву Аляксандр Семянюк і басіст Зміцер Якута.

Вы вельмі шмат распавядалі пра тое, як з’явілася назва, пра тое, што з вамі адбывалася ў першы перыяд, таму паўтараць гэтыя пытанні мы не будзем. Але хацелася б даведацца, як вы ацэньваеце той першы перыяд, пачынаючы з 1998-года. Ці карыстаецеся досведам таго часу.

Аляксандр Семянюк: Вядома! Гэта ўнікальны досвед, які, напэўна, недаступны для сучасных музыкаў, бо няма дрэнных інструментаў. Яны не ведаюць што такое барысаўская гітара!
Зміцер Якута: Фішка была: у краме “Музыка” набывалася тры віды струн: тоўстыя, тонкія і сярэднія. Іншых варыянтаў не было.
А.С.: А струны для бас-гітары выварвалі!
З.Я.: Так, я варыў! Дык на іх гралі, пакуль яны не парвуцца, іншых варыянтаў не было. Парваліся, тады трэба шукаць струну, а не ўсе чатыры.
А.С.: Сучасны музыка не можа зразумець усяго гэтага. Зараз ты запісаў песню, толькі звёў яе, і можаш выкласці яе ў Інтэрнэт. І там твае сябры-знаёмыя адразу ўсё паслухаюць. А ў нашым выпадку выканаць дзе-небудзь на канцэрце дзве песні ўжо было добра.
З.Я.: Калі ўлічваць, што першы наш аўдыёзапіс быў у двух экземплярах на касетах, першую мы аддалі ў клуб “Cosmopolitan”, каб там выступіць, а другая пайшла не нейкую складанку. У выніку ў клубе Cosmopolitan мы выступілі значна пазней і ўжо па іншай прычыне, а на складанку мы так і не трапілі. Так мы згубілі першы дэма-запіс, дарэчы, дзякуючы гэтай касеце ў нас і з’явілася назва.

Еўрарадыё: Вы выдалі альбом “На окраине…” ў 1999 годзе, які на той час называлі дэбютным. Але зараз вы пазбягаеце гэтай назвы і дэбютнай называеце ўжо новую кружэлку. Чаму?
А.С.: Насамрэч, я не пазбягаю, пазбягае Зміцер. Дзім, прызнай, гэта быў альбом!
З.Я.: Не, ну пачыналася ўсё з нашага ўдзелу ў фестывалі “Рок-схватка” у 8-м корпусе БДПА 13 траўня 1999 года, як зараз памятаю. Гэта першы выступ Сашы разам з намі. Там выпадкова знаходзіўся Алег Арлоў, які здымаў гэта ўсё на відэа. І мы чамусьці яму так спадабаліся, што ён прапанаваў прыехаць да нас на рэпетыцыйную кропку і запісаць. Праз паўтара тыдні ён прыехаў, і мы з аднаго, як зараз модна казаць, “тэйка”, запісалі. Усё роўна, што там з бубнаў чуваць толькі хэт ды талерку, а гітару часам увогуле не чуваць.

Еўрарадыё: Але ж гэта было неяк падобна на прафесійны запіс?
З.Я.: Так! Мы нават узялі гітару “Сквайр” і прымочку Boss “Метал-зон”, затое на сола-гітары ў нас было толькі пяць струн. У Сані не было першай струны.

Еўрарадыё: Таксама былі выдадзеныя сінглы, цэлых тры, два з іх з жаночымі назвамі…
З.Я.: “Ганна, пайграй са мной” (2000) і “Света” (2001)… мы любім жанчын!
Еўрарадыё: Дзякуй богу! Гэтыя сінглы запісваліся, як папярэднікі альбому?
З.Я.: Не! Першы сінгл – выйгрыш на  “Первой площадке”, нам за першае месца далі бясплатна запісаць дзве песні. Вось гэта быў прафесійны запіс.

Еўрарадыё: Што стала з гэтымі дыскамі і што стала з тым альбомам, яго так нідзе і не выдалі?
З.Я.: Не! Яго нідзе не выдавалі, адзінае, што мы на лекцыях малявалі для яго вокладкі, іх, напэўна, было штукі тры. Нават захавалася адна з вокладак, якая на рэцэнзію ў музычную газету пайшла. Дарэчы, там нас параўналі з гуртом “Пані Хіда”.

Калі ўзгадваць той перыяд, то гурт “ЖНЮВ” параўноўвалі з рознымі калектывамі ад “Вопляў Відаплясава” да “Sex Pistols”. А пачыналі музыкі прыкладна ў адзін час з “beZ bileta” ды “J:Морс”, але да сур’ёзнай вядомасці ім не хапіла літаральна маленькага штуршочку. У 2004-м годзе гурт спыніў дзейнасць, праўда, на той момант ад арыгінальнага складу па розных прычынах застаўся толькі вакаліст.



“Зарабляць музыкай рэальна магчыма і ёсць прыклады. Але мы са Змітром набываем пачак аўсянкі за 1600 рублёў. Так смачна!!!”


Нагадаем, што ў студыі Еўрарадыё мы размаўляем з гітарыстам ды басістам гурта “ЖНЮВ” Аляксандрам Семянюком ды Змітром Якутам. Мы ўжо паразмаўлялі пра першы перыяд у гісторыі калектыву, назавем яго “чатрыохгадовая паўза ў творчасці", а зараз паразмаўляем пра аднаўленне, якое, між іншым, прынесла хлопцам малую рок-карону, у намінацыі “Вяртанне года”.

Аляксандр Семянюк: Ведаеш, перыяд паўзы таксама цікавы, бо кожны за гэты час зразумеў пэўныя рэчы…
Еўрарадыё: Але сольных праектаў у вас не было?
А.С.: Быў Jack club, мы займаліся Jack club-ам
Зміцер Якута.: Ад музыкі ніхто з нас не адходзіў. Той жа Алег (вакаліст) граў у гурце “Драма” разам з Пашам (бубнач), які зараз грае ў “Жнюве”. Я ў Брэсце граў у гурце “Макам Раст”, Саша таксама нешта спрабаваў граць. У выніку прыйшлі да таго, што не разам неяк не вельмі камфортна складаць музыку.
А.С.: Не разам мы не моц, не баявая адзінка.
Еўрарадыё: То бок, увесь гэты час вы працягвалі стасункі адзін з адным.
А.С.: Не! Мы са Змітром мелі зносіны, але Алег неяк быў адхілены ад нас ды баяўся. Я заўсёды быў эмацыйны ды дзікі, а ён увесь час думаў: маўляў, во, дурнаваты!
З.Я.: Не ён адзін так думаў і думае!

Еўрарадыё: Ведаю, што зараз вы спрабуеце займацца толькі музыкай, але за што вы жывеце?
А.С.: Мы набываем са Змітром пачак аўсянкі за 1600 рублёў. Дарэчы, мы не жадаем распаўсюджваць ілжывыя чуткі, але аўсянка ў зялёных кардонных пачаках чамусьці ёсць толькі на Нямізе. Мы абышлі напэўна крамаў з дваццаць. Але не пра тое. Мы любім заліць яе кіпнем і спецый дадаць… Так смачна!!! А яшчэ гарбатку, калі гарбатка ёсць... Насамрэч, мы атрымліваем асалоду ад глабальнага ўстрымання ад усяго. Не п’ем, не палім, п’ем выключна ваду, адпаведна, нармальна думаеш, думкі твае чыстыя, ты кайфуеш ад таго, што займаешся ўлюбёнай справай.

Еўрарадыё: А ўвогуле, ці магчыма ў нашай краіне зарабляць толькі музыкай? Пры гэтым не граць у рэстаранах “Владимирский централ”, ці здымаць адзін да аднаго песні “The Beatles”.
З.Я.: Насамрэч, рэальна магчыма і ёсць прыклады. Іншая справа: з-за таго, што краіна ў нас маленькая, сутыкаешся з тым, што цябе параўноўваюць з гэтымі прыкладамі. “Ляпіс”, “beZ bileta” ды “J:Морс” – каманды, якія пры аднолькавай рэкламе без пытанняў здольныя сабраць той жа “Рэактар”, прычым канцэрты гуртоў будуць у адзін дзень у адным горадзе. Але пытанне ў тым, што іншыя каманды глядзяць на іх, думаюць, што гэта ўсё класна, але самі нічога не робяць.
А.С.: І яшчэ адно: усе спрабуюць пераплюнуць “Ляпісаў”, “beZ bileta” ды “J:Морс”, але пераплёўваць іх не трэба. Не трэба быць імі! Яны ўжо ёсць, ёсць шмат выдатнай музыкі. Паслухайце амерыканскую рок-сцэну, поп-сцэну, там тысячы гуртоў, і ўсе яны паспяхова прасоўваюцца. Я разумею, што яшчэ пытанне і ў эканоміцы. Але… Украіна! Неверагодная колькасць паспяховых і класных каманд. Менталітэт, напэўна, свядомасць музыкаў мусіць змяніцца.


“Мне рэальна было страшна стаяць на самым краі, бо Саня казаў: “Што стаіш? Давай каўбасся!”


У студыі Еўрарадыё Аляксандр Семянюк ды Зміцер Якута – музыкі гурта “ЖНЮВ”, якія 27-га красавіка будуць прэзентаваць дэбютны альбом у клубе Рэактар. Але зараз мы пагаворым не пра дыск, а пра кліп-фільм ды фільм пра кліп, якія “Жнювы” вікінулі ў сеціва напрыканцы мінулага года. Размова вядзецца пра песню “Засуха”, якая нечакана стала саўндтрэкам да фільма “Крым”, кадры з якога ў выніку з’явіліся і ў кліпе на песню. Але падрабязнасці распавядуць самі музыкі.

Аляксандр Семянюк: Ведаеш, я люблю фільм “Кунг-фу-панда”, бывае вечарам уключыш і засынаеш пад яго. Дык вось, там ёсць добры выраз: выпадковасці не выпадковыя! Наша жыццё вельмі часта складаецца менавіта з такіх невыпадковых выпадковасцяў. І класіка, Кактэбель, спякота, ты ідзеш па “Пікадылі” ў піжамных штанах, а там здымачная група здымае фільм пад назвай “Крым”. Я падыходжу са словамі: “Хто тут галоўны?”. Паказваюць мне на нейкага сур’ёзнага мужчыну-рэжысёра. Я ў дзікім стане, падыходжу да яго і кажу: “Я класны музыка, я прадстаўляю нерэальна круты гурт, вось дыск, паслухай, табе спадабаецца і няхай гэтая музыка будзе ў тваім фільме”. Ён мне адказвае: “Хлопчык, ідзі адсюль”, але я настойліва аддаю яму дыск, на якім запісаная “Засуха” ў акустыцы. На наступны дзень я ўжо не думаю пра гэтую здымачную групу, але мяне вычэплівае нейкая дзяўчынка і цягне за руку да рэжысёра. Ён кажа, што яму вельмі спадабалася і "давай ты ў нас здымешся ў эпізодзе фільма, будзеш выконваць ролю растамана ў “Лісінай бухце. Так завязалася размова з рэжысёрам, я зняўся ў эпізодзе, а калі прыехаў і распавёў хлопцам, што са мной здарылася, нарадзілася ідэя выкарыстаць кадры фільма ў кліпе. Я еду ў Маскву, праводжу размову з рэжысёрам… Карацей, бліжэй да раніцы мы дамовіліся, што ён аддае нам увесь чарнавы матэр’ял фільма, які можна ўставіць у кліп. І мы сутыкаемся з тым, што трэба здымаць нас! А як нас лепш здымаць, калі не ў Крыме. Мы сядаем у машыну бярэм узмацняльнік, барабаны, калонкі, гітары, камеры, штатывы… у маленькі легкавы аўтамабіль. Дарэчы, на нашым канале на youtube ёсць поўная справаздача гэтай паездкі. Там выкладзена ўсё як ёсць, для нас было важна зняць, што мы адчуваем пры гэтым.
Еўрарадыё: То бок, гэта было больш для вас, чым для асобнага фільма?
А.С.: Так, для нас, але атрымаўся даволі цікавы фільм.
Еўрарадыё: І знялі вы гэта за 2 дні!?
З.Я.: За чатыры! У пятніцу ўвечары паехалі, суткі туды, суткі назад, двое сутак там.
 

Еўрарадыё: Страшна было, ці вышыні ўвогуле не баіцеся?
А.С.: Зміцер і Алег вельмі баяліся.
З.Я.: Мне рэальна было страшна стаяць на самым краі, бо Саня казаў: “Што стаіш? Давай каўбасся!” А там вецер! І ты стаіш такі… А Пашка паставіў барабаны на самым краі і ўсё лётаў іх папраўляў. У ва ўсіх белыя твары..
Еўрарадыё: Я бачыў кадры, дзе ён з крэсла саслізнуў…
А.С.: Я тады вельмі спужаўся. Там быў такі момант, калі людзі стаяць на кропках, а табе трэба бегчы па гарах і трымаць карцінку. І ў выніку ты думаеш не пра тое, куды наступіць, а пра тое, як людзі будуць выглядаць у кадры. Гэта там, дзе адным планам у нас здымка: Зміцер, Алег і Паша.
 

Еўрарадыё: Саша, а ўвогуле як гэта стаць “акцёрам”, ці жадаеш яшчэ дзе-небудзь зняцца, ці добра ты выканаў сваю ролю на твой погляд?
А.С.: Нармальна! Ты ведаеш, мне спадабалася! І дзяўчынкі-прыхільніцы адразу ж з’яўляюцца, шмат! Я прыйшоў да таго, што мы бліжэйшыя гады два будзем здымаць… Вось зараз будзем думаць пра сцэнарый. Проста мы набраліся досведу ў здымках, працы са святлом ды камерамі, у мантажы. Я думаю, што мы здолеем выдаць нешта яскравае.
Еўрарадыё: Тэхнічна ўсё зразумела, але што гэта будуць за здымкі? Гэта будзе мастацкі фільм? Ці будзе ён тычыцца гурта “Жнюв”?
З.Я.: Гэта будзе мастацкі фільм пра гурт “Жнюв”.
Еўрарадыё: То бок вы вырашылі, што калі ніхто не здымае, то самі сябе здымеце…
З.Я.: А мы і не жадаем, каб нас здымалі, мы самі сябе здымаем. Мы прыйшлі да таго, што працы, якія нам рэальна падабаюцца, мы не пацягнем фінансава, ды і мала хто пацягне ў гэтай краіне. А тое, што нехта можа зрабіць, мы і самі можам, дык навошта плаціць. 

Еўарадыё: Застаецца пазычыць толькі здзяйснення гэтага жадання. Ну а, калі вяртацца да фільма “Крым” саўндтрэк да якога нечакана напісалі музыкі, то ў шырокім пракаце ён з’явіцца яшчэ не хутка. Праўда, фільм ужо гатовы і пачынае фестывальнае жыццё.


“Запіс альбома быў проста… Можна “запікаць”? Гэта было проста п…!”



У студыі Еўрарадыё музыкі гурта “ЖНЮВ” гітарыст Аляксандр Семянюк ды басіст Зміцер Якута. І мы пяройдзем да новага альбома, пад назвай “!?,”, запіс якога нарэшце скончаны, дыск аддадзены ў друк. Ведаю, што апошнія дні былі пякельнымі…

Аляксандр Семянюк: Гэта было проста… Можна запікаць? Гэта было проста п…
Еўарадыё: Зноў жа рабілі вы ўсё самі? Прычым раней я думаў, што каб звесці матэрыял патрэбная нейкая адукацыя гукарэжысёра, якой у вас няма, але зводзілі вы ўсё пазменна.
Зміцер Якута: Гукарэжысёрскай адукацыі няма. Гэта добра, калі ёсць, але самае галоўнае – вушы ды маніторная тэхніка, праз якую ты слухаеш. Насамрэч, у наш час Інтэрнэту можна навучыцца ўсяму, чаму заўгодна.
Еўрарадыё: Колькі занялі запіс ды звядзенне па часе?
А.С.: Ёсць песні, якія мы выточвалі, напрыклад “People”. Там кожны інструмент знаходзіцца на сваім месцы і ўсё зроблена так, як трэба: праспявана, выканана. На гэтую песню мы выдаткавалі дзесьці паўтара месяцы. Вельмі выратавалі нас музыкі з Растова, з Растоўскай джазавай кансерваторыі, дзе вучыцца мой брат. Я яму скідаў ноты, а ён дасылаў мне ўжо гатовую музыку (на альбоме запісаная духавая секцыя – заўв. Еўрарадыё). То бок нейкія рэчы мы рабілі з музыкамі на адлегласці, гэта вельмі цікавы для нас досвед. Ёсць рэчы, якія мы рабілі літаральна за два-чатыры дні. Хтосьці скажа, што гэта гучыць сыра, але пры тым, як гэты альбом зроблены, гэта цікава. Цікава, калі ёсць сырыя і не сырыя рэчы, якія стаяць уразнабой.

Еўрарадыё: Даволі часта ад вас чую, што вы, прынамсі, спрабуеце рабіць штосьці, што не падобна на працу іншых. У чым адрозненне вашага новага альбома ад таго, што можна пачуць у Беларусі.
З.Я.: Напрыклад песню “Добрай Раніцы” вырашылі выкласці ў сеціва ў якасці інтэрнэт-сінгла. Рэакцыя людзей, якія яе да гэтага не чулі, вельмі цікавая. Да гэтага нам заўсёды казалі, што мы аднолькавыя: песні ў нас аднолькавыя, мы падобныя на ўсіх, а тут пачулі, што ў песні ёсць і гроўлінг, і ска, і поп-песня, і нешта цяжкае… І ўсе так: “М... а што ў вас яшчэ ёсць?” Атрымліваецца, што пэўныя нечаканасці ды сюрпрызы чакаюць у любым выпадку.

Еўрарадыё: У вас узнікала пытанне ў колькасці песень, колькі ў выніку?
З.Я.: Адзінаццаць. Мы зразумелі, што мы не робаты, што маглі б зрабіць і дванаццаць, але яна б была не лепшай якасці.
Еўрарадыё: Пра што гаворыць назва альбома “!?.”  
З.Я.: Калі думка з’явілася, то хацелася абыграць тое, што гэта дэбютны альбом, дэбютны за дванаццаць гадоў існавання, а калі паглядзець на “!?.”, то гэта вельмі падобна да лічбы 12. Чакалася, што і песень у нас будзе 12, а ў выніку, песень 11. Зараз яго можна называць проста “Знакі”, ці “ЖНЮВ!?”.

Еўрарадыё: Прызнайцеся ў каго быў садраны матэр’ял для альбома?
З.Я.: Пачнём пералічваць усіх, каго мы калі-небудзь слухалі. У Сані класічныя “Зямля. Вецер. Вогнішча”, Алег здзіраў у Deep Purple і Muse. Я усё здзіраю ў Guns’n’Roses, але атрымліваецца нейкі Sex Pistols. Паша ў нас спірае.. у Сюткіна ён любіць красці. Наша ўлюбёная каманда – “А-Студио”, у гурта Rouble Zone мы ўвогуле ўсё спёрлі. Калі ўлічваць, што альбом прыдумляўся не за год і не за паўгода, то зразумець, што на яго паўплывала больш за ўсё, вельмі складана.


Еўрарадыё: На ваш погляд, якім атрымаўся гэты альбом?
А.С.: Калі агулам, то мне падаецца, што альбом вельмі філасофскі атрымаўся, калі яго прадумаць, праслухаць.. Першае, што мы вызначылі, гэта каб чалавеку, які ставіць дыск, не рэзала слых. Самае галоўнае, каб чалавек мог ставіць і проста хадзіць рабіць свае справы. Ён потым праслухае гэта ўсё. Але, калі ты ставіш кружэлку, а яна табе непрыемная, то гэта “хана”.
З.Я.: Ад нашага альбом галава не баліць!)

Новы, дэбютны альбом гурта “ЖНЮВ” з мудрагелістай назвай “!?.” Можна будзе набыць ужо 27-га красавіка на канцэртнай прэзентацыі ў клубе “Рэактар”.


Нагадаем, што гурт "ЖНЮВ" загучаў яшчэ ў канцы 90-х, калі перамог на фестывалях "Первая площадка" і "Рок-схватка" і аб'ехаў у міні-турах з "Крамой", "Zet" і "Леприконсами" амаль усю краіну. Але ў 2003 годзе калектыў разваліўся, пакінуўшы толькі тры сінглы і адзін дэма-альбом. Уз'ядналіся музыкі ў 2009-м годзе і адразу атрымалі "Рок-карону" ў намінацыі "Вяртанне года". Такім чынам, альбом "!?.", які будзе прэзентаваны 27-га красавіка ў "Рэактары", можна справядліва назваць дэбютным.


27 красавіка, клуб "Рэактар", пачатак 19:00
Квіткі: танцпол загадзя — 15 000, у дзень — 20 000, столікі — 25 000
Кропкі продажу: клуб "Рэактар", ГЦ "Рыга" пав. 18, ГЦ "Купалаўскі" пав. 19, пераход ст.м. Пл. Я.Коласа, пераход ГУМ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі