Жыхары Талачынскага раёна выпіваюць у 6 разоў больш за астатніх беларусаў
Мясцовая міліцыя гаворыць пра памяншэнне злачынстваў, а ЗАГС — пра памяншэнне смяротнасці.
У Талачынскім раёне ў 2011 годзе прадалі 2,5 мільёна літраў алкагольных напояў. То бок прыкладна 90 літраў на кожнага з 27 тысяч жыхароў раёна. І гэта ў 6 разоў больш, чым выпіў сярэдні жыхар Беларусі (15 літраў)!
“Так, алкагалізацыя — гэта праблема. Гэта пытанне разглядалася на апошнім выканкаме. На ўліку ў нарколага зараз стаіць 700 ці 900 чалавек. Кожны раз разглядаюць гэтых алкаголікаў. Напэўна, распрацоўваюцца нейкія мерапрыемствы, напэўна, нешта прымалася”, — распавядаюць Еўрарадыё ў аддзеле занятасці Талачынскага райвыканкама.
У аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі Талачынскага РАУС кажуць, што з ужываннем алкаголю ў раёне… паменшылася злачыннасць.
РАУС Талачынскага раёна: “Вінзавод дакладна не ўплывае на злачыннасць. Гэта насельніцтва п’е само па сабе. Злачынстваў у стане алкагольнага ап’янення стала менш, толькі што выпіваць сталі больш”.
“Талачынскі кансервавы завод” вырабляе да 800 тысяч дэкалітраў алкаголю ў год. Гэтае прадпрыемства існуе з 1906 года. Начальнік планава-эканамічнага аддзела прадпрыемства Алена Новікава гаворыць, што талачынцы п'юць не толькі сваё віно.
Алена Новікава: “Калі зайсці ў гандлёвую сетку, то нашы віны там не пераважаюць. Там прадукцыя самых розных вытворцаў. Наш завод адзін з лепшых заводаў ў рэспубліцы. Мы ніколі не працавалі з араматызатарамі ці нейкімі іншымі дадаткамі”.
У ЗАГСе Талачынскага раёна не бачаць сувязі паміж смяротнасцю і алкаголем. Смяротнасць тут нават скарачаецца: калі за першыя два месяцы 2012 года памерла 123 чалавекі, то за такі ж перыяд бягучага года — 106: “Ведаеце, ад алкагольнага ап’янення смяротнасць не павялічылася. У асноўным, паміраюць пажылыя людзі”.
Але Еўрарадыё заўважыла, што смяротнасць у Талачынскім раёне большая, чым, напрыклад, у Вілейскім раёне, дзе няма вінзавода. Праўда, нараджальнасць тут таксама большая! Вось табе і алкаголь.
Галоўны супрацоўнік інстытута эканомікі НАН РБ, доктар сацыялагічных навук, прафесар Людміла Шахоцька кажа, нават калі беларусы ўвогуле перастануць піць — мала што зменіцца.
Людміла Шахоцька: “Мы думалі, што прыбяры алкагалізм — і ўсё стане проста. Але ўсё не так. Працягласць жыцця павялічыцца толькі на 3-4 гады, калі не піць алкаголь. Калі мы адстаем ад еўрапейскіх краінаў па працягласці жыцця мужчын на 15 гадоў, то выключэнне алкаголю пагасіць 3,4, ну 5 гадоў”.
Нагадаем, за апошнія 20 гадоў ужыванне алкаголю на душу насельніцтва павялічылася амаль удвая.
Фота: pixabay.com