Зінгерыс: У выніку нападу на амбасаду маглі загінуць людзі

Па словах старшыні парламенцкага Камітэта па замежных справах Сейма Літвы Эмануэліса Зінгерыса, пэўная колькасць супрацоўнікаў дыпламатычнай місіі жыве на тэрыторыі амбасады. Калі б бутэлькі з “кактэйлем Молатава” запалілі машыны, гэта магло б прывесці да ахвяраў сярод супрацоўнікаў.
121108_zingeris.mp3
Эмануэліс Зінгерыс: “Гэтыя падпальваючыя прылады маглі закаціцца пад машыны, у якіх поўныя бакі з палівам, і яны маглі выбухнуць. Гэта не жарт! Пэўная колькасць людзей жыве ў амбасадзе — іх бы проста спалілі. Мы размаўлялі з супрацоўнікамі амбасады пра гэта”.

Па словах літоўскага палітыка, інцыдэнт з закідваннем літоўскай амбасады ў Мінску бутэлькамі з запальнай сумессю і дэпутаты Сейма, і кіраўніцтва знешнепалітычнага ведамства гэтай краіны лічаць тэрактам. І калі з МЗС Беларусі прыйшла інфармацыя пра “злоснае хуліганства”, яны палічылі гэта жартам.

Нагадаем, 6 лістапада ў 22.45 на тэрыторыю літоўскай амбасады ў Мінску невядомыя кінулі дзве бутэлькі з “кактэйлем Молатава”. Партызанскім раённым аддзелам Следчага камітэта па гэтым факце распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэкса.

МЗС Літвы перадаў ноту пратэсту Беларусі з нагоды інцыдэнту на тэрыторыі амбасады Літвы ў Мінску. У ёй звяртаецца ўвага на тое, што гэты выпад супраць амбасады Літвы ў сталіцы нашай краіны — не першы. Раней будынак амбасады быў абліты фарбай, было знойдзена імітацыйнае выбуховае прыстасаванне. Дарэчы, супрацоўнікам праваахоўных органаў Беларусі пакуль не ўдалося выявіць зламыснікаў. Праўда, у выпадку аблівання фарбай адной з вылучаных беларусамі версій было, што гэта справа рук расійскіх радыкалаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі