Reuters: Беларусь прыпыніла экспарт уласнай нафты, каб загрузіць свае НПЗ
Дзяржаўная кампанія "Беларуснафта" ў студзені прыпыніла пастаўку на экспарт нафты, здабытай на тэрыторыі Беларусі. Гэта зроблена для загрузкі сыравінай ўласна беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы ў гандлёвых колах.
Папярэднія гады Беларусь купляла для ўласных НПЗ расійскую нафту, а сваю адпраўляла на экспарт. У 2019 годзе "Беларуснафта" правяла тэндар на продаж 1,66 мільёна тон нафты ў Германію або Польшчу ў 2020 годзе. Пераможцам тэндэру стала гандлёвае падраздзяленне "Раснафты" Rosneft Trading, якое накіравала сыравіну на свой НПЗ PCK Raffinerie GmbH ў Германіі.
Сёлета з 1 студзеня Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, бо дзяржавы не дамовіліся пра цану на сыравіну. Пасля гэтага Беларусь абвясціла, што прыпыняе экспарт нафтапрадуктаў (каля 12 мільёнаў тон у год).
На дапамогу Беларусі прыйшлі падкантрольныя бізнесоўцу Міхаілу Гуцарыеву кампаніі "Русснефть" і "Нефтиса". Яны заняліся пастаўкамі ў Беларусь нафты з 4 студзеня. Аднак у студзені яны плануюць паставіць толькі 750 тысяч тон — гэтага дастаткова толькі для паловы загрузкі беларускіх Наваполацкага і Мазырскага НПЗ. Штомесяц гэтыя заводы спажываюць каля 1,5 мільёна тон расійскай нафты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.