Рэйтынг універсітэтаў: Варшаўскі ўніверсітэт на 335 месцы, БДУ — на 500

Брытанскае агенцтва QS (THE — QS World University Rankings) апублікавала штогадовы рэйтынг універсітэтаў свету. Беларускі БДУ увайшоў у групу ВНУ, якія займаюць 491-500-ю пазіцыі.

За год галоўная ВНУ краіны паднялася на 100 пазіцый у гэтым рэйтынгу.

“Гэты рэйтынг уплывае на папулярнасць універсітэта, на акадэмічнае развіццё, на паляпшэнне міжнародных стасункаў. А каб туды патрапіць, трэба падаваць заяву на ўдзел”, — расказваюць у БДУ пра важнасць такога рэйтынгу, але адстаюць ад суседзяў.

Універсітэт Ламаносава ў Маскве займае ў рэйтынгу 114 пазіцыю, Варшаўскі ўніверсітэт на 335 пазіцыі, Нацыянальны ўніверсітэт Тараса Шаўчэнкі ў Кіеве ўвайшоў у групу паміж 421 і 430 месцамі. За год гэтыя краіны таксама падняліся уверх на некалькі пазіцый. Але БДУ абышоў Віленскі ўніверсітэт, які цяпер на 600 месцы.

Гэты рэйтынг складаецца па папулярнасці ўніверсітэта ў выкладчыкаў, тлумачыць сябра Грамадскага балонскага камітэту Беларусі, прафесар Уладзімір Дунаеў:

“У гэтым рэйтынгу магчымыя скачкі і ўверх і ўніз, ён сур’езна залежыць ад меркавання педагогаў, ад рэпутацыі ўніверсітэта сярод іх. Гэты рэйтынг саступае іншым па аб’ектыўнасці. Але БДУ можна павіншаваць”, — расказвае Уладзімір Дунаеў.

Але дадае, што ў Беларусі робяць стаўку толькі на адзін універсітэт.

“У нас так бывае, калі ўсе сродкі кідаюцца на адзін універсітэт, у шкоду іншым. Астатнія не трапляюць у поле зроку. Лепей было б, каб была група лідараў, а не толькі адна ВНУ”, — дадае прафесар.

Другі ўніверсітэт, які патрапіў у рэйтынг, Беларускі нацыянальны тэхнічны, заняў толькі пазіцыю 701+. За год ён не прасунуўся.

БДУ трапляе ў гэты сусветны рэйтынг другі год запар. У рэйтынгу за 2012 Еўрарадыё БДУ не знаходзіць. Першыя ж, па меркаванні QS World University Rankings Масачусэцкі інстытут у ЗША, другі — Кэмбрыджскі ўніверсітэт у Вялікабрытаніі.

Фота: samara.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі