Рух "Каліноўцы" назваў сваю стратэгічную і тактычную мэту

Брыфінг заснавальнікаў руху "Каліноўцы"

Брыфінг заснавальнікаў руху "Каліноўцы" / рух "Каліноўцы"

Новаствораны рух "Каліноўцы" бачыць сваёй місіяй "супрацьстаянне расійскай агрэсіі і вызваленне Беларусі ад калабаранцкага рэжыму Лукашэнкі". Пра гэта былозаяўлена на брыфінгу ў Кіеве 24 ліпеня.

У брыфінгу ўзялі ўдзел намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук, экс-камандзір гэтага падраздзялення Дзяніс "Кіт" Прохараў, палітычны прадстаўнік ПКК Дзмітрый Шчыгельскі і кіраўнік праекта "Беларускі дрон" Ігар Турцэвіч.

Паводле Кабанчука, рашэнне пра стварэнне руху было прынята на апошніх зборах палка Каліноўскага.

Дзяніс "Кіт" Прохараў назваў стратэгічнай мэтай "Каліноўцаў" аб'яднанне "беларускіх ваенізаваных і грамадскіх аб'яднанняў і ініцыятыў, прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл для аднаўлення дэмакратычнага і канстытуцыйнага ладу ў Рэспубліцы Беларусь пасля спынення расійскай агрэсіі супраць Украіны".

Тактычнай мэтай было заяўлена ўзмацненне тэхнічнага і мабілізацыйнага забеспячэння палка Каліноўскага за кошт магчымасцяў беларусаў — як у эміграцыі, так і ўнутры краіны.

Сярод бягучых задач новага руху Прохараў назваў праекты па тэхнічным аснашчэнні палка Каліноўскага сучаснымі відамі ўзбраенняў. Якпрыклад ён назваў праект "Беларускі робат". Яшчэ адной задачай ён назваў стварэнне ўмоваў і каардынацыю падрыхтоўкі беларусаў, якія могуць стаць патэнцыйным мабілізацыйным рэсурсам ПКК, арганізацыю рэабілітацыі і падтрымкі ветэранаў палка ў краінах Еўропы.

"Каліноўцы" плануюць каардынаваць працу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі — Каардынацыйнай Радай, Аб'яднаным пераходным кабінетам і офісам Святланы Ціханоўскай.

Дарэчы, на брыфінгу Вадзім Кабанчук абверг версію, што стварэнне "Каліноўцаў" звязанае з канфліктамі ўнутры палка. Паводле яго, "і ў прынцыпе як такога канфлікту ў нас няма".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі