Румас: Беларусі патрэбны яшчэ месяц для падліку шкоды ад "атрутнай" нафты
Сяргей Румас / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
Беларусі спатрэбіцца яшчэ каля месяца, каб падлічыць канчатковую шкоду ад паступлення па нафтаправодзе "атрутнай" расійскай нафты, заявіў пасля эканамічнай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас. Паводле яго словаў, сёння рана казаць пра нейкія канкрэтныя лічбы.
"Гэта працяглы працэс. Мы разлічваем, што для канчатковага вызначэння шкоды будзе неабходны яшчэ адзін месяц", — прыводзіць БЕЛТА словы кіраўніка ўрада.
Раней Еўрарадыё паведамляла, што Беларусь можа патрабаваць ад Расіі кампенсацыю за аварыю на нафтаправодзе "Дружба" ад 271,3 мільёна даляраў да 435,3 мільёна даляраў. Такія падлікі прывяло ў сярэдзіне траўня расійскае выданне "Ведомости".
Праблемы з расійскай нафтай пачаліся 20 красавіка. Беларусь заявіла, што нафта з Расіі пачала паступаць з высокім утрыманнем хлорарганікі. На Мазырскім НПЗ сапсавалася дарагое абсталяванне, а ад паставак няякаснай расійскай нафты адмовіліся Украіна, Славакія, Германія, Польшча.