Аўтар "Хронік раёна"быў топавым баксёрам, але некалі падсеў на іглу

Лёс Руслана Мірзоева ўражвае яшчэ больш, чым яго скандальныя сацыяльныя дакументалкі. У студыі Еўрарадыё шоўмэн з народа ад самага пачатку пагадзіўся на шчырую размову.

“Я нарадзіўся ў Барані. А калі мне было 12, маці атрымала працу ў Мінску, і мы сюды пераехалі. Цудоўна помню, які ў мяне быў правінцыйны акцэнт, ― Руслан узгадвае дзяцінства. ― Размаўляў я тады на трасянцы. Многія сталічныя вучні з мяне смяяліся. Я цярпеў здзекі і ад вучняў старэйшых класаў. Таму запісаўся на секцыю вольнай барацьбы, а потым пайшоў на секцыю бокса. З таго моманту страх пачаў знікаць, я пачаў крыўдзіцелям адказваць”.

Еўрарадыё: Мы асабіста чулі пра вас ад баксёраў са зборнай Беларусі. Называлі вас алімпійскай надзеяй, якая згасла з-за наркотыкаў…

Руслан Мірзоеў: У спорце я меў вялізныя амбіцыі, марыў стаць чэмпіёнам свету. Выступаў у суперцяжкай вазе, пачаў перамагаць на міжнародных турнірах. Мне прадракалі вялікую будучыню. У нацыянальнай юнацкай зборнай я быў стабільным першым нумарам. Амаль усе баі ўдавалася выйграваць накаўтамі. Але мая кар’ера пачала рассыпацца на адным з чэмпіянатаў свету.

Еўрарадыё: Што здарылася?

Руслан Мірзоеў: Чэмпіянат быў у Афрыцы. Там на кожным кроку прадаваліся курыльныя рэчывы. Я і яшчэ некалькі хлопцаў ― мы не ўтрымаліся і вырашылі паспрабаваць. Мы курылі, і ў выніку я выйшаў на бой у неадэкватным стане, паставіўся да справы халатна. І прайграў саперніку, якога раней з лёгкасцю выйграваў, накаўтам. Пасля турніру была дэпрэсія. Я пачаў думаць, што спорт ― гэта не маё, што нічога не атрымаецца. Залежная галава пачала мяне падманваць. І я пачаў узмоцнена спажываць наркотыкі. Быў 2006 год. Гэта быў апошні год, калі я выступаў.

***

Першую судзімасць Руслан Мірзоеў “заслужыў” у 18 гадоў: зламаў сківіцу раённаму гопніку. Далі год умоўна. Ва ўзросце 20 гадоў ён, уцягнуўшыся ў наркаманію, атрымаў тэрмін за “рабаванне” і “хуліганства”, прабыў год на “хіміі”. На злачынствы ішлі, бо патрэбны былі грошы на опійны мак і парашок.

“Тады за кароткі тэрмін я сур’ёзна падсеў на іглу, ― працягвае Руслан Мірзоеў. ― Стаў спажываць цяжкія наркотыкі ― і макавую шырку, і амфетаміны, і разнастайныя таблеткі”.

Еўрарадыё: Як доўга ты ўсё гэта прымаў?

Руслан Мірзоеў: Цэлы год я спажываў штодзённа. Як кажуць, быў у санях, быў у торбе. Мяне ад сістэматыкі ўратавала чарговае злачынства. Я трапіў на “хімію”, і там спыніўся. У мне спрацаваў страх трапіць на зону. “Хімію” я адбываў у Крупках. Хоць наркотыкі не прымаў, але штодзённа піў. Узяць і ў адзін дзень наркаману завязаць немагчыма. Пакуль быў на “хіміі”, у мяне нарадзілася дачка. Таму былі думкі стаць іншым чалавекам, змяніцца. Былі планы знайсці нармальную працу. Я натхніўся гэтым. Але залежнасць ― каварная рэч. Ужо ў першы дзень вызвалення я сустрэў старога сябручка. І зноўку на шэсць месяцаў трапіў у сані, зноўку здзейсніў рабаванне. І зноўку атрымаў “хімію”.

Такім чынам, калі Руслану быў 21 год, здарылася трэцяя судзімасць за “рабаванне”: пяць гадоў абмежавання волі. Гэта судзімасць не пагашана і сёння. З-за яе хлопец і патрапіў рабочым на МАЗ, дзе зняў свой выбуховы фільм “Хронікі завода”.

“Сёння мой маральны, эмацыйны і фізічны пад’ём на ўсе 100”

Той Руслан Мірзоеў, з якім гутарым за жыццё ў еўрарадыйнай студыі, не падобны да наркакрымінальніка. На яго свежых фотаздымках ў інтэрнэце бачым і жонку з дачкой, і трэніроўкі ў спартовай зале, і шматлікія хіп-хоп-кліпы, здымкі новых сацыяльных фільмаў. Ці многія пахваляцца такім бурлівым прыгодніцкім жыццём!

Еўрарадыё: Спажываць наркотыкі вы перасталі?

Руслан Мірзоеў: Дасягнуўшы дна, зразумеўшы, што я кончаны чалавек, прыйшло разуменне, што трэба нешта рабіць. І я трапіў у рэабілітацыйны цэнтр, які працуе па праграме дванаццаці крокаў. На той момант мне было 23 гады. У лістападзе мне спаўняецца 26 гадоў. З канца ліпеня 2011 года я не куру, не п’ю і не наркаманю. Абсалютна. Таму што калі я зраблю хаця б глыток піва, заўтра магу апынуцца ў прытоне.

Еўрарадыё: На першы погляд, бачна, што знаходзіцеся ў добрай форме. Як адчуваеце сябе фізічна?

Руслан Мірзоеў: На дадзены момант ― нават лепш, чым калі быў пік маёй формы ў маладосці. Вярнуўся ў залу, двойчы штодзённа трэніруюся. Не буду загадваць, але ў мяне зноўку з’явілася мэта чагосьці дасягнуць у боксе. Фізічны, маральны і эмацыйны пад’ем ― на ўсе 100%. Па раніцах бегаю кросы. Увечары іду на трэніроўку: працую ў парах, на снарадах. Вяду поўнамаштабную работу для дасягнення сур’ёзных вынікаў.

Еўрарадыё: Па фотаздымках з сацсетак бачу, што і жонка вас не кінула. Як яна вытрымала?

Руслан Мірзоеў: Гэта цуд, таму што будучыні ў нас з жонкай быць не магло. Я дакалоўся да таго, што ледзьве не краў грошы з дапамогі на дзіця. Але калі выйшаў з рэабілітацыйнага цэнтра, то паабяцаў, што праблем з наркотыкамі больш не паўторыцца. І яна пабачыла ў маіх вачах нейкую іскрынку, надзею і праўду. І яна паверыла мне ў соты раз. Вырашыла паспрабаваць. І гэта спроба аказалася ўдалай. Мы афіцыйна аформілі адносіны. Усё складаецца цудоўна за выключэннем таго, што пасля выхаду маіх фільмаў складана знайсці працу. Хоць я чалавек працавіты. У маім жыцці сёння не прысутнічае ні наркотыкаў, ні алкаголю, ні нават курэння. Мне сёння падабаецца любая праца, у тым ліку і фізічная.

“Пасля “Хронік раёна” на мяне распачалі крымінальную справу”

Еўрарадыё: З-за фільмаў у вас здарыліся нежартаўлівыя праблемы…

Руслан Мірзоеў: Яшчэ якія! Па-першае, на мяне нядаўна распачалі крымінальную справу па артыкуле 415 (“Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі”, пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. ― заўв. Еўрарадыё). А адбылося наступнае: пасля шуміхі з відэазапісамі мне накляпалі розных парушэнняў. Нібыта я прыбыў дадому пазней, чым трэба, не паведаміў, што быў звольнены з МАЗа, і гэтак далей. На роўным месцы ўсплыла пяць парушэнняў, хоць я вёў паслухмяны лад жыцця. І вось два тыдні таму я ў чарговы раз трое сутак прабыў у ізалятары, але нейкім цудам пракурор даў мне магчымасць да суда знаходзіцца на волі. Але на гэты раз у мяне сумленне чыстае. Калі раней я сапраўды жыў дрэнным чынам, здзяйсняў злачынствы, то на дадзены момант за мной вінаватасці няма, і я ўнутры спакойны, бо са мной праўда. Я спадзяюся на лепшае і веру, што мяне волі не пазбавяць.

Еўрарадыё: Ці ўдалося вам знайсці працу пасля звальнення з МАЗа?

Руслан Мірзоеў: Я шчыра хацеў працаваць. А мне казалі: “Мы не хочам, каб вы ў нас здымалі рэпартажы”. Мяне расцэньваюць як нейкага агента. Мне ўсё-такі ўдалося знайсці новае месца. Я прайшоў медагляд і буду працаваць на станку, рэзаць папяровую прадукцыю. Будзе атрымлівацца і сумяшчаць працу з трэніроўкамі.

Еўрарадыё: То бок фізічная праца вас задавальняе?

Руслан Мірзоеў: Асноўны талент, канешне, мне дадзены і ў творчай сферы, і ў спорце. Сцэна, стадыёны, кіно… Усе накірункі, звязаныя з артыстызмам, мне цікавыя. Была прапанова з Масквы, запрашалі стаць вядучым у шоў па баях без правілаў. Але з Беларусі мне выязджаць нельга.

“Тое, што паказана ў маіх фільмах, праўда. Хоць гэта і пададзена ў форме тэатральнай пастаноўкі”

Еўрарадыё: Руслан, вашы стужкі часам крытыкуюць за пастаноўкі. Маем на ўвазе эпізоды з прастытуткай, бойкай падлеткаў і іншае. Ці не шкадуеце вы, што звярталіся да гэтых спрэчных метадаў?

Руслан Мірзоеў: Пастаноўка была. Але былі і спантанныя інтэрв’ю: жанчына з віном, рэпер, крымінальнік, алкаголік каля крамы і іншае. Некаторыя сцэны былі падстроены, але стылізаваныя пад рэчаіснасць. Для некага імідж раёна ў фільмах выглядае жахліва. Гледзячы на справу цвярозым позіркам, я разумею, што ў сусветных маштабах такой ужо злачыннасці ў Курасоўшчыне не было. Але тым не менш квітнелі наркаманія і алкагалізм, дробныя крадзяжы. Пасадзілі ледзь не 80%, каго я ведаў. Гэта было. І тое, што я паказаў у “Хроніцы раёна”, сапраўды адбывалася. Таму я вырашыў падаць гэта ў форме тэатральнай пастаноўкі. Таксама я лічу няправільным, што мне далі сем сутак зняволення за мацюкі. У органах не ўтойвалі, што мне помсцілі за паказанае аблічча раёна. Некаму мае фільмы нанеслі страты, хоць мне гэтага не хацелася.

Еўрарадыё: Калі адкінуць у бок пэўныя праблемы, ці падабаецца вам ваша сённяшняе жыццё?

Руслан Мірзоеў: Мой духоўны настаўнік кажа: жыві сённяшнім днём. Маеш жонку, дзіця, чым займацца. Я маю ўсё для таго, каб быць шчаслівым. Няхай і няма вялізных грошай. Мне застаецца ўдасканальваць свае духоўныя пазнанні і імкнуцца быць карысным для іншых людзей. Гэта мая асноўная мэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі