Руслан: Я прайграў у букмекерскай канторы кватэру і аўтамабіль

Кожны дзень Руслан і яго сябры прыходзяць у кантору, каб “адбіць” прайграныя грошы. Яны збіраюцца на таталізатарах ў 10 гадзін раніцы, а разыходзяцца бліжэй да ночы. Кагосьці з гэтых хлопцаў звольнілі з працы чатыры разы: сыходзіў на некалькі хвілін, каб паглядзець вынікі гульні, і больш не вяртаўся. Еўрарадыё даведалася, колькі можна зарабіць на спартовых стаўках.

Як кажуць у сталічных букмекерскіх канторах, на таталізатарах гуляюць мужчыны 20-35 гадоў з сярэднім дастаткам, але гэта не абавязкова. У букмекерскай канторы я знайшла і тых, чый заробак можна назваць смешным: дворнік Аляксей з акладам у 150 тысяч. Ён робіць толькі мінімальную стаўку — 2 тысячы рублёў.

Па словах касіркі Алены, гуляюць нават жанчыны. Яны, як правіла, не разменьваюцца на дробязі — адразу ж ставяць вялікія грошы. Амаль заўсёды прайграюць і больш не вяртаюцца. Але ёсць жанчыны, якія гуляюць на прафесійным узроўні. Па статыстыцы, на кожную букмекерскую кропку прыпадае адна такая кабета 30-40 год. Яна разбіраецца ў спорце і гуляе толькі па-буйному.

На пытанне Еўрарадыё, колькі можна зарабіць на адным матчы, Алена прыгадала выпадак, калі выйгрыш павялічваўся ў 240 разоў. Шкада, што “шчасліўчык” паставіў толькі 5 тысяч рублёў. Больш не рызыкнуў….

Алена: Могуць выйграць мільён, а могуць і паўтара мільёна выйграць. Самы вялікі выйгрыш быў, калі з 5 тысяч выйгралі 1 мільён 200 тысяч. Гэта сенсацыя для нас, калі так “накручваюць” грошы. Канешне, былі і больш вялікія сумы, але яны пры гэтым і ставілі вялікія грошы.

Калі нехта выйграе гучную суму, букмекерская кантора адразу ж вывешвае аб гэтым аб’яву. Такая рэклама падганяе гульцоў. На “пятачку” Камароўскага рынку букмекеры расказалі мне, што зусім нядаўна студэнт са стыпендыі паставіў 50 тысяч і выйграў 20 мільёнаў. Аб’ява пра гэты выпадак на канторы да гэтага часу спакушае студэнтаў.

Самае цікавае — стаўкі з сенсацыйным каэфіцыентам на аўтсайдэра. Напрыклад, вынік футбольнага матча Люксембург-Беларусь быў відавочны, але…. Стаўка 1 да 15 на каманду Люксембурга, якую зрабіў невядомы мінчук, прынесла яму 7,5 тысяч долараў. Дарэчы пераможны мяч быў забіты ў дадатковы час.

Дырэктар букмекерскай канторы “Плюс-мінус” Аляксандр Шальмакоў расказаў Еўрарадыё, што рызыкуюць альбо дурні, альбо прафесіяналы.

Аляксандр Шальмакоў: Мы рызыку заахвочваем. Калі гуляе заведама слабая каманда, тады і выйгрышны каэфіцыент на яе вялікі. А калі мы ўпэўнены, што каманда выйграе, тады і каэфіцыент можа быць мінімальным. Нехта рызыкуе, але застаецца пры грошах, бо ў спорце можа здарыцца ўсякае.

Колькі грошай трэба мець у кішэні для сенсацыйнай стаўкі і ці магчымыя палітычныя стаўкі

Гулец Валерый з 3-гадовым стажам называе мне вынік розных матчаў на памяць. Ён ведае, з кім гуляў Дот (снукер) тры гады таму, колькі часу доўжылася сустрэча, дзе ён памыліўся…. Ён прафесійна разбіраецца ў снукеры, біятлоне, тэнісе, футболе, ведае біяграфію многіх спартоўцаў. Калі яму верыць, нават змены ў іх асабістым жыцці (заключэнне шлюбу ці яго скасаванне) уплываюць на выбар Валерыя. Ён аддае перавагу стаўкам ў 100 долараў, але на мове букмекераў ёсць такое паняцце, як “сенсацыйная стаўка”. Такую раскошу можа дазволіць сабе толькі прафесійны гулец, да таго ж з вялікімі грашыма.

Валерый: Для сенсацыйных ставак неабходна мець 10-20 тысяч долараў у кішэні. Ён прыходзіць і ставіць тысячу долараў пад каэфіцыент 12. Але ведае, што спакойна іх можа пазбавіцца, і 95%, што так яно і будзе. Яму не шкада іх даставаць з бюджэту. У выпадку сенсацыі ён у пад’ёме ў 12 разоў. З такім каэфіцыентам я магу рызыкаваць у снукеры.

Другі гулец, Сяргей, зарабляе сабе на жыццё на стаўках і асноўнай працы. Да яго захаплення бацькі ставяцца адмоўна, а жонка – з разуменнем. На яе думку, гэта лепш, чым хадзіць у казіно: тут трэба яшчэ ўключаць мазгі.

Сяргей: Бывае, што за месяц паціху можна “зліць” даволі шмат грошай. У маім выпадку – гэта недзе паўтары тысячы долараў.

Але ні Валерый, ні Сяргей не адносяць сябе да прафесійных гульцоў. Інакш яны б… не працавалі. Менеджэр букмекерскай канторы “Плюс-мінус” Вольга расказвае Еўрарадыё, што ёсць і тыя, хто абраў таталізатар сваёй асноўнай працай. Амаль усе вядуць спецыяльныя сшыткі з інфармацыяй і лічбамі.

Вольга: Каб выйграваць, трэба весці статыстыку. Ёсць такія, хто запісвае ў свой сшытак усё: у якім складзе яны гуляюць, хто на замене, хто і ў якім годзе атрымаў жоўтую картку, калі гулялі са сваім сапернікам. Такія сшыткі некаторыя вядуць з 2000 года.

Еўрарадыё паспрабавала знайсці прафесійнага гульца. Але на “пятачку” Камароўскага рынку такіх не аказалася: яны прыязджаюць у кантору вельмі рэдка. Затое аматараў таталізатару хоць заваліся: студэнты, беспрацоўныя, дворнік. Гулец Руслан прызнаецца, што прайграў сталічную кватэру і аўтамабіль. Гаворыць, што пакуль не адыграўся і размаўляць на гэтую тэму далей не збіраецца.

Тусоўшчык Алег расказвае мне, што за апошні час яго звольнілі з працы чатыры разы: сыходзіў на некалькі хвілін, каб паглядзець вынікі гульні, і больш не вяртаўся. Такіх, як ён, тут аказалася чалавек пяць. Жонкі, думаюць, не ведаюць, што іх мужчыны пастаянныя кліенты такой установы. Праўду можна сказаць толькі ў адзіным выпадку — калі пашанцавала. Я запытваюся: “На што б вы яшчэ паставілі акрамя спартовых падзей?” Адказ: “ На палітычныя”!

"Два гады таму мы прымалі стаўкі на палітычныя падзеі, але указ прэзідэнта забараніў нам гэта рабіць. Яшчэ была спроба рабіць стаўкі на вынік гульні “Што? Дзе? Калі?”, але гэта не прыжылося", — гаворыць дырэктар букмекерскай канторы “Плюс-мінус” Аляксандр Шальмакоў.

Шкада! Паставіць, напрыклад на тое, па якім маршруце пойдзе “Сацыяльны марш” — на плошчу Бангалор ці да Нацыянальнай бібліятэкі, значна цікавей, чым ставіць на зборную Штанге.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі