Рынак новых аўтамабіляў у Беларусі скараціўся на траціну
У 2016 годзе аб'ём рынку новых аўтамабіляў у Беларусі зменшыўся на траціну з-за скарачэння так званага "неарганізаванага ўвозу" з Расіі. Пра гэта паведаміў Сяргей Міхневіч, старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, якая аб'ядноўвае дылераў і імпарцёраў аўтамабіляў.
Ён нагадаў, што ў 2015 годзе ў Беларусі было зарэгістравана каля 50 тысяч новых легкавых і камерцыйных аўтамабіляў, з якіх амаль палову склаў "шэры" ці паралельны ўвоз машын з Расіі. "Гэта ўвоз перагоншчыкамі, у тым ліку нелегальнымі, і ўвоз з аўтасалонаў Расійскай Федэрацыі. Летась ён скараціўся больш чым у трая — з 42% у 2015-м да 13% у 2016 годзе. Я лічу, што гэта перамога афіцыйнага аўтамабільнага рытэйла Беларусі над сур'ёзнымі перакосамі, якія былі ў ранейшыя гады, гэта поспех у перамовах аб пастаўках з вытворцамі", — цытуе словы Міхневіча БелаПАН.
Паводле слоў кіраўніка асацыяцыі, 2016 год паказаў 33-працэнтнае зніжэнне аб'ёму беларускага рынку новых аўтамабіляў у адносінах да 2015 года. Усяго было зарэгістравана каля 33 тысяч аўтамабіляў. Афіцыйны продаж дылераў паказаў невялікі рост і склаў каля 27 тысяч аўтамабіляў, таму агульнае зніжэнне адбылося менавіта за кошт падзення паралельнага ўвозу з Расіі.
Паводле слоў Міхевіча, прагноз продажу новых аўтамабіляў на беларускім рынку ў 2017 годзе мае два варыянты — аптымістычны і песімістычны. Апошні прадугледжвае падзенне рынку да 25 тысяч легкавых і 2,5 тысячы лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў. Аптымістычны прагноз прадугледжвае продаж каля 30 тысяч легкавых і 3 тысяч камерцыйных аўтамабіляў.
"На рынак будзе ўплываць пакупніцкая здольнасць, якая сёння ў нашых грамадзян не расце. Але ёсць пазітыўныя трэнды стабілізацыі эканомікі, ёсць дастаткова вялікі адкладзены попыт у сегменце "бізнес для бізнесу". Мы таксама спадзяемся, што паляпшэнне фінансавых умоў на рынку ў сувязі са зніжэннем стаўкі рэфінансавання і кошту крэдытаў зробяць больш даступным набыццё машын з выкарыстаннем лізінгу, крэдытавання і адтэрміноўкі плацяжу", — сказаў Сяргей Міхневіч.