Рыжанкоў агучыў сваю версію, пра што размаўлялі Лукашэнка і Гутэрыш
Антоніу Гутэрыш і Аляксандр Лукашэнка
На сустрэчы ў Астане генсакратар ААН Антоніу Гутэрыш нібыта хваліў кіраўніцтва Беларусі "за працу па дасягненні мэтаў устойлівага развіцця" і не меў прэтэнзій да афіцыйнага Мінска. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала АНТ заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.
Паводле яго, практычна ўся сустрэча Гутэрыша і Лукашэнкі прысвячалася дзейнасці ААН у Беларусі, а не правам чалавека, як там "хтосьці напісаў".
"Шмат гаварылі пра мэты ўстойлівага развіцця. Генеральны сакратар казаў, што яму падабаецца, як яны рэалізуюцца ў нашай краіне: па ўсіх напрамках, як было сказана, прэтэнзій няма ніякіх. Ніякага спецыяльнага кейса па Беларусі ў ААН няма, які б сёння даваў права Гутэрышу казаць нешта, [выстаўляць] прэтэнзіі", — заявіў Рыжанкоў.
Таксама ён дадаў, што асобныя пытанні "гучалі толькі мімаходзь і выключна ў плане парады".
Прэс-служба ААН, як распавядала Еўрарадыё, зусім па-іншаму апісала сустрэчу. Там паведамілі, што яна адбылася па просьбе Лукашэнкі. Падчас сустрэчы Гутэрыш выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і згадаў выхад на волю некаторых палітвязняў. "Ён выказаў пажаданне, каб учорашняя амністыя стала крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі", — пераказала прэс-служба пазіцыю генсакратара ААН.
Прэс-служба Лукашэнкі не паведамляла дэталі сустрэчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.