С. Шушкевіч: “Мы вывезлі 81 ядзерную ракету"

Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч пацвярджае тое, што ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь фармулёўка наконт яе бяз’ядзернага статусу – юрыдычна недакладная і што зацікаўленыя бакі змогуць гэтым скарыстацца для ўвозу зброі на тэрыторыю нашай краіны.
У інтэрв’ю Еўрарадыё Станіслаў Шушкевіч таксама распавёў пра тое, як выводзілі ядзерную зброю з Беларусі і якая гэта зброя была.

Раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя вывезці ядзерную зброю з Беларусі?

Шушкевіч: Ідэя не магла ўзнікнуць, пакуль існаваў СССР. А калі СССР, у адпаведнасці з Белавежскімі пагадненнямі, перастаў існаваць дэ-юрэ і гэта было прызнана ўсім светам, то ў той жа момант, калі было падпісана Белавежскае пагадненне, і калі праз некалькі дзён яно было ратыфікавана ўсімі парламентамі, гэта пытанне павінна было паўстаць. І яно паўстала.

Чыя гэта была прапанова?

Шушкевіч: Мая. Я адразу сказаў, што мы не прэтэндуем на тую маёмасць, якая нам належыць згодна з Белавежскім пагадненнем (гэта значыць уся маёмасць, якая знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь). Не прэтэндуем на ядзерную зброю і гатовыя без усялякіх папярэдніх умоў, без усялякай кампенсацыі аддаць усю гэтую зброю: і тактычную, і стратэгічную — Расіі.

Я сказаў аб гэтым у парламенце, у нас былі розныя думкі на гэты конт, але ўрэшце ўсе пагадзіліся, што зброю трэба выводзіць, што гэтая сітуацыя вельмі небяспечная для Беларусі, калі яна фактычна з’яўляецца ядзерным склепам. Усе пагадненні ўрэшце былі падпісаныя, ратыфікаваныя, і зброю вывезлі.

Чаму вырашылі не браць кампенсацыю?

Шушкевіч: Па-першае, гэта доўгі працэс, па-другое, гэта не зусім лагічна, і па-трэцяе, была б непазбежная зацяжка і сітуацыя б ускладнілася. Мы б выглядалі ў свеце няведама кім, таму што – навошта нам гэтая зброя? Гэта не абараняльная зброя, а наступальная.

Беларусь, калі стала самастойнай дзяржавай, ні на кога нападаць не хацела. І таму, было абсалютна нелагічна мець гэтую зброю. Для нас яна не мела ніякай вартасці, яе можна было прадаць толькі тым, у каго дрэнныя намеры. Ну, дык няхай яна лепш будзе ў тых, хто найбольшае дачыненне да яе мае – у Расіі.

Ці прапаноўвала Расія прапаноўвала грошы за зброю?

Шушкевіч: Не, ні ў якім разе. Такога не абмяркоўвалася. У нас былі пэўныя дэпутаты, якія казалі, што трэба патрабаваць кампенсацыю. Многа такіх палітыкаў было ва Украіне (значна больш, чым у нас) і ў Казахстане, дзе ставілася пытанне аб тым, каб захаваць гэтую зброю на тэрыторыі, але пасля ўсе гэтыя пытанні былі знятыя.

Тут спрацаваў прынцып даміно: мы паказалі прыклад. Мы так зрабілі — значыцца зрабілі і астатнія ў рэшце рэшт, бо гэта было лагічна.

Якая гэта была зброя, і колькі яе было?

Шушкевіч: Што да тактычнай зброі, то яе было вельмі многа, я нават дакладна не ведаю колькасць, тут не паўставала гэтага пытання, яе было даволі проста вывезці.

Што тычыцца стратэгічнай зброі – было 72 ракеты новага ўзору і 9 ракет найноўшага ўзору самай сучаснай ядзернай зброі.

На сённяшні момант менавіта такая зброя з’яўляецца галоўнай гарантыяй, напрыклад, магутнасці Расіі, таму што іншыя, шахтныя структуры, яны, на думку ваенных, менш эфектыўныя, чым вось такія рухомыя. У нас менавіта былі рухомыя. Паўтараю, 81 у агульнай колькасці ядзерная ракета, з іх 9 — з падзяляючыміся боегалоўкамі.

Скажыце, калі выводзілі зброю, ці была падпісаная якая-небудзь дамова? Ці было нейкім чынам агаворана тое, што зброю ў Беларусь ізноў не ўвядуць?

Шушкевіч: Не, калі выводзілі зброю, такіх пунктаў не было. Беларусь пазней падпісала Лісабонскі пратакол. Там многа пунктаў у гэтым пратаколе, і Беларусь да яго далучылася. Лісабонскі пратакол – гэта значыцца, што мы не будзем размяшчаць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю. І тая гаворка, якая ідзе цяпер ад Сурыкава, яна пярэчыць Лісабонскаму пратаколу, а Беларусь падпісала гэты пратакол, пазбавіўшыся ад ядзернай зброі.

Што датычыць юрыдычнага боку пытання магчымасці ўвядзення ядзернай зброі на тэрыторыю нашай краіны: у цяперашняй Канстытуцыі бяз’ядзерны статус Беларусі прапісаны недакладна. Там напісана, што “Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву – нейтральнай”. Ставіць за мэту і з’яўляцца бяз’ядзернай дзяржавай – розныя рэчы…

Шушкевіч: Так, фармулёўка юрыдычна недакладная, але я ў гэтым не вінаваты. У нас шэраг недакладнасцяў: напрыклад, тое, што Беларусь увогуле падпісала ваенную дамову — у нас напісана, што мы імкнемся да нейтральнасці… Якое ж гэта імкненне да нейтральнасці, калі падпісаная ваенная дамова з Расіяй?

Мы ўздымалі ў свой час пытанне аб тым, што Беларусь хацела б быць нейтральнай дзяржавай, але гэта будзе рамантызмам, калі мы будзем гэтага хацець і не рабіць нічога, каб так было. А каб так было, трэба каб Расія, Злучаныя Штаты і Еўропа пацвердзілі прызнанне нейтральнасці Беларусі.

Папярэднія кансультацыі былі яшчэ перад 95-м годам, і такая папярэдняя згода ў размовах з боку Злучаных Штатаў была.

Чаму вы лічыце, што ўвядзенне ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі нясе такую вялікую небяспеку? Можа наадварот, менавіта такім чынам, у выпадку чаго, мы змаглі б сябе засцерагчы ад амерыканскай сістэмы супраць ракетнага абсталявання ў Польшчы?

Шушкевіч: Калі ўзнікае сур’ёзны канфлікт, то перш за ўсё знішчаюць месца, дзе знаходзіцца найбольш магутнае ўзбраенне. Беларусь, можна сказаць, была закладнікам падчас Савецкага Саюза: тут была 81 балістычная ракета і многа іншай ядзернай зброі. І яна больш за ўсё пагражала людзям Беларусі.

Я думаю, што і сусветная грамадскасць павінна супраць гэтага пратэставаць. А больш за ўсё павінны пратэставаць беларусы, таму што большай пагрозы для людзей Беларусі, чым увядзенне на яе тэрыторыю ядзернай зброі, няма.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі