Са жніўня ў СІЗА трымаюць падлетка, кажуць, што кінуў бутэльку ў міліцыю
У Гомелі са жніўня ў СІЗА трымаюць падлетка, кажуць, што кінуў бутэльку меракавана з запальнай сумессю ў міліцыянера, які за ім гнаўся. 16-гадовы Мікіта Залатароў віны не прызнае, паведамляе Радыё Свабода.
Бацька хлопца кажа, што сына затрымалі дома 11 жніўня і абвінавачваюць у хуліганстве. Паводле яго слоў, доказаў следства не мае. Мікіта быў на мітынгу пратэсту і ўцякаў ад амапаўцаў разам з іншымі людзьмі. Хлопец сцвярджаў, што яго збівалі.
Падлетак хварэе на эпілепсію, з прычыны хваробы ў яго было надомнае навучанне. Аднойчы на допыце яму стала дрэнна і "хуткая" завезла яго ў бальніцу, у рэанімацыю. Лекары напісалі, што ў Мікіты быў эпілептычны сындром, але маці мяркуе, што гэта было наступства збіцця, у тым ліку і па галаве. На наступны дзень хлопца забралі з бальніцы зноў у ізалятар часовага ўтрымання, у выніку зняць пабоі не ўдалося.
Аднойчы на следчых дзеяннях прысутнічаў бацька і ў нейкі момант сын яму сказаў: "Татачка, бʼюць кожны дзень".
Цяпер Мікіта Залатароў знаходзіцца ў СІЗА № 3 Гомеля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.