Сацыёлагі: у прэзідэнцкай гонцы ва Украіне Зяленскі сыходзіць у адрыў
У прэзідэнцкай гонцы ва Украіне Уладзімір Зяленскі сыходзіць у адрыў. За яго ўжо гатовыя прагаласаваць 34% украінцаў, якія вызначыліся з выбарам. Дадзеныя апытання, праведзенага ў сакавіку, апублікавала Усеўкраінская грамадская арганізацыя "Перадавыя прававыя ініцыятывы". 46% Зяленскі мае ў Днепрапятроўскай вобласці, больш за 40% — у Харкаўскай, Запарожскай, Сумскай абласцях, амаль 40% — у Адэскай, Ровенскай, Кіраваградскай, Мікалаеўскай, Чарнігаўскай, Херсонскай, Закарпацкай абласцях.
У галоўных канкурэнтаў Уладзіміра Зяленскага рэйтынг зніжаецца: Пётр Парашэнка — 14,22%, Юлія Цімашэнка — 12,9%, Юрый Бойка — 11,1%. У астатніх менш за 7%. Сацыолагі адзначаюць, што ў Зяленскага выдатныя шанцы для праходу ў другі тур.
Як інфармуе УНІАН, паводле сацыялагічнага апытання, якое правялі цэнтр "Сацыяльны маніторынг" і Украінскі інстытут сацыяльных даследаванняў, Зяленскі мае 29,4%, Цімашэнка выйшла на другое месца — 17,2%, Парашэнка знаходзіцца на трэцім месцы — 14,9%.
Прэзідэнцкія выбары ва Украіне пройдуць 31 сакавіка.