У садках падлічваюць дзяцей-прагульшчыкаў і ўжо збіраюцца іх адлічваць

“Усё больш маці аддаюць у дзіцячыя садкі дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, самі ж пры гэтым застаюцца дома, — заяўляе віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік. — Гэта яшчэ адзін канал, праз які бюджэтныя сродкі сыходзяць неапраўдана: дзяржава аплачвае маці і дапамогу па доглядзе дзіцяці, і яго ўтрыманне ў дзіцячым садку”.

Пасля заявы віцэ-прэм'ера бацькоў у садках сапраўды пачалі папярэджваць аб прагулах — вывешваць аб'явы і рабіць пра гэта абвесткі на бацькоўскіх сходах.

Насуперак таму, што ў Кодэксе аб адукацыі такога пункта няма.

У дзіцячым садку №227 Мінска кажуць, што даўно папярэджваюць бацькоў аб магчымым выключэнні дзіцяці за прагулы. Яшчэ з мінулага года!

“У нас ёсць статут садка, і пры паступленні дзіцяці мы азнаямляем бацькоў з правіламі”, — кажуць тут, але не могуць нават згадаць, калі дзяцей у іх выключалі за прагулы.

А вось яшчэ адна загадчыца сталічнага садка кажа, што тлумачэнні Кодэкса аб адукацыі, а менавіта пункт пра выключэнні з установы, яны заўсёды трактавалі ў дачыненні да ВНУ, да вучылішчаў, але ніяк не да садкоў!

“Яшчэ ў сакавіку прыйшло тлумачэнне, як трэба “правільна” разумець Кодэкс аб адукацыі. Але тады набліжаліся выпускныя, паступленне і на гэта ніхто не звярнуў увагі. А вось цяпер пачалося. Калі дзіця 30 дзён за навучальны год адсутнічае ў садку — яго можна выключаць”, — падводзіць выснову загадчыца. Цяпер у садку яны разам з бухгалтарамі і выхавацелямі вядуць… улік дзяцей. Ужо ёсць тры кандыдаты на вылет, і хутчэй за ўсё яны па пагадненні бакоў забяруць дзяцей з садка.

“Гэта дадатковая нагрузка на дактароў, бо іх выклікаюць па даведкі. Дадатковая нагрузка на бухгалтараў, бо яны займаюцца лішняй папяровай працай. І больш працы выхавацелям: у нас садок невялікі, а дзе ёсць 350 дзяцей, паспрабуй усіх улічы і напішы! Але, як звычайна, мы аказаліся крайнімі”.

У дзіцячым садку №1 Пінска лічаць, што выключаць дзіця з садка за прагулы нельга.

“Калі дзіця 30 дзён не ходзіць у садок, тут не можа не быць прычыны! — абураюцца ў Пінску. — Абавязкова нешта будзе: ці ў бацькоў выхадныя, ці адпачынак у каго з бацькоў. Не можа такога быць, каб не было прычыны! У нас ёсць групы, якія нават недаўкамплектаваныя — патрэбна 20 дзяцей, а ў нас у дзвюх групах 17 чалавек. Але недзе, магчыма, садкі і перапоўненыя”, — кажуць, што гэтая прапанова — быццам толькі прапанова, а не рэчаіснасць, і папраўку ў Кодэкс аб адукацыі пра прагулы дашкалятаў і іх магчымы вылет з садка толькі плануецца ўвесці.

Многія выхавацелі і загадчыкі садкоў з такой трактоўкай Кодэкса, як і многія яе калегі, нязгодная і цалкам на баку бацькоў: як можна выключаць дзіця з садка? Тут быў выпадак, калі ўсё лета бацькі не прыводзілі дзіця ў садок, і яны па пагадненні бакоў выключылі дзіця.

“Калі маці ў дэкрэтным адпачынку і вось праспала і не павяла дзіця ў садок? Гэта па-чалавечы паважлівая прычына, але цяпер ужо і не”, — загадчыца кажа, што заўсёды можна знайсці апраўданне любой сітуацыі і зыходзіць з жыццёвых рэалій. Сёння бацькі могуць не вадзіць дзіця ў садок, а што будзе заўтра, ніхто не ведае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі