Сакратар Пуціна не пракаментаваў заяву Лукашэнкі пра непатрэбную вайсковую базу
Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, не стаў каментаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі, што Беларусі непатрэбная расійская вайсковая база.
"Я пакіну без каментароў гэтую фразу", — перадае ТАСС словы Пяскова. Ён дадаў, што не ведае кантэкст выказвання Лукашэнкі і не хацеў бы "гадаць на кававай гушчы".
Разам з тым, прадстаўнік Крамля адзначыў, што Мінск і Масква шчыльна ўзаемадзейнічаюць у рамках Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЕАЭС і іншых аб'яднанняў. "Беларусь — наш цесны партнёр і ў плане гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, і ў плане пытанняў бяспекі. Гэта стратэгічная лінія", — падкрэсліў Пяскоў.
На сустрэчы з групай амерыканскіх аналітыкаў 6 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусі не патрэбная расійская вайсковая база. Па яго словах беларускае войска само здольнае абараніць краіну.