Сакрэтная служба ЗША хоча набыць праграму, каб выяўляць сарказм у сацсетках
Акрамя сарказму праграма мусіць вызначаць словы, якія маюць іншае значэнне, чым падаецца на першы погляд.
Ведамства абвясціла конкурс на такую праграму. Яна павінна шукаць уплывовых асобаў у сацыяльных медыя, аналізаваць плыні інфармацыі ў рэальным часе ў Twitter і быць сумяшчальнай з Internet Explorer 8.
Прэс-сакратар сакрэтнай службы Эд Донаван распавёў Washington Post, што такім чынам агенцтва стварае ўласную сістэму маніторынгу Twitter. Гэта дазволіць агенцтву адсочваць іх уласную прысутнасць у Twitter, а таксама важныя трэнды ў сацыяльнай сетцы.
Мэта палягае ў тым, каб аўтаматызаваць працэс маніторынгу сацыяльных медыя, кажа Донаван. Гэта аналіз у рэальным часе. Здольнасць выяўляць сарказм — гэта толькі адна з 16 ці 18 функцый, якія патрабуе спецслужба.
Выданне нагадвае, што падлетак у Тэхасе быў арыштаваны за саркастычны каментар у фэйсбуку аб страляніне ў школе, поўнай дзяцей.
Фота з сацыяльных сетак