Салон керамічнай пліткі: Нават ва ўзорах беларускай пліткі ёсць брак
Ці карыстаюцца попытам беларускія тавары, праз адсутнасць якіх Мінгандаль прыпыняў працу крамаў?
Мінгандаль крочыць па Беларусі, пакідаючы пасля сябе закрытыя крамы. Адна з прычын закрыцця гандлёвых кропак — адсутнасць тавараў беларускай вытворчасці.
Да прыкладу, у канцы снежня 2014 на 10-15 дзён Мінгандаль закрывае крамы “5 элемент” і “Электрасіла”.
“5 элемент” у Слоніме закрылі, бо ў краме недалічыліся айчынных тэлевізараў — павінна быць пяць, а быў толькі адзін, адзін пыласос замест чатырох, беларускіх прасаў не было ніводнага! Тут не тое што на дзесяць дзён, ліквідаваць магазін такі!
Затое цяпер у краме айчынныя тавары ў наяўнасці. Прадавец-кансультант Зінаіда праяўляе выключныя патрыятычныя якасці.
“На кожнага пакупніка ў нас ёсць тавар. Нехта бярэ імпарт, нехта беларускія тавары. Да прыкладу, беларускія тэлевізары вельмі часта бяруць на кухню, у іх розныя каляровыя варыяцыі”.
Ды што тут казаць, у самога прадаўца Зіны дома беларускі прас, які спраўна працуе чатыры гады.
З тэхнікай усё ў парадку, а што з абуткам? Мінгандаль закрываў 21 краму “Мегатоп” за тое, што не было мужчынскага, дзіцячага і хатняга абутку беларускай вытворчасці. У краме “Мегатоп” на вуліцы Магілёўскай сёння беларускі і кітайскі абутак.
“Нягледзячы на тое, што кітайскі і беларускі абутак са скуры будзе мець прыкладна аднолькавую падкладку, беларускі абутак даражэйшы! Таму пакупнікі аддаюць перавагу імпарту пакуль”, — неахвотна агучваюць у краме.
Калі з бытавой тэхнікай і абуткам больш-менш добра, то з беларускай керамічнай пліткай — бяда.
Адзін з салонаў керамічнай пліткі і сантэхнікі “Студыя Квадра” зачынялі 20 снежня. Прычына — недахоп айчыннай пліткі.
“На складах плітка была, але ў краме прадстаўленая не была. Мы выправіліся, — кажа ў жывым эфіры тэлеканала АНТ (праграма “Справа прынцыпу”) прадпрымальнік Эдуард Гейко, яму належыць салон. — Але з таго часу, як мы выправілі парушэнні, беларускай пліткі не прадалі. Выдатная плітка, але не бяруць. У нас і цана ніжэйшая, чым рэкамендаваная заводам! Ніжэйшая, чым у фірмовай краме!”
Тэлефануем у салон “Студыя Квадра”. Кансультант Арына заўважае, што цэны на беларускую плітку і, да прыкладу, на польскую амаль аднолькавыя. Але польская ўсё ж даражэйшая. І пакупнікі бяруць гэтую дарагую, польскую.
Прадавец бачыць некалькі прычын, з якіх пакупнікі аддаюць перавагу імпарту. Адна з іх — беларуская плітка прайграе па дызайне. Калі польскія вытворцы прапануюць сумяшчэнне шкла і керамікі, ручную працу, дык “Керамін” прапаноўвае стандартны, спакойны дызайн. Але нават калі кошт-дызайн задавальняе пакупніка, ёсць пытанні па якасці.
“Майстры самі раяць імпартную плітку, па ёй няма скаргаў наогул, а па беларускай ёсць. Нават ва ўзорах, якія дасылае завод, можа быць разнатон! Звычайна пакупнікі пераплачваюць, але бяруць якаснае”.