Самсонаў не змог заваяваць бронзавы медаль на Алімпіядзе ў Рыа

Самсонаў не змог заваяваць бронзавы медаль на Алімпіядзе ў Рыа

Беларус Уладзімір Самсонаў не змог заваяваць бронзавы медаль на алімпійскім турніры па настольным тэнісе. У матчы за 3-е месца ён саступіў японцу Дзюну Мізутані з лікам 1:4 (4:11, 9:11, 11:6, 12:14, 8:11).

Для 40-гадовага Самсонава чацвёртае месца на Алімпіядзе ў Рыа — лепшы вынік у кар'еры (для яго гэта былі шостыя Алімпійскія гульні). У пасляматчавым інтэрв'ю ён наракаў на траўму, атрыманую ў чвэрцьфінале, якая не дазволіла згуляць у поўную сілу.

Адзначым, што пасля шасці дзён Алімпіяды Беларусь па-ранейшаму не мае медалёў.

Уладзімір Самсонаў нарадзіўся ў Мінску. Настольным тэнісам займаецца з 7 гадоў. Яго трэнерам у сталічным Цэнтры настольнага тэніса быў Аляксандр Пяткевіч. Самсонаў вельмі хутка прагрэсуе, у 11 гадоў у Афінах у складзе савецкай зборнай стаў чэмпіёнам Еўропы сярод кадэтаў. Праз год ён ужо чэмпіён Еўропы ў парным разрадзе і ў міксце. Да 1993 года ён збярэ 13 залатых еўрапейскіх узнагарод маладзёжнага настольнага тэнісу. У 1989-м Самсонаў ужо чэмпіён СССР сярод юніёраў.

Трэнер Самсонава: “Напачатку 80-х трэніроўкі праводзіліся ў агідных умовах!”

Дарослы тэніс для беларуса пачаўся ў 1994-м. Яго заўважыла нямецкая фірма TIBHAR, пасля заключэння персанальнага кантракту Уладзімір Самсонаў пераехаў у Нямеччыну. За сваю кар'еру ён выступаў за розныя клубы ("Барусію" з Дзюсельдорфа, "Раял Вілет" з Шарлеруа, Club Cajagranada Tenis de Mesa з Гранады, "Факел Газпрома" з Арэнбурга), выйграваў з імі нацыянальныя чэмпіянаты і клубны чэмпіянат Еўропы, Лігу еўрапейскіх чэмпіёнаў. У сярэдзіне 1990-х Уладзімір пачаў свае выступленні і ў зборнай Беларусі. У 1996-м у Браціславе на чэмпіянаце Еўропы Самсонаў узяў золата ў міксце, а ў 1998-м у Эйндховене — у асабістым і ў парным разрадах. У 1999-м ён стаў заслужаным майстром спорту Рэспублікі Беларусь. У 2003 годзе спартсмен прывёў беларускую зборную да каманднага золата чэмпіянату Еўропы.

У 2000-я Самсонаў працягвае радаваць заўзятараў. На сённяшні дзень ён — шасціразовы чэмпіён Еўропы ў розных разрадах, трохразовы чэмпіён Кубка свету, сяміразовы пераможца еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў, чатырохразовы пераможца "Еўра-Топ12", срэбраны прызёр на Еўрапейскіх гульнях 2015 года ў Баку, пераможца ў адзіночным разрадзе на Qatar Open 2015. Да таго ж ён мае дзясяткі выйгрышаў у турнірах Про-Тура ITTF.

Самсонава называюць "джэнтльменам настольнага тэніса" — у 2005 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт уганараваў яго прызам "Fair play". Здарылася гэта пасля таго, як у матчы "Еўра-Топ-12" з расіянінам Аляксеем Смірновым суддзі палічылі, што мяч пасля ўдара саперніка беларуса не закрануў стол. Аднак Самсонаў палічыў, што закрануў і звярнуўся да суддзяў, каб яны залічылі гэты мяч. Праўда, тыя свайго рашэння не змянілі. Самсонаў, які меркаваў, што яны памыліліся, аддаў апошнія ачкі саперніку.

У 2000 годзе Уладзімір Самсонаў жэніцца на сербцы Наталі Нам. Вяселле пары было сціплым і прайшло ў Мінску. Па словах жонкі, яны з мужам "нематэрыяльныя людзі".

"Я нават не люблю ўслых прагаворваць, якая ў нас машына. Мне падаецца, свет стаміўся ад людзей, якія пастаянна паказваюць сваё багацце", — кажа Наталі ў інтэрв'ю выданню "Трыбуна". Яна прызнаецца, што Уладзімір на святы дорыць ёй... вершы, напісаныя ўласнаручна. І ўвогуле, мяркуе жонка, сваім талентам і дабрынёй Самсонаў заслужыў выхад у паўфінал на Алімпіядзе: "Мы ўсе — сябры і родныя плакалі ад шчасця".

Наталі сцвярджае, што за 16 гадоў пара ні разу не пасварылася: "Вова — супертата, супермуж і суперсябра. У нас суперсям'я. Мне падаецца, што ёсць толькі адзін такі чалавек у свеце. Пашанцавала, што гэта менавіта мой муж".

У пары два сыны — Віктар і Іван. Старэйшы Віктар сур'ёзна займаецца баскетболам. Ён ужо патрапіў у іспанскі клуб. Малодшаму Івану 10 гадоў. Сям'я жыве ў Гранадзе.

Да Рыа Самсонаў удзельнічаў у пяці Алімпіядах (ад 1996 года), але далей за чвэрцьфінал не праходзіў. У адным з інтэрв'ю ў канцы 2011-га Уладзімір Самсонаў гаварыў: "Практычна ўсе гульні на Алімпіядах я прайграў у вельмі ўпартай барацьбе, шанцаў выйграць было шмат. Нават не ведаеш, чаму гэта адбываецца. Нібыта ўсё ў тваіх руках, але ты прайграеш". Спадзяваўся, што атрымаецца на Алімпіядзе 2012-га ў Лондане, але тады не выйшла.

Спартсмен неяк казаў, што пасля заканчэння кар'еры ён хацеў бы знайсці працу, звязаную з настольным тэнісам. Пра трэнерскую ж працу ён выказваўся, як пра вельмі цяжкую: "Гэта пастаянны стрэс".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі