Самыя няшчасныя дзеці Еўропы і безалкагольны Актобэрфэст — #ІхНоравы
Пра што гавораць у свеце
Еўропа — адзін з самых добра забяспечаных рэгіёнаў свету. Але гэта не значыць, што ўсе людзі тут шчаслівыя. Моладзь пужаюць рост цэн і няясныя перспектывы.
А крыху больш сталых немцаў пачало асабліва клапаціць здароўе, якое падрываюць некаторыя нацыянальныя традыцыі — напрыклад, піўныя гулянні.
Затое Моніка Белучы ў свае 60 гадоў, падобна, ні пра што не пераймаецца: у яе ўсё ў парадку з кар'ерай, ёсць каханы чалавек, і яна па-ранейшаму адна з галоўных красунь на планеце.
Чытайце пра гэта падрабязней у нашым традыцыйным аглядзе навін з усяго свету.
Лондан — сталіца няшчасных?
Даследаванне брытанскай дабрачыннай арганізацыі Children's Society паказала, што 16,6% еўрапейскіх дзяцей да 15 гадоў не задаволеныя сваім жыццём.
Самыя шчаслівыя дзеці і падлеткі жывуць у Нідэрландах, Фінляндыі і Даніі. Самыя няшчасныя дзеці — у Вялікабрытаніі, Польшчы і Мальце.
У гэтых краінах ад 23 да 25% моладзі не бачыць сваёй светлай будучыні. Сярод праблем, якія ўплываюць на пачуццё дабрабыту і задаволенасці жыццём, называюць недахоп грошай, сацыяльныя праблемы — бяздомнасць, злачыннасць, сацыяльную няроўнасць, пагражальны рост цэн, складанасці з працай, здзекі ў школе.
Але гэта не значыць, што з падобнымі складанасцямі сутыкаюцца толькі ў тых краінах, якія занялі ў даследаванні ўзроўню шчасця апошнія радкі рэйтынгу.
ЮНІСЕФ бачыць у гэтым тэндэнцыю. І правакуе яе шмат у чым беднасць. У шчаслівым, здавалася б, Еўрасаюзе кожнае чацвёртае дзіця — а гэта 20 млн дзяцей — жывуць пад пагрозай галечы або сацыяльнай ізаляцыі.
"Беднасць мае доўгатэрміновыя наступствы для дзяцей. Гэта не проста дзіця, якое жыве ў беднасці і, як толькі вырасце і знойдзе працу, выберацца з яе. Яна ўплывае на іх целы, розум і перспектывы на будучыню", — пракаментавала Euronews прафесар Элі Данхіл, дырэктарка па палітыцы, прапагандзе і камунікацыях Eurochild.
Беларусь, Украіна і Расія ў даследаванне не патрапілі.
Безалкагольны Актобэрфэст — як вам такое?
Па сацсетках кожны год разлятаюцца відэа з Мюнхена і іншых нямецкіх гарадоў, дзе аматары піва святкуюць Актобэрфэст. Гэта заўсёды гоман і песні, разудалыя застоллі і рэкі піва.
Але сёлета ў Германіі праявіла сябе іншая тэндэнцыя: мода адмаўляцца ад алкаголю. Не-не, гэта не адмяняе традыцыйных гулянняў, і піва не адмяняе таксама. Проста цяпер усё больш людзей выбірае правесці Актобэрфэст без стратаў для здароўя і цяжкага пахмелля зраніцы.
За апошнія 10 гадоў у Германіі больш чым у два разы вырасла папулярнасць безалкагольнага піва. У Мюнхене да Актобэрфэсту адкрыўся піўны сад, дзе ва ўсіх кранах — толькі безалкагольнае піва. А ў барах кажуць, што іх наведвальнікі сталі больш адказна ставіцца да спажывання алкаголю.
Ці загубіць гэта Актобэрфэст і піўную прамысловасць? Пакуль не падобна. Ці лічыць гэтую тэндэнцыю пазітыўнай? На думку СААЗ — менавіта, так.
Моніцы Белучы — 60
Яна па-ранейшаму адна з самых яркіх акторак і, што ўжо тут хаваць, самых прыгожых і жаданых жанчын планеты. Італьянская кінадзіва, паспяховая мадэль і мама дваіх таленавітых дачок нядаўна ззяла на чырвонай дарожцы ў Лас-Вегасе побач са знакамітым рэжысёрам Цімам Бёртанам. Зорка прызналася, што шчаслівая з ім.
Моніка Белучы працягвае здымацца, у гэтым годзе выйшаў фільм "Бітлджус", дзе італьянка грае страшнаватую Далорэс, жонку бія-экзарцыста.
За 30 з лішнім гадоў у кіно Белучы ні разу не намінавалі на Оскар. І гэта ані не перашкаджае мільёнам яе прыхільнікаў захапляцца тым, як яна лёгка ўмее пераўвасабляцца з мадонны ў фатальную спакусніцу.
А яшчэ Моніка Белучы падкупляе сваім падыходам да жаночай прыгажосці. Яна не баіцца старэць і — прынамсі, так дэкларуецца — выступае за натуральнасць: не апраўдваецца за фігуру і кілаграмы, не саромеецца зморшчын. Актрыса паказвае ўзор таго, як можа выглядаць сталая жанчына, якая не злоўжывае дасягненнямі медыцынскай касметалогіі і любуецца сабой.
У гламурных часопісах пішуць, што сакрэты прыгажосці Монікі Белучы заключаюцца ў занятках плаваннем і ёгай, масках з аліўкавага алею для скуры і валасоў і здаровым сне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.