Сцены гімназіі, якая абрынулася ў Крычаве, камісія ацэньвала “на вока”

Затое пасля абрушэння часткі будынка гімназіі ў Крычаве спецыяльныя камісіі пачалі праверку іншых школ у Магілёўскай вобласці. І, як даведалася Еўрарадыё, па выніку праверак з'явіліся сумневы адносна 9 школ вобласці. У абласным аддзеле адукацыі кажуць, што нагоды непакоіцца няма, але навучальныя ўстановы вырашылі праверыць больш дэталёва, каб пераканацца, што канструкцыі адпавядаюць нормам.

"Дадатковая экспертыза праводзіцца, калі ёсць неабходнасць, — тлумачыць прадстаўнік абласнога аддзела адукацыі. — Камісія выяўляе, ці ёсць дэфекты. Калі дэфекты ёсць, у першую чаргу запрашаюцца прадстаўнікі будаўнічых падраздзяленняў. Ставяцца маякі, калі ёсць шчыліны, назіраюць. Калі ёсць дэфекты руху, то выклікаецца спецыялізаванае даследаванне, аплачваецца адпаведным чынам. Яно нятаннае. Калі даюць рэкамендацыю па праектаванні ўмацаванняў, то праектуюцца ўмацаванні будаўнічай канструкцыі".

Усе школы, у тым ліку гімназія, што абрынулася, прайшлі ўсе праверкі і мелі пашпарт гатоўнасці да навучальнага года. Чаму ж тады не знайшлі парушэнняў?

"А чаму вы ўпэўненыя, што там былі парушэнні? Калі экспертыза зробіць заключэнне, будзе зразумела. Казаць, што гэта камісія вінаватая, занадта рана", — тлумачаць у аддзеле.

Вынікі працы камісій па сумнеўных школах будуць вядомыя 8 верасня. І тады стане зразумела, ці трэба ўмацоўваць сцены. Версіі, чаму абрынулася крычаўская гімназія, таксама не агучваюць, пакуль не будзе вынікаў экспертызы, паведаміла Еўрарадыё прадстаўнік Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.

"Гэта рэзананснае здарэнне, і каб разабрацца, чаму гэта адбылося, больш дэталёва абследаваць, была распачатая крымінальная справа і прызначаная комплексная будаўніча-тэхнічная і тэхналагічная экспертызы".

Але чаму ж камісія, якая падпісвала пашпарт гатоўнасці, не заўважыла ніякіх праблем? Еўрарадыё даведалася, што ў камісію ўваходзяць прадстаўнікі санстанцыі, МНС, цеплаэнергетыкі і электрыкі. Што яны правяраюць, можна зразумець. Але прадстаўнікоў будаўнічых арганізацый у камісіі няма. Таму канструкцыю будынка правяраюць “на вока” самі ўладальнікі, тлумачаць Еўрарадыё ў адным з упраўленняў архітэктуры і будаўніцтва.

"Канструкцыю будынка могуць праверыць толькі спецыялізаваныя арганізацыі. Але вы зразумейце, штогод наймаць арганізацыю, каб праверыць усе школы па рэспубліцы... па-першае, яны не справяцца".

А па-другое, як ужо казалі ва ўпраўленні адукацыі, гэта не бясплатна і нятанна.

"Візуальны агляд ёсць вясновы і восеньскі. Усе будынкі і пабудовы аглядаюцца. Ёсць журналы ўстаноўленай формы. Агляд павінныя рабіць самі ўласнікі будынкаў", — тлумачаць ва ўпраўленні архітэктуры і будаўніцтва.

Неспецыялісты без дадатковых даследаванняў маглі проста не заўважыць праблемы. Бацькі ж гімназістаў пачалі казаць, што бачылі шчыліны ў будынку. А камісія праверыла ўсе школы, у якіх мянялі вокны. Як высветліла Еўрарадыё, вокны ў Крычаўскай гімназіі сапраўды мянялі, пра гэта кажуць і ў мясцовым аддзяленні адукацыі:

"Мянялі вокны ў гэтай школе. Быў яшчэ ў 2012 годзе распрацаваны праект. У 2013 памянялі фасад цалкам. Другім этапам мянялі крыло старэйшага корпуса, а на наступны год планавалі мяняць малодшы блок".

Еўрарадыё звярнулася да спецыялістаў, якія выказалі сумнеў, што замена вокнаў магла стаць прычынай абрушэння сцяны. На іх думку, у будынках такога тыпу (праекты 1975-1983 гадоў) ёсць іншае слабае месца. Зліў вады там арганізаваны так, што вадкасць можа працякаць па сценах і падмываць кладку. Ці сапраўды гэта так, можна будзе даведацца толькі пасля экспертызы, у тым ліку і фрагментаў кладкі, якія знайшлі на месцы здарэння.

Школы вобласці, пабудаваныя па такім жа праекце, камісія агледзела паўторна. Дырэктар магілёўскай школы №33 кажа, што да іх ніякіх пытанняў не ўзнікла.

"Прыязджалі да нас людзі з камісіі. Яны хадзілі па двары школы, у будынак нават не заходзілі. А па школе ў нас ніякіх заўваг ніколі не было. Школа 1979 года, але калі камісія прыязджала, пытанняў па ўтрыманні будынка не было".

Праўда, да крычаўскай гімназіі таксама пытанняў не было, і пашпарт гатоўнасці яна атрымала. Сістэмная гэта праблема ў канструкцыі, узрост, або службовая халатнасць, вырашыць следства. Вучні гімназіі пакуль разам з настаўнікамі разышліся па іншых школах. Там ім далі памяшканні, арганізаваны падвоз на аўтобусах. Дырэктар гімназіі на пытанні Еўрарадыё адказваць адмовілася.

Усяго ў Магілёўскай вобласці па тым жа праекце, што ў Крычаве, пабудавана 5 школ: 32, 33, 34, 35 у Магілёве, школа нумар 1 у Бялынічах. Па падобным праекце пабудаваныя школы 1, 8, 20, 28 у Бабруйску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі