“Считаю высказывания сотрудницы метро на белорусском языке навязыванием”

“Считаю высказывания сотрудницы метро на белорусском языке навязыванием”

“На ўваходзе ў станцыю метро Купалаўскую/Кастрычніцкую працуе чорнавалосая пані з Ташкента. Пераехаўшы шмат год таму ў Беларусь, яна неяк зацікавілася беларускай гісторыяй і мовай. У той час, калі самі беларусы кажуць "мне проще по-русски", пані з Ташкента перайшла на мову Скарыны і Купалы ды ў пераходах вітае пасажыраў па-беларуску. І вось сёння нейкі маскаль, які прыехаў па сваіх справах у калонію Расеі, напісаў на яе скаргу за зварот да яго па-беларуску”, — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Зміцер Дашкевіч.

Наяўнасць скаргі пацвярджае сама гераіня гэтай гісторыі, кантралёр станцыі “Кастрычніцкая” Людміла. Жанчына засмучаная, адразу ж адмаўляецца ад размовы пад запіс і катэгарычна не жадае, каб яе фатаграфавалі. Маўляў, “што я вам, кіназорка, мне і так не падабаецца, што гэта абмяркоўваюць”. Тым не менш прызнаецца, што можна было і пазбегнуць канфлікту з расіянінам, але ён павёў сябе не вельмі адэкватна.

“Цяпер жа шмат расіян у Беларусі адпачывае, — кажа жанчына. — Гэты мужчына двойчы праходзіў у метро, я з ім віталася па-беларуску. Ён на мяне здзіўлена глядзеў, але асабліва не выказваўся. А трэці раз ён падышоў да мяне, я, як і трэба, прадставілася на беларускай мове, а ён мне кажа: “А цяпер на рускай!”. Менавіта з такой крыўднай інтанацыяй. Я яму адказала, “прабачце, але я магу размаўляць на той дзяржаўнай мове, на якой пажадаю”. Ён запатрабаваў кнігу скаргаў. У мяне за дзень праходзіць па 15 тысяч чалавек, ходзяць кітайцы, якія не вельмі разумеюць і беларускую і расійскую мовы, але з імі неяк атрымліваецца паразумецца. Калі б ён сказаў “прабачце, але я не разумею беларускай мовы”, то я б яму без пытанняў адказала па-руску”.

Па словах Людмілы Міхайлаўны, яна не спадабалася гэтаму расіяніну яшчэ з першай сустрэчы. Прычым, беларуская мова была не адзінай прычынай, дадало агню і ўкраінскае прозвішча супрацоўніцы метро.

“Пакуль пісаў скаргу, ён казаў, што я яго запомню, больш тут працаваць не буду і гэтак далей, — працягвае распавядаць кантралёрка. — Назваў мяне русафобкай”.

Людміла Міхайлаўна пацвярджае, што прыехала ў Беларусь з Ташкента, дзе нарадзілася ў сям’і ваенных. Але яе бацькі пераехалі туды на службу са Слуцка, а ў 90-х гадах вярнуліся на Радзіму. Натуральна, што ў дзяцінстве беларускую мову яна не вывучала. Але лічыць, што без мовы няма і нацыі, таму пачала цікавіцца гісторыяй Беларусі і вывучыла родную мову. Што будзе адказваць на скаргу кіраўніцтва Метрапалітэна, Людміла не ведае, але перакананая, што нічога, апроч звароту да Канстытуцыі, адказаць тут немагчыма.

“Аб’явы станцый у метро, аб’явы ў цягніках ідуць на беларускай мове, дык чаму ж ён на гэта не паскардзіўся? — абураецца жанчына. — Чаму яму не спадабалася менавіта тое, што жывы чалавек з ім загаварыў па-беларуску. Сёння мне забароняць размаўляць на роднай мове, а заўтра што? Атрымліваецца, гэта непавага да мяне, як да грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і носьбіта беларускай мовы”.

У сваім Facebook Зміцер Дашкевіч заклікаў усіх неабыякавых прыходзіць у метро і пісаць у кнізе скаргаў падзякі супрацоўнікам метрапалітэна за выкарыстанне беларускай мовы. Пакуль Еўрарадыё размаўляла з Людмілай, з’явіўся і першы жадаючы. “Ой, ну што вы робіце, навошта гэта трэба!” — адрэагавала Людміла Міхайлаўна, але адмовіць у выдачы кнігі скаргаў яна проста не мела права. Падзяку напісала і Еўрарадыё, а заадно зрабілі фота скаргі госця сталіцы. Вось яе тэкст:

“Считаю высказывания сотрудницы метро на белорусском языке навязыванием”

“Людмила Михайловна сказала, что она свои требования о досмотре вещей будет предъявлять только на белорусском языке. Когда я попросил гражданку Л.М. повторить просьбу на русском языке (в РБ равные права у двух языков), она ответила, что если я в Беларуси, обязан изъясняться на белорусском языке. Запись разговора с Л.М. я производил, о чем ей разъяснил. Считаю её высказывания навязыванием”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі