Sciana: Палову жыцця ў рок-н-роле
Аўтар тэкстаў і басіст гурта Андрэй Клімус пра эвалюцыю, адсутнасць стратэгіі, 15-годдзе і жыццё ў Брэсце.
Еўрарадыё: Некалькі гадоў таму стомленая ад безпесперспектыўнасці Sciana зрабіла заяву пра завяршэнне канцэртнай дзейнасці ў Беларусі. Прайшло 2 гады — з’яўляецца новы альбом з яўна акрэсленай пазіцыяй гурта — “мы застанемся тут і цяпер з нашай музыкай і нашай мовай”. Чаму ўсё ж памяняліся прыярытэты?
Андрэй Клімус: Ну, не тое, каб мы ўжо зусім спыняліся і нічога рабіць у Беларусі не збіраліся. Гэта была некалькі эмацыйная заява. Мы проста стаміліся — у нашай краіне цяжка граць рок-н-рол, гэта справа няўдзячная. І, мне здаецца, пэўная стомленасць назіраецца ў кожнага рок-музыкі, які грае тут. Да таго ж, выступаць у іншых краінах нам прыемней. Але ў выніку мы вырашылі супакоіцца і займацца сваёй справай тут. З іншага боку, у нас добрыя стасункі з польскімі і ўкраінскімі арганізатарамі канцэртаў. Вось, на сакавік запланаваныя гастролі ва Украіне і прэзентацыя альбома ў Варшаве.
Еўрарадыё: Наколькі паспяховыя гэтыя гастролі? Ці “кормяць” яны музыкаў “Сцяны”?
Андрэй Клімус: Ну, калі хапае, каб заліць паліва ў мой “майбах”, то “кормяць”. Я жартую, канечне (смяецца). Рок-н-рол — гэта такая рэч, якая больш патрабуе выдаткаў, чым можа пракарміць. У нас няма шоў-бізу, пры якім рок-н-рол можа карміць. Але ўсё ж такі, як бы мы весела не каталіся па іншых краінах, там мы не свае, там мы замежнікі і госці. І гэтыя наезды носяць часовы характар.
Еўрарадыё: Альбом “Мы застанемся” — своеасаблівы пераход гурта ад аднаго гучання да другога. На змену “фірмоваму” саксафону прыйшлі электронныя гукі. Па-вашаму, што згубіў і што набыў гурт з новым гучаннем?
Андрэй Клімус: Чалавек увесь час нешта губляе, знаходзіць, эвалюцыянуе. Немагчыма пражыць жыццё аднолькава. Цяпер у нас такі цікавы этап — хочацца паспрабаваць рабіць музыку па-іншаму. Я ўвогуле сёння пасядзеў-прыкінуў: мы пачыналі граць рок-н-рол, калі нам было па 15 гадоў! А сёлета “Сцяне” ўжо спаўняецца 15 гадоў, а нам ужо па 30-цы, ну, плюс-мінус. Атрымоўваецца, што мы ўжо палову жыцця ў рок-н-роле! Гэта шмат. І не можа быць такога, каб за гэты час нічога не змянілася. Выдатна, што наш касцяк — тры чалавекі — ад самага пачатку не змяняецца. А ўсё астатняе можа рухацца туды-сюды. Зямное жыццё яно такое, не стаіць на месцы.
Еўрарадыё: Sciana — аматары дуэтаў з іншымі музыкамі. Чым вас прываблівае падобная песенная форма? Які дуэт з’яўляецца для вас самым трапным ці самым дарагім?
Андрэй Клімус: Заўжды вельмі прыемна сыграць з іншай бандай, таму што песня, да якой ты прызвычаіўся, гучыць па-іншаму. Вось з “Роліксамі” наша песня “Беларусь-Україна” атрымалася вельмі ўдалай. Падобныя тандэмы даюць новы досвед і адчуванні, і асабліва цікава глядзець, як гэта ўсё рэалізуецца на канцэртах.
Еўрарадыё: Пласцінка выдадзеная. Прэзентацыя адыграная. Што цяпер? Як плануеце рухацца далей?
Андрэй Клімус: Мы такі гурт, які даўно не малюе стратэгічных планаў, бо ў гэтым няма ніякага асаблівага сэнсу. Ну, прынамсі музыкі падобных планаў не малююць, бо мы крыху ўсе разгільдзяістыя хлопцы, і ўсё, што мы робім, адбываецца неяк эвалюцыйна. То бок, калі наспяваюць нейкія змены, тады нешта і адбываецца.
Еўрарадыё: Як жывецца гуртам у Брэсце? Наколькі рэальна ствараць у невялікім горадзе? З якімі праблемамі даводзіцца сустракацца?
Андрэй Клімус: (смяецца) Якая розніца, у якім горадзе? Галоўнае, каб было жаданне, была пруха і каб нешта свярбела ў тым месцы, якое адказвае за розныя творчыя здабыткі. А калі яно свярбіць, значыць, усё атрымаецца. Калі параўноўваць Брэст з Мінскам, то, натуральна, што адчуваецца розніца. Бываюць праблемы з нейкімі камерцыйнымі кропкамі, але гэта ўсё вырашаецца. Галоўнае, каб было жаданне, таму што звычайна перашкоды чалавек сам прыдумляе ў сваёй галаве, каб неяк апраўдаць сваю бяздзейнасць. Калі ж ён хоча нешта рабіць, нішто асабліва яму не перашкодзіць.
Еўрарадыё: Ці можна казаць пра нейкую салідарнасць брэсцкіх музыкаў? Ці сустракаецеся вы з калегамі па цэху на планёрках-лятучках, ці абмяркоўваеце навіны сусветнай музыкі?
Андрэй Клімус: Безумоўна, мы адзін з адным тусім, сябруем, сустракаемся на канцэртах калег. Асабліва музыкі нашага пакалення. Ну, планёркі — пасядзелі, па шклянцы малака выпілі, пагутарылі. Увогуле, у Брэсце ёсць шмат цікавых маладых гуртоў, і добра, што з’яўляюцца энтузіясты ў такіх невялікіх гарадах.
Еўрарадыё: Як выглядае жыццё прыхільніка беларускай музыкі ў Брэсце? Ці ёсць куды пайсці патусіць? Наколькі берасцейцы цікавяцца культурным жыццём горада?
Андрэй Клімус: Канцэрты ёсць! Здараецца нават, што нейкія дзве падзеі выпадаюць у адзін дзень. Хоць мне здаецца, што гэта не зусім правільна. Бо для Брэста, дзе аўдыторыя можа быць адзінай рон-н-рольнай, рабіць 2 канцэрты адначасова — не добра. А пайсці куды ёсць, было б жаданне!
Еўрарадыё: Якую музыку ўвогуле слухаеце цяпер? Якія адкрыцці ў беларускай музыцы зрабілі для сябе ў апошні час?
Андрэй Клімус: Цяпер я асабліва ніякай музыкі не слухаю, бо няма на гэта часу. Калі ж ён здараецца, то я яго выдаткоўваю на сон, бо апошнім часам я вельмі мала сплю (смяецца). У мяне нядаўна нарадзілася дачушка. І я слухаю тое, што яна мне імкнецца сказаць, ўнікаю ў яе светаадчуванне і светаўспрыманне. І гэта самая прыемная музыка, якая для мяне можа быць.
Еўрарадыё: Ці бачыце свой гурт праз 10 гадоў? Ці хопіць сіл, энергіі і імпэту далей ствараць?
Андрэй Клімус: Ой, не ведаю. Цяпер у нас такі ўзрост, калі цяжка зазіраць наперад, асабліва на такі доўгі тэрмін. 10 гадоў… Мне здаецца, што павінна быць нейкая дзвіжуха і далейшы рух. Але так далёка зазіраць не хачу.
Еўрарадыё: Зазірнем тады бліжэй. Сёлета вы святкуеце 15-годдзе. Што збіраецеся замуціць з гэтай нагоды?
Андрэй Клімус: Наколькі я ведаю, наш дырэктар Зміцер Назараў збіраецца звязаць сёлетні Men’s Fest з 15-годдзем “Сцяны”. Гэта будзе не наш бенефіс, а адна з частак фэсту, прымеркаваная да юбілею нашай рок-н-рольнай дзейнасці. Мы хочам запрасіць шмат знаёмых гуртоў, як украінскіх, так і польскіх, і зладзіць вялікае незвычайнае паці.
Еўрарадыё: Да гэтай падзеі, можа, выпусціце некалькі новых песень?
Андрэй Клімус: Натуральна, новыя песні ў нас ёсць. І да восені, часу, калі адбудзецца Men’s Fest, мы іх выдадзім.
Еўрарадыё: І апошняе, як будзеце Даваць рады 7 лютага?
Андрэй Клімус: Як заўжды! З рок-н-ролам, драйвам і песнямі з новага альбома!