Падчас фэсту “Даём рады” у Віцебску гурт “Sciana” здыме кліп

Брэсцкі гурт Sciana здыме live-video у Віцебску! Здымкі адбудуцца падчас сэту каманды на фестывалі “Даём рады ў Віцебску”. Як сцвярджае мэнэджмент гурта, трапіць у аб’ектыў відэакамеры можа любы!

Новае відэа "Сцяны" будзе здымацца на песню "Паверыць сабе", якая была прэзентаваная ў траўні і распавядае пра тое, што ўсе праблемы — у нашых галовах, яны больш надуманыя, чым рэальныя. Здымкі будуць праходзіць у фармаце live-backstage і зафіксуюць гастрольны дзень каманды з усім, што адбываецца вакол.

Падчас фестывалю таксама будуць разыграныя некалькі асобнікаў рамана “Мова” Віктара Марціновіча, будзе завершаны конкурс на лепшы фотаздымак з віцебскім стрыт-артам. Пераможцаў абяруць і ўзнагародзяць самі музыкі. А да таго ж, наведвальнікаў чакаюць сюрпрызы ад Еўрарадыё.

Акрамя гэтага, у легендарным віцебскім клубе “Чердачок” пройдзе вечарынка — неафіцыйная афтэ-паці пасля фестывалю. Усе наведвальнікі “Даём рады” змогуць трапіць на яе з вялікай зніжкай. Таму раім вам захоўваць квіткі! Вечарынка пачнецца ў 22:00 і працягнецца прыкладна да 3-х гадзін раніцы.

Абяцаем шмат святла, шмат гуку і сонечнае надвор’е! Сустрэнемся на канцэрце!

Нагадаем, што ў лайн-апе віцебскага фэсту "Даём рады" — каманды з розных куткоў Беларусі: магілёўцы Akute, бярозаўцы :B:N:, брэстаўчане Sciana і легендарныя мінчане "Крама". Кампанію рэзідэнтам фэстаў Еўрарадыё складзе віцебскі гурт The Bright Insight, які створаны адносна нядаўна, але яго лідар Мікіта Гушчанка ўжо заслужыў званне славутасці віцебскай андэграўнднай сцэны:

Фестываль "Даём рады" пройдзе 4 кастрычніка ў круглай зале КЗ "Віцебск". Пачатак у 18.00. Кошт квіткоў — 100-150 тысяч рублёў. Іх ужо можна набыць у касах канцэртнай залы і касах горада.

Даведкі: +375 29 894 05 17

Акрэдытацыя: [email protected]

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі