“Сем сімптомаў беларускасці”: пра што фільм з удзелам зорак беларускіх дэмсілаў
Святлана Ціханоўская і Якаб Валенштайн у фільме "Сем сімптомаў беларускасці"
Ці можаце вы сабе ўявіць ігравы фільм, у якім палітычны аналітык Арцём Шрайбман грае псіхааналітыка, а ў эпізодах можна пабачыць Святлану Ціханоўскую, Анатоля Лябедзьку і іншых палітыкаў, дыпламатаў, актывістаў, экспертаў з асяродку беларускіх дэмакратычных сілаў?
Не спяшайцеся адказваць, бо такі дзіўны праект пад назвай “Сем сімптомаў беларускасці” ўжо стварылі беларускі офіс нямецкага Фонду Конрада Адэнаўэра і выданне “Маланка Медыя”, і ён хутка з’явіцца ў сеціве.
Еўрарадыё ад сваіх крыніц атрымала копію стужкі, паглядзела яе, а таксама паразмаўляла з яе стваральнікам Якабам Валенштайнам (ён жа кіраўнік беларускага офісу фонду) — і цяпер расказвае, пра што кіно, навошта яно здымалася і наколькі якаснае відовішча хутка чакае гледачоў.
Рэп пра Беларусь і псіхааналітычная размова
Што да сюжэту, то ён у “Сямі сімптомаў” даволі просты — аднае раніцы Якаб Валенштайн у вобразе самога сябе прыходзіць з праблемай да прыватнага псіхатэрапеўта Гастона, якога грае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
Мужчыну турбуюць дзіўныя сімптомы незразумелай хваробы. Падчас размовы ён расказвае, як трапіў у Беларусь праз працу і закахаўся ў яе (тут нават ёсць рэп-выступ Валенштайна з гэтай нагоды), разважае пра яе гісторыю, мову, эканоміку, культуру, еўропаарыентаванасць, актуальны палітычны крызіс.
Развагі кіраўніка нямецкага фонду падмацоўваюць перыядычныя экспертныя стэндапы і асветніцкія перформансы: эканаміста Дзмітрыя Крука з цэнтра BEROC, прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліны Коўшык, заснавальніка Цэнтра новых ідэй Рыгора Астапені, праваабаронцы Леаніда Судаленкі, сацыёлага Андрэя Вардамацкага і шмат каго яшчэ.
Разбаўляюць гэты паток даведкавай інфармацыі пра Беларусь жарты ад акцёра Міхася Зуя ў вобразе чыноўніка з ютуб-праекта “ЧынЧынЧэнэл”, музычныя выступы Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна, а таксама нарэзка кадраў з удзелам прадстаўнікоў беларускіх дыяспар і замежных дыпламатаў, якія падтрымліваюць Беларусь і спяваюць.
У самым канцы Гастон-Шрайбман прыходзіць да высновы, што Якаб ні на што не хварэе, а яго “хвароба” — гэта беларуская ідэнтычнасць, якая з’явілася ў замежніка праз любоў да краіны. І Валенштайн, выдыхнуўшы, просіць сабе тры келіхі віна: белага, чырвонага і белага.
Капуснік дэмакратычных сіл
Калі пасля апісання сюжэта вы ўсё роўна нічога не зразумелі, то ведайце: вы не самотныя. Нават пасля прагляду даволі складана ўсвядоміць, што ж за праект атрымаўся ў Якаба Валенштайна і яго паплечнікаў.
Відавочны асветніцкі імпэт стваральнікаў: праз музыку, інфармацыю, спевы і жарты расказаць у фармаце экспрэс-знаёмства замежным гледачам (а менавіта яны асноўная аўдыторыя фільма), што Беларусь — сапраўды еўрапейская дзяржава.
Як краіна шырока распаўсюджаных медыйных клішэ Беларусь вызначаецца як апошняя дыктатура Еўропы, хаўрусніца Крамля ў вайне з Украінай і адна з небагатых дзяржаў свету, дзе за кратамі трымаюць рэкордную колькасць палітвязняў.
Памкненне пахвальнае, вось толькі абраная форма выглядае недарэчнай.
Па сутнасці, “Сем сімптомаў” — гэта тыповы студэнцкі капуснік, у які панапіхвалі процьму публічных асобаў з дэмакратычнага асяродку: ад палітыкаў і палітолагаў да комікаў і музыкаў. Ёсць нават Святлана Ціханоўская, якая дапамагае Валенштайну знайсці дарогу ці то ў Беларусь, ці то ў мінскі офіс на сустрэчу, на якую той моцна спазніўся.
Не да канца зразумела толькі, навошта гэта зрабілі. Атрымаўся танны аналаг кінасусвету Marvel, дзе замест герояў з кінакоміксаў глядач будзе ў кожным кадры пазнаваць чарговую публічную асобу з прасторы незалежных СМІ.
У “Сямі сімптомаў” таксама праблемы з інтанацыяй аповеду. Удзельнікі фільма або спяваюць, іранізуюць і жартуюць у розных тональнасцях, або з сур’ёзным выглядам расказваюць свае гісторыі.
І ў гэтым хаваецца асноўная праблема, бо невядома, як рэагаваць на паказанае на экране: ці смяяцца ўслед за ўсімі, ці паспрабаваць адрэфлексаваць пачутае.
Аўтары не збаўляюць абаротаў і зразумелых акцэнтаў не робяць, што толькі павялічвае адчуванне разгубленасці і няёмкасці. Асабліва калі бачыш чарговую адсылку да бела-чырвона-белага сцяга, вышыванкі ці дранікаў.
Месцамі стужка сапраўды выглядае міла і натхняльна, аднак большую частку часу ты глядзіш канцэнтраваны этнакітч, які падкрэслівае прывабнасць і еўропаарыентаванасць Беларусі, часам пераходзячы ў адкрыты фарс.
Відавочна, што стратэгія перамагчы негатыўныя медыйныя клішэ пра Беларусь пазітыўнымі пацярпела фіяска.
Хацелася б убачыць фільм, які перадасць складанасць і непаўторнасць краіны, зняты гэтак жа складана і непаўторна, а не як аматарская самадзейнасць у стылі хатняга відэа, якое падыходзіць для прагляду толькі ў коле блізкіх сяброў.
Гэтую задачу варта было б даручыць прафесійным кінематаграфістам, здольным распрацаваць глыбокую канцэпцыю і напісаць сцэнар, але на гэта цяпер няма ні фінансавання, ні магчымасцяў.
А пакуль толькі і застаецца, што глядзець “Сем сімптомаў беларускасці”.
“Многіх гледачоў кранула, некаторыя плакалі”
Каб расставіць усе кропкі над "і", мы далі слова Якабу Валенштайну, каб ён расказаў, як яго каманда стварала праект і якіх мэтаў ім удалося дасягнуць.
“Спачатку праца з Беларуссю была для мяне проста працай: мой фонд скіраваў мяне сюды з Германіі. Але ў паездках па краіне ў 2019 і 2020 гадах мяне ўразілі людзі і культура. Большасці людзей у Германіі гэта невядома, і мне захацелася падзяліцца гэтым адкрыццём на радзіме. Адна з задач нашага фонду — распаўсюджваць інфармацыю пра краіну, дзе мы працуем, таму з 2019 года мы зрабілі некалькі праектаў, уключаючы музычныя відэа пра Беларусь з Лявонам Вольскім і камедыйнае шоу ў стылі амерыканскага late night show. Станоўчыя водгукі і сустрэча з цікавымі людзьмі натхнілі мяне зрабіць нешта буйное. Мне хацелася стварыць партрэт беларусаў, і я вырашыў зрабіць гэтае кіно”, — тлумачыць суразмоўца.
Мэтавая аўдыторыя “Сямі сімптомаў беларускасці” — заходнія гледачы, таму ён на англійскай мове.
“Там ёсць спасылкі на заходнюю масавую культуру, напрыклад “Зорныя войны”, а таксама гістарычныя прыклады, як Берлінская сцяна. Фільм прадстаўляе Беларусь як еўрапейскую краіну, падобную на дзяржавы Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, і звернуты да тых, хто цікавіцца Усходняй Еўропай ці мае сувязь з Беларуссю. Спадзяюся, фільм будзе шырока глядзецца і што людзі таксама захочуць асабіста паглыбіцца ў веды пра гэтую краіну”.
Паколькі здымкі былі "ўнутранай ініцыятывай", бюджэт праекта аказаўся сціплым — каля 25 тысяч еўра. За такія грошы сапраўды нямногае можна зняць.
“Многія ўдзельнікі далучыліся да праекта бясплатна, бо ім спадабалася ідэя. Вялізны аб'ём працы выканалі я і мая каманда: мы раздрукоўвалі фігуры, стваралі 3D-анімацыю і распрацоўвалі дэкарацыі ў выходныя дні і ноччу. Да стварэння фільма таксама далучыліся беларускія калегі і эксперты, такія як “Маланка Медыя” і Міхась Зуй з “ЧынЧынЧэнэл”, што дапамагалі дапрацоўваць сцэнар і дыялогі. А Лявон Вольскі запісаў дзве песні і нават стварыў адну новую спецыяльна для праекта”.
Валенштайн кажа, што першыя паказы ўжо прайшлі ў Берліне, Варшаве і Вільні — і выклікалі водгукі захаплення.
"Многіх гледачоў кранула, некаторыя плакалі, успамінаючы падзеі 2020 года, боль і міжнародную падтрымку”.
Фільм плануюць выкласці на Ютубе і будуць прапаноўваць гледачам і беларускім дыяспарам ва ўсім свеце.
“Калі фільм зможа хоць трохі дапамагчы заходнім гледачам убачыць Беларусь як еўрапейскага суседа, праект перасягне ўсе нашы чаканні!” — падсумоўвае Якаб.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.